Конкретные дела — на виду

dsc_0060Прайшло чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага
Савета дэпутатаў і райвыканкама. Пра вынікі
выканання пратакола даручэнняў, дадзеных у ходзе
правядзення Дня Лепельскага сельсавета, расказаў
Васіль Шапка, старшыня Лепельскага
сельскага выканаўчага камітэта.

Асноўныя пытанні, якія хвалююць жыхароў дадзенага сельсавета, — гэта падсыпка, грэйдаванне і рамонт дарог,
ачыстка грамадскіх студняў, выдаленне кустоўя, вываз смецця і іншыя. Многія з праблемных пытанняў вырашаюцца хутка, на некаторыя ж патрабуецца дадатковы час. Аднак, трэба адзначыць, ні адна праблема жыхароў нашага раёна не застаецца не заўважанай, па кожнай кіраўнікам адпаведных службаў дадзены заданні ў адпаведны тэрмін іх вырашыць.
Пра вынікі правядзення сходаў і сустрэч на тэрыторыі Горскага сельсавета, пра звароты грамадзян, якія паступілі ў ходзе іх правядзення, паведамілі на пасяджэнні адказныя выканаўцы.
Пра работу, якая праводзіцца на тэрыторыі Горскага сельсавета па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва, расказала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна Наталля Іванова.
На тэрыторыі сельсавета зарэгістравана 43 адзінокія пажылыя грамадзяніны і 398 пажылых грамадзян, якія адзінока пражываюць.
dsc_006039 грамадзянам аказваюцца сацыяльныя паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання на доме. З іх сем адзінокіх, тры інваліды другой групы, адзін інвалід трэцяй групы, а таксама 28 грамадзян, якія адзінока пражываюць. 33 грамадзяніны абслугоўваюцца за поўны кошт, шэсць — на ўмовах частковай аплаты. Таксама аказваюцца паслугі сядзелкі двум грамадзянам (адзін адзінокі інвалід першай групы і адзін, які адзінока пражывае).
Пяць населеных пунктаў Горскага сельвыканкама ахоплены сацыяльным абслугоўваннем. У вёсцы Новазаслонава атрымлівае дапамогу сацработніка 32 чалавекі, у Межыцы — чатыры, вёсках Будзішча, Гарадчэвічы, аграгарадку Горкі — па адным чалавеку.
ТЦСАН пастаянна ўзаемадзейнічае з сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Так, з сямю старэйшынамі Горскага сельвыканкама вядзецца актыўная работа па прадастаўленні інфармацыі пра грамадзян, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Супрацоўнікі сельвыканкама таксама аказваюць садзейнічанне ў выяўленні грамадзян, якім патрабуецца сацыяльная падтрымка, у абследаванні іх жыллёва-бытавых умоў, інфармуюць насельніцтва пра віды сацыяльнай дапамогі.
Пра выкананне зямельнага заканадаўства на тэрыторыі Горскага сельсавета расказала Ганна Анжанкова, галоўны спецыяліст аддзела землеўпарадкавання райвыканкама.
Агульная плошча ў межах Горскага сельсавета складае 95 тысяч гектараў. На тэрыторыі сельсавета размешчана 19 населеных пунктаў і 391 домаўладанне.
Для будаўніцтва і абслугоўвання жылых дамоў грамадзянам прадастаўлена 89 гектараў, для вядзення асабістай гаспадаркі — 118 га, для сенакашэння і выпасу сельскагаспадарчай жывёлы і агародніцтва — 24 гектары. У сярэднім на адну сельскую сям’ю даводзіцца 0,59 гектара ворыва.
Па выніках апошняга абследавання, у межах сельскіх населеных пунктаў земляў, якія пустуюць і якія можна перадаць у вядзенне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, не выяўлена.
Горскім сельвыканкамам сумесна з аддзелам землеўпарадкавання праводзіцца работа па захаванні зямельнага заканадаўства, добраўпарадкаванні і паляпшэнні санітарнага стану замацаваных тэрыторый населеных пунктаў за суб’ектамі гаспадарання з указаннем дакладных межаў для падтрымання парадку, праводзяцца падворныя абходы домаўладанняў грамадзян па навядзенні належнага парадку на прыдамавых тэрыторыях і прысядзібных зямельных участках.
Так, сёлета па выніках абследаванняў і выяўленых парушэннях было выдадзена 13 прадпісанняў, з іх шэсць — грамадзянам, адно — юрыдычнай асобе. Складзена пяць пастаноў аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу за невыкарыстанне зямельнага ўчастка, аформлены адзін пратакол у суд, па якім прынята станоўчае рашэнне аб адміністрацыйным спагнанні ў выглядзе штрафу.
У выніку апошняга абследавання сельскіх населеных пунктаў Горскага сельсавета, якое было праведзена першага верасня бягучага года, па выяўленых парушэннях грамадзянам выслана шэсць павестак для складання пастаноў аб адміністрацыйным правапарушэнні за невыкарыстанне зямельнага ўчастка, што вядзе да зарастання земляў.
Адным з важных накірункаў работы па землеўпарадкаванні з’яўляецца выяўленне свабодных участкаў для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. На першага жніўня бягучага года на сайце райвыканкама ў пералік свабодных (незанятых) зямельных участкаў па тэрыторыі Горскага сельсавета ўключаны 43 участкі агульнай плошчай 15,9 гектара, якія могуць быць прадастаўлены грамадзянам для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома.
Пра стан правапарадку на тэрыторыі Горскага сельсавета расказаў участковы інспектар аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Сяргей Семянько.
На тэрыторыі адміністрацыйнага ўчастка Горскага сельсавета, які абслугоўваецца, за сем месяцаў бягучага года адбылося зніжэнне злачынстваў з 21 у 2018 годзе да 11 — у 2019-м. Раскрыта — сем. Па лініі крымінальнага вышуку здзейснена пяць злачынстваў (у 2018 — дзевяць). Колькасць крадзяжоў у бягучым годзе дасягнула пяці, чатыры з іх раскрытыя.
З аналізу здзейсненых злачынстваў вынікае, што асноўнымі фактарамі, якія негатыўна ўплываюць на склад крымінагеннай сітуацыі, застаюцца п’янства, асацыяльныя паводзіны асобных грамадзян, працоўная незанятасць, неўладкаванасць сямейнага і бытавога жыцця. На момант здзяйснення злачынстваў асобы знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, у большасці выпадкаў законапарушальнікі не працуюць.
У сельсавеце работнікамі РАУС сумесна з Саветам грамадскага пункта аховы правапарадку арганізавана выхаваўча-прафілактычная работа з насельніцтвам, каб папярэдзіць п’янства і алкагалізм. У мінулым годзе праведзена сем пасяджэнняў, на якіх разглядаліся грамадзяне, якія не працуюць. З імі праводзіліся прафілактычныя гутаркі, аказвалася дапамога ў працаўладкаванні. Грамадзяне, якім патрабавалася дапамога, накіроўваліся на лячэнне ў Лепельскую аблпсіхбальніцу. Было вырашана і далей працягваць прафілактычную работу з гэтай катэгорыяй грамадзян.
Пра стан і развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на тэрыторыі Лепельскага раёна расказала Святлана Палячэнка, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.
Па стане на першага верасня бягучага года на тэрыторыі нашага раёна зарэгістраваны 851 суб’ект малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, у тым ліку 193 сярэднія, малыя арганізацыі і 658 індывідуальных прадпрымальнікаў.
За восем месяцаў бягучага года зарэгістравана 12 новых юрыдычных асоб і 68 індывідуальных прадпрымальнікаў (у 2018 годзе за такі ж перыяд — пяць юрыдычных асоб і 50 індывідуальных прадпрымальнікаў). З 12 зарэгістраваных юрыдычных асоб чатыры плануюць займацца вытворчасцю тавараў, дзве — гандлем і шэсць — аказаннем паслуг. З 68 індывідуальных прадпрымальнікаў дзевяць ажыццяўляюць пэўны від вытворчай дзейнасці, 17 — займаюцца гандлем і 42 — аказаннем паслуг.
Арганізацыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва раёна маюць высокі экспартны патэнцыял. За студзень — чэрвень бягучага года імі адгружана на экспарт тавараў на суму 766,8 тысячы долараў ЗША, аказана паслуг на 414,8 тысячы долараў ЗША.
У цяперашні час прыняты шэраг нарматыўна-прававых актаў з мэтай аказання суб’ектам гаспадарання падтрымкі для арганізацыі свайго бізнесу. Так, адным з іх з’яўляецца парадак распараджэння і кіравання дзяржаўнай маёмасцю. Ён прадугледжвае продаж аб’ектаў з паніжэннем пачатковай цаны на 20 працэнтаў ад кошту маёмасці, а таксама продаж аб’ектаў нерухомасці з пачатковай цаной продажу ў адну базавую велічыню, а таксама перадачу маёмасці пад рэалізацыю інвестыцыйнага праекта. Дэкрэтам №6 “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх паселішчаў, сельскай мясцовасці” ўстаноўлены льготны рэжым у падаткаабкладанні, мытных выплатах, набыцці ва ўласнасць дзяржаўнай маёмасці і іншых сферах.
Пра работу камісіі па справах непаўналетніх па прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх раёна расказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Таццяна Часнакова.
Па кожным пытанні прыняты адпаведныя рашэнні.
* * *
У гэты ж дзень члены прэзідыума раённага Савета дэпутатаў на чале са старшынёй Ігарам Урбанам наведалі Горскі сельсавет, дзе пабывалі на многіх аб’ектах.
Наведалі харчблок і сталовую Заслонаўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна. Таццяна Іванова, дырэктар установы, з гонарам распавяла пра вялікі рамонт, які зроблены. Члены прэзідыума на свае вочы ўбачылі, у якой прыгожай і дыхтоўнай сталовай дзеці набіраюцца моцы, каб далей сесці за парты і атрымліваць веды. Такім харчблокам на самой справе можна ганарыцца.
Наступным аб’ектам быў вучэбны корпус палігона вайсковай часці 71327. Начальнік палігона падпалкоўнік Аляксандр Клімовіч правёў экскурсію па ім. Палігон быў сфарміраваны 20 мая 1947 года, якраз у пасляваенныя часы, дзейнічае да сённяшняга дня. Плошча яго складае пяць з паловай тысяч гектараў. На гэтым палігоне могуць выкарыстоўвацца амаль усе віды ўзбраення, за выключэннем бомбакідання самалётам і сістэм залпавага агню.
Усе прысутныя адзначылі, што ўмовы пражывання ваеннаслужачых вельмі добрыя, не ў кожнага такі рамонт зроблены ў доме. Дарэчы, рамонт праводзілі самі ваеннаслужачыя.
У вольны час салдаты могуць пачытаць кнігі і часопісы. Для гэтага абуладкавана спецыяльнае памяшканне з бібліятэкай. Пакой бытавога абслугоўвання, сушылка — маюцца ўсе неабходныя зручнасці. Паглядзелі, у якіх класах і на якіх трэнажорах займаюцца салдаты. Без выдаткаў у іх можна навучыць выкананню нарматываў. Калі салдат атрымаў адзнаку не ніжэй за “добра”, ён дапускаецца да правядзення стрэльбаў з баявой тэхнікай.
Трэба адзначыць, што класы школьныя істотна адрозніваюцца ад класаў для салдатаў. У іх, на маю думку, цікавей. Тут знаходзяцца комплексныя трэнажоры, дзе можа займацца экіпаж БМП у поўным складзе.
Ларыса Шастакова, загадчыца Заслонаўскага яслі-сада Лепельскага раёна, правяла членаў прэзідыума па тэрыторыі ўстановы. Усе адзначылі, што праведзена вялікая праца па добраўпарадкаванні. Не кожны сад у вялікіх гарадах мае такі прывабны выгляд. Яно і зразумела: некалькі гадоў таму быў зроблены капітальны рамонт, хоць будынак і даваенны. Як адзначаюць бацькі выхаванцаў установы, у садзе заўсёды цёпла, утульна і камфортна.
Наведалі і цэх па вытворчасці мяккіх цацак “Фэнсі”. Кіруе таварыствам з абмежаванай адказнасцю “Фабрыка цацак” Уладзімір Варывончык. Праца — здзельна-прэміяльная. Сярэдняя колькасць работнікаў — 40 чалавек. Ёсць магчымасць працаўладкавацца і жыхарам вёскі Заслонава. Цацкі гэтай фірмы вядомыя далёка за межамі нашай краіны. У дадзены момант адшываюць цацкі-пацучкі. Напэўна, ідзе падрыхтоўка да Новага года.
А вось пра дзіцячую пляцоўку расказаў старшыня Горскага сельсавета Васіль Бадзяй. Элементы ўстаноўкі і добраўпарадкавання прысутныя ацанілі “на выдатна”, тым больш праца была наладжана такім чынам, што бацькі, бабулі і дзядулі самі прымалі ў ёй удзел. Частка абсталявання была перададзена са спартыўнага гарадка Горскай школы, якая ўжо зачынена. Ёсць яшчэ жаданне ўстанавіць каруселі і баскетбольнае кальцо. Хоць пляцоўка і невялікая, але шмат збірае дзяцей. Гоман і смех тут чуюцца цяпер нашмат часцей.
Наведалі і будынак сельсавета. Па сучаснаму абуладкаваныя кабінеты, на сцяне — шмат інфармацыі для наведвальнікаў і работнікаў, а таксама Дошка гонару, якая кожны год абнаўляецца.
Ва ўсіх прысутных засталіся толькі станоўчыя эмоцыі пра Горскі сельсавет. Была звернута ўвага на добра арганізаваную работу з жыхарамі, якія таксама ўдзельнічаюць у навядзенні парадку на зямлі. Так і павінна быць. Кожнаму грамадзяніну варта клапаціцца, каб наш раён выглядаў чыстым, утульным і прыгожым.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.