Краіна дзяцінства ў гарадскім парку

313Куды знікае дзяцінства? Прынамсі, дакладна адказ на гэта пытанне не ведае ніхто. Аднак на нейкі час з’явілася ўражанне, што і маё дзяцінства вярнулася, калі раніцай завітаў у парк. Мяркую, такое адчуванне было амаль у кожнага дарослага.
У амфітэатры адбывалася вельмі цікавая імпрэза з удзелам культарганізатара цэнтра дзяцей і моладзі Алены Макаранка і намесніка дырэктара па гаспадарчай частцы Жанны Кузінай, якія вельмі ўдала “прымерылі” на сябе вобразы клоўнаў.

З дапамогай дзяцей на сцэну запрасілі старшыню аддзела адукацыі, спорту і турызму Валерыя Быкава. Валерый Мікалаевіч уручыў каштоўныя падарункі пераможцам рэспубліканскіх конкурсаў.
314Пакуль гледачы назіралі за выступленнем артыстаў, клоўн-гарэза скраў праменьчыкі сонейка. Жадаючых знайсці “прапажу” аказалася вельмі многа, і тры каманды “зніклі” ў пошуках.
Тым часам дзеці весела бегалі каля аўтамашыны і гумавай лодкі МНС. І не проста бегалі, а з задавальненнем “круцілі баранку”. Крыху “астудзіў пыл” фантан з брандспойта. Можна было прымерыць процівагаз і баявую вопратку пажарнага-выратавальніка. Фота ў сямейны архіў атрымліваліся шыкоўныя.
Цудоўны здымак можна было зрабіць, калі апраналі амуніцыю міліцыянера. “У руках аўтамат…”, а таксама бронекамізэлька на плячах і каска на галаве. Малым дапамагаў экіпіравацца начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Лепельскага РАУС Алег Міхно. Пабываць у ролі “барацьбіта з крыміналам” хацелася кожнаму, таму каля стала з “наборам міліцыянера” было шмат хлопчыкаў і дзяўчынак.
Працаваў і турыстычны гарадок. Кожны з жадаючых адчуў сябе сапраўдным вандроўнікам і мог “фарсіраваць” небяспечныя мясціны. Калі стамляліся, адпачывалі ў палатках.
Акрамя фізічнай разрадкі прысутныя ласаваліся марожаным, салодкай ватай і іншымі прысмакамі. Набывалі цацкі і іншыя дробязі.
315Чаго-чаго, а разнастайных і захапляльных конкурсаў хапала ўдосталь. Тут — правільна і дакладна кінуць абруч, там — трапіць тэнісным мячыкам у кегль. Усе стараліся пацэліць. Трэба быць дакладным. За кожны трапны кідок — цукерка.
Час ад часу гледачы ў амфітэатры ўзрываліся авацыямі. Цёпла сустракалі ўзорны духавы аркестр цэнтра дзяцей і моладзі, гітарыстаў аб’яднання па інтарэсах “Лад”, вакальныя калектывы гімназіі ім. І. М. Ерашова, СШ №3 і іншых.
…Вярнулі сонейку яго промні, і зазіхацела янояшчэ больш. Непаслухмянае, яно спрыяла добраму настрою дзяцей і дарослых, якія не пашкадавалі, што наведалі наш прыгожы парк.
Яўген Мікалаеў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.