Комфорт для занятий лепельских спортсменов

g-popovaНаш горад можа пахваліцца вялікай колькасцю спартсменаў-дзюдаістаў. У Лепелі запатрабаваны гэты від спорту і ў першую чаргу з-за вельмі моцнага трэнерскага складу.

Даведалася, што ў бліжэйшы час юныя дзюдаісты будуць займацца ў абноўленых спартыўных памяшканнях. Спяшаюся, каб на свае вочы ўбачыць, што там ужо зроблена.

На ганку мяне гасцінна сустрэла трэнер Галіна Папова і правяла невялікую экскурсію. Да свайго сораму, раней не даводзілася тут бываць, хоць і сама неаднаразова пісала пра гэтую спартыўную сям’ю і дасягненні іх выхаванцаў.

Забягу наперад і адзначу, што зроблена тут дастаткова, каб дзеці займаліся ў камфортных умовах.

Пра рамонт

У мінулым годзе за кошт мясцовага бюджэту КУПП “Бароўка” быў якасна адрамантаваны дах, а таксама заменена электраправодка. У вялікай зале Галіна Мікалаеўна мне адразу ўключыла святло і расказала пра важнасць яго на занятках. Сапраўды, асвятленне павінна адпавядаць нормам: быць добрым і раўнамерным над усёй пляцоўкай, без прамога траплення ў вочы таму, хто займаецца.

— У бягучым годзе Віцебскай абласной цэнтральнай СДЮШАР прафсаюзаў па барацьбе «Волат» былі закуплены будаўнічыя матэрыялы для капітальнага рамонту. Аднак не хапала сродкаў, каб пачаць гэтую важную справу. Дырэктар СДЮШАР Анатоль Іванавіч Лютэнка звярнуўся за дапамогай да старшыні райвыканкама, які адразу ўзяў пытанне на асабісты кантроль і дапамог вырашыць праблему. Ужо на наступны дзень Міхаіл Леанідавіч наведаў залу, там жа быў абмеркаваны і фронт работ. Вельмі прыемна, што мясцовая ўлада чуе нашыя просьбы і адгукаецца на іх.

За месяц шмат зроблена ў памяшканнях для заняткаў юных спартсменаў. Заменены пяць акон на сучасныя шклопакеты, дзе патрабавалася, пакладзена на пол прыгожая плітка. Хутка спецыяльная плітка будзе і на ганку.

Прыбіральня набыла сучасны выгляд і стала больш прасторнай.

Асабліва мне спадабаўся колер сцен, які ва ўсіх памяшканнях падабраны з густам і па сучасных тэндэнцыях. Непазнавальнай стала і столь — яна цяпер падвясная з прыгожымі, яркімі свяцільнямі.

Трэнажорная зала змяніла сваё аблічча дзякуючы ламінату, які быў пакладзены некалькі тыдняў таму, і спакойнаму колеру сцен.

Тут хочацца адзначыць правільную арганізацыю прасторы, бо ад размяшчэння трэнажораў і інвентару залежаць не толькі поспехі выхаванцаў, але і іх здароўе і бяспека.

Яшчэ адна прыемная навіна: у юных спартсменак з’явілася раздзявальня. Дадатковае памяшканне было перададзена ў карыстанне дзюдаістам дзякуючы, зноў жа, хадайніцтву кіраўніка раёна. Раней дзяўчатам даводзілася пераапранацца ў праходным пакоі.

Дзе патрабавалася, заменены дзверы, ракавіны, унітазы, хутка з’явіцца і душавая кабінка. У холе ўжо кладзецца лінолеум.

— Мы вельмі ўдзячныя старшыні райвыканкама Міхаілу Кісялевічу, а таксама работнікам прыватнага сэрвіснага унітарнага прадпрыемства “Малееў-Сэрвіс” і асабліва яго кіраўніку Ільі Сяргеевічу, які пайшоў нам насустрач і зрабіў вялікую зніжку.

Цяпер у дзяцей, ды і ў нас, трэнераў, вельмі камфортныя ўмовы для заняткаў і працы. Для поўнага шчасця не хапае толькі саўны, — смяецца мая суразмоўца.

Сямейная справа жыцця

Трэнераў па дзюдо і самба Віцебскай абласной цэнтральнай СДЮШАР прафсаюзаў па барацьбе «Волат» Галіну і Георгія Паповых ведаюць далёка за межамі нашага горада. Гэта спартсмены і настаўнікі адначасова, якія бязмерна любяць дзяцей і тое, чым займаюцца ўсё сваё жыццё. І гэта не галаслоўныя фразы, вынікі іх дзейнасці адзначаюць не толькі на абласным і рэспубліканскім узроўні, а нават і міжнародным.

З 1987 года сям’я Паповых пражывае ў Лепелі. З 1989 года, дзякуючы Георгію Эдуардавічу, працуе аддзяленне СДЮШАР прафсаюзаў па дзюдо і самба ў горадзе. З тых часоў на прафесійным узроўні яны навучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак прыёмам дзюдо і самба.

Не аднойчы расказвалі на старонках газеты пра дасягненні іх выхаванцаў, цяпер ужо вядомых спартсменаў, і ўсё ж хочацца яшчэ раз нагадаць. Максім Джамілашвілі стаў майстрам спорту міжнароднага класа, бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па дзюдо і неаднаразовым прызёрам чэмпіянату Еўропы і свету па самба. Кацярына Філіновіч — прызёрка чэмпіянату Еўропы і свету па самба і дзюдо, неаднаразовая чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь. Яўген Міхно — майстар спорту па самба, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы па самба сярод моладзі. Мікіта Старавойтаў — шматразовы чэмпіён Рэспублікі Беларусь сярод юнакоў і юніёраў, а ў гэтым годзе адабраны на чэмпіянат свету па дзюдо сярод моладзі.

Галіна Мікалаеўна і Георгій Эдуардавіч — таленавітыя людзі. Спіс дасягненняў іх трэнерскай дзейнасці здзіўляе сваімі маштабамі. Выхаванцы школы кожны год прывозяць годныя ўзнагароды.

Упэўнена, многія бацькі вельмі ўдзячныя гэтай сям’і за выхаванне дзяцей, іх добрую фізічную падрыхтоўку і душэўную загартоўку.

Як адзначае сям’я Паповых, для трэнера важныя не толькі высокія вынікі на спаборніцтвах, а і каб выхаванцы ў будучым сталі годнымі людзьмі, моцнымі духам, сумленнымі і справядлівымі, каб тэхніку барацьбы выкарыстоўвалі для абароны слабых.

Разам з бацькамі рыхтуе да будучых перамог юных спартсменаў Аляксей Папоў, які таксама стаў сапраўдным прафесіяналам у гэтай агульнай справе.

Прыемна, што ў нашым раёне шмат робіцца для таго, каб вырасціць здаровае і годнае пакаленне.

Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.