Корова на дворе — достаток на столе

balotnikiУ савецкія часы лічылася, што кароўка-карміцелька дазваляе значна палепшыць фінансавы стан чалавека, іншымі словамі,
дапамагае свайму гаспадару зарабіць яшчэ адну зарплату.У апошнія часы амаль не бачна пашаў, дзе пасвіліся б уласныя рагулі. Усё больш людзі ідуць за малаком у краму.

Звычка трымаць карову сыходзіць: пагалоўе буйной рагатай жывёлы на прыватных падворках скарачаецца з года ў год. Яно і зразумела, за жывёлінай трэба даглядаць: раненька ўстаць, падаіць, у сезон вывесці на травіцу, пачысціць у хляве. У абедзенны і вячэрні час таксама трэба каля яе пазавіхацца. А яшчэ ж і іншыя справы ёсць.
Даведалася, што ў вёсцы Поплаўкі жыве адзіная сям’я, якая трымае карову. Пах сырадою ў іх хаце яшчэ не забыты. Адразу захацелася пагутарыць з гаспадарамі.
Накіроўваюся да Тамары і Аляксандра Балотнікаў. Гасцінна сустрэўшы на ганку, гаспадар прапаноўвае прайсці ў хату, дзе і знаёмлюся з гаспадарамі.
Родам Тамара Мікалаеўна з Поплавак. Дзяцінства, па словах гаспадыні, было добрае і нават бесклапотнае. Маці маёй суразмоўцы Антаніна Прывада да вайны вучылася ў Лепельскім педвучылішчы, аднак не паспела яго скончыць. Пасля Вялікай Айчыннай працягнула адукацыю завочна і займалася пісьменнасцю дзяцей па хатах, як і ў большасці населеных пунктах. Вялікім шчасцем для жыхароў вёскі было адкрыццё Поплаўскай пачатковай школы. Можна сказаць, што Антаніна Іосіфаўна стаяла ля вытокаў адукацыі мясцовых дзяцей. Акрамя гэтага, жанчына прымала непасрэдны ўдзел і ў будаўніцтве ўстановы, у якой пазней і стала дырэктарам. Бацька Мікалай Іванавіч усё жыццё адпрацаваў учотчыкам у МТС. Быў вельмі працалюбівым чалавекам.
— Для мяне і маёй сястры заўсёды было прыкладам жыццё нашых бацькоў, якія разам вырашалі ўсе сямейныя пытанні, спраўляліся па гаспадарцы. Мы таксама імкнуліся паводзіць сябе добра, каб не было сорамна маці і бацьку. У вёсках настаўнікі і медыцынскія работнікі заўсёды былі паважанымі людзьмі, і мы гэтым ганарыліся.
У той час на кожным падворку мелася гаспадарка. Без каровы, напэўна, у вёсцы не ўяўлялася жыццё. У дзіцячыя абавязкі ўваходзіла ганяць на пасту карову і авечак, назбіраць травы, прапалоць у агародзе. Але гэта была звычайная вясковая праца ўсіх дзяцей, таму не ўспрымалася як штосьці надта складанае.
Звярнула ўвагу на печ: доўгая, з ляжанкай. Такіх цяпер, напэўна, і не робяць. Гаспадары адразу ж пахвалілі сваю ацяпляльную сістэму.
— Бывала, з працы прыеду зімой — і адразу на ляжанку, бо хочацца пагрэцца. Хуценька цяпло па ўсім целе пачынае ісці, — кажа гаспадыня.
У печы Тамара Мікалаеўна гатуе розныя стравы. Як кажа яе нявестка: “Такіх галубцоў смачных больш нідзе не ела”. Так, на самой справе, на газавай пліце колькі ні вары, так не атрымаецца. А калісьці маці маёй суразмоўцы і хлеб пякла ў печы, які нельга параўнаць па смаку з тым, што з крамы.
Аляксандр Сямёнавіч родам з вёскі Паташня, усё жыццё адпрацаваў на рамонтна-механічным заводзе на кране-бэльцы. Не баіцца мужчына працы, гатовы завіхацца па гаспадарцы з ранку да вечара. Жыўнасць на двары, па яго словах, каб не сумаваць.
Выхавалі Балотнікі двух сыноў, якімі можна ганарыцца. Сын Цімафей Аляксандравіч працуе ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М. В. Ламаносава, з’яўляецца кандыдатам хімічных навук.
Знайшла ў інтэрнэце і тэму яго дысертацыі: “Новыя падыходы да вызначэння ракетнай газы ў аб’ектах навакольнага асяроддзя і раслінах метадам газавай храмата-мас-спектраметрыі”. Па адной назве можна здагадацца, што гэты чалавек добра разумее ў хімічнай навуцы. Скончыў сярэднюю школу №1 з залатым медалём, удзельнічаў у алімпіядах не толькі рэспубліканскіх, а і сусветнага ўзроўню. Так, напрыклад, з’яўляецца пераможцам 41-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі, за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём. Заўсёды дэманстраваў высокі ўзровень ведаў пры рашэнні надзвычай складаных тэарэтычных і эксперыментальных задач. З’яўляецца лаўрэатам прэзідэнцкага фонду.
Сын Юрый Аляксандравіч таксама з гэтай навукай сябруе. Скончыў хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым яшчэ атрымаў юрыдычную спецыяльнасць. Зараз жыве і працуе ў Мінску.
Здаецца, сыны далёка, добра ўладкаваны ў жыцці, няма часу для дапамогі бацькам. Аднак — не. З задавальненнем прыязджаюць мужчыны ў родную вёску і рупяцца па гаспадарцы. Ходзяць з плугам за канём, садзяць, капаюць бульбу. Калі трэба, касу навостраць. Гектар зямлі і зараз ёсць у гаспадарцы бацькоў. Большасць, канечне, ідзе на сенакос, аднак і памідоркі з агуркамі, а таксама іншая гародніна красуюцца на прысядзібным участку. Вось і Новы год сустракалі дзеці не ў кватэрах на высокіх паверхах, а ў вясковай бацькоўска-дзядовай хаце.
З размовы даведалася, што шмат гадоў жыла сям’я Балотнікаў у Лепелі, маюць дыхтоўны дом у горадзе, аднак усіх іх цягне бліжэй да прыроды. У Поплаўках, можна сказаць, прайшло дзяцінства Цімафея і Юрыя, якіх шматлікай сялянскай працы навучыў дзядуля. Родны чалавек знайшоў такі падыход да малых, што хлопцы за ім хадзілі па пятах. Нават маленькія грабелькі папрасілі зрабіць у шэсць гадоў, каб варушыць сена. Адразу ўявілася карціна, як дзядуля ідзе сушыць траву з граблямі на плячах, а за ім два маленькія ўнукі з такім жа маленькім інструментам.
Шмат дзяцей раней было ў вёсках. На канікулах з горада да бабуль і дзядуляў прыязджалі ўнукі. Гоман і дзіцячы смех не сціхалі ў наваколлі.
Аляксандр і Тамара Балотнікі перабраліся ў Поплаўкі на пастаяннае месца жыхарства ўжо ў сталым узросце, як пайшлі на заслужаны адпачынак. Да гэтага часу яны былі гарадскімі жыхарамі, якія на выхадныя прыязджалі да бацькоў. Яно і зразумела, у школу і на працу так зручней было дабірацца. Хутка будзе 35 гадоў, як жывуць разам Аляксандр Сямёнавіч і Тамара Мікалаеўна. Ужо падрастаюць унучкі Аліна і Алеся, якія таксама любяць наведаць вёску, асабліва ў летні перыяд.
Узгадалі і магазіны райспажыўтаварыства ў савецкія часы, бо гаспадыня адпрацавала ўсё сваё жыццё эканамістам ва ўнівермазе: спачатку — на плошчы Свабоды, пазней — па вуліцы Данукалава. Да іх адносіліся ўсе гандлёвыя кропкі, якія знаходзіліся на плошчы (“Абутковы”, “Культтавары”), “Кніжны” — каля парку, “Спорттавары” — па вуліцы М. Горкага і іншыя. У большасці сваёй лепяльчане і госці горада набывалі тавары ў гэтых магазінах, бо на рынку прамысловай прадукцыі амаль не было. Таваразварот быў вельмі вялікім.
Тут мне чамусьці ўзгадалася, як прадаўцы загортвалі рэчы пакупнікам у паперу карычневага колеру — і ўсе з аднолькавымі клункамі ішлі задаволеныя дадому.
А на базарнай плошчы каля ўнівермага гандлявалі толькі прадуктамі са свайго прысядзібнага надзелу.
Лічыльнікі, калькулятары, камп’ютары — на ўсялякім абсталяванні давялося папрацаваць Тамары Мікалаеўне.
* * *
Не так шмат засталося энтузіястаў сярод вясковых жыхароў, якія трымаюць гаспадарку, тым больш кароў. Аднак прыемна ўсведамляць, што такія ёсць у нашым грамадстве. І выйсце рацыянальнае для выпасу знайшлі — арганізавалі яго пад “наглядам” электрапастуха, які калектыўна набылі. Паша знаходзіцца ў вёсцы Звязда, адкуль і прыводзяць пяць рагуль, а адну — з Поплавак. Таксама зрабілі стабільны падвоз вады для жывёлы.
Узгадваю часы, калі даводзілася дапамагаць дарослым падчас радоўкі, і колькасць каровак у вёсцы даходзіла да 30-40 і больш.
— Навошта вам карова, час і адпачыць…
— А што тады рабіць? Трэба ж рухацца. Мы любім займацца гаспадаркай, для нас такая праца нескладаная. Акрамя гэтага, нам падабаецца малочная прадукцыя. Свае тварог ды малачко смачней за набытае ў краме, гатуем з іх розныя стравы. Па гаспадарцы спраўляемся разам, нават рагулю даіць ідзём удваіх. Гэта ж як на прагулку выйсці, — смяецца гаспадыня.
Даведалася ад гаспадароў, што ў вёску можа наведацца ліса альбо сава палятаць над падворкам, таму трэба пільнаваць курэй.
Не гатовыя Аляксандр Сямёнавіч і Тамара Мікалаеўна змяніць вясковую прыгажосць на гарадскія краявіды. Тут жа на двары, за гаспадарчымі пабудовамі красуецца вялікі магутны дуб, якому, магчыма, ужо больш за 100 гадоў. Недалёка, у вёсцы Звязда, прыгожае возера, адкуль рыбак заўсёды вернецца са здабычай.
У Поплаўках зараз пражывае каля 25 чалавек, а калісьці было каля 60 двароў, у кожным выхоўвалася ад двух да шасці дзяцей. Дзякуючы такім гаспадарам, як Аляксандр і Тамара Балотнікі, вёскі працягваюць жыць.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.