Комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання КУВП “Бароўка” ў аграгарадку Стаі вабіць сваім дагледжаным, добраўпарадкаваным выглядам

591Комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання КУВП “Бароўка” ў аграгарадку Стаі вабіць сваім дагледжаным, добраўпарадкаваным выглядам. Дзверы прыгожыя і шчыльныя. Сцены ўнутры будынка абабіты сайдынгам, вокны — шклопакеты. У двух асобных пакоях размешчаны пральня з адпаведным абсталяваннем і прапануюцца неабходныя рэчы для выканання рытуальных паслуг.

Прыёмная зала ўражвае сваімі памерамі, хапае месца для спецыяльнага крэсла і размяшчэння абсталявання для працы цырульніка, швейнай машынкі для рамонту ­адзення. Спецыяльныя шафы ўздоўж сцяны прызначаны для зручнай выкладкі вырабаў, прызначаных для продажу. Складаная бытавая тэхніка і іншыя рэчы прапануюцца напракат. Ветліва сустракае наведвальнікаў загадчыца комплекснага прыёмнага пункта Наталля Шэпель.

— Што можна ўзяць напракат?

— Напрыклад, халадзільнік. Рэч, без якой не можа абысціся ніякая гаспадыня. Праўда, непасрэдна на комплексным прыёмным пункце я цяпер магу прапанаваць толькі адзін халадзільнік, астатнія сем знаходзяцца зараз у кліентаў, у асноўным мясцовых маладажонаў, якія адносна нядаўна ўтварылі сем’і.

З нашай дапамогай можна на пэўны час і за адносна невялікую плату абзавесціся і тэлевізарам айчыннай вытворчасці “Гарызонт”, дзіцячай каляскай, спецыяльным крэслам у легкавую аўтамашыну для перавозкі малога дзіцяці, разнастайным турыстычным рыштункам і многімі іншымі рэчамі, якія патрэбны ў паўсядзённым ужытку. Дарэчы, на зімовы перыяд у нас ёсць лыжы і канькі.

— Ці прыжыліся пральныя паслугі?

— Некаторыя вяскоўцы ўжо сталі нашымі пастаяннымі кліентамі, не набываюць пральныя машыны, а карыстаюцца нашымі паслугамі.

— Які аб’ём бытавых паслуг разам з гандлёвым тавараабаротам быў аказаны летась?

— Каля 60 мільёнаў рублёў, у тым ліку толькі паслуг па пракаце было аказана на дзевяць мільёнаў.

— Як справы ў асабістым жыцці?

— Замужам. Маю двое дзяцей і аднаго ўнука.

М. АЗЁРНЫ.

На здымку: загадчыца комплекснага прыёмнага пункта бытавога абслугоўвання КУВП “Бароўка” аграгарадка Стаі Наталля Шэпель.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.