Красивая прическа — в подарок

dsc_0007Як важна для святочнага настрою мець у навагоднюю ноч прыгожую сукенку і стыльную прычоску! У гэты перыяд усе, асабліва жанчыны, спяшаюцца ў цырульню. Да некаторых спецыялістаў трэба запісвацца загадзя, бо ўтвараецца вялікая чарга.

Наведвальнікі дзённага аддзялення для інвалідаў дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” ў гэтыя перадсвяточныя дні займелі магчымасць пастрыгчыся ў студыі прыгажосці “N-STYLE”, якая размешчана па вуліцы Чуйкова (у адным памяшканні з магазінам “Санталіна”), ды яшчэ бясплатна.
Паспяшалася да гаспадыні салона Любові Носік, якая сустрэла мяне з прыемнай усмешкай. Жанчына адзначыла, што тут няма нічога асаблівага, і гэта справа не заслугоўвае вялікай увагі.
А вось я з ёй не згодна. Такая дзейнасць на карысць неабароненай катэгорыі грамадзян — людзей з інваліднасцю — павінна быць у пашане. А як жа прыемна бачыць, калі пакідаюць цырульню задаволеныя кліенты! У некаторых увогуле змяніўся імідж, а гэта заўсёды дадае ўпэўненасці ў сабе.
Ва ўтульнай студыі прыгажосці прафесійныя майстры могуць зрабіць любую стрыжку, улічваючы густ кліента, прапаноўваюць сваё бачанне прычоскі. Некаторым жа, улічваючы структуру валасоў, рэкамендуюць штосьці асаблівае.
Як кажа Любоў, адзін з наведвальнікаў дзённага аддзялення для інвалідаў прыйшоў разам з маці. Жанчына прапанавала сыну стрыжку, якая не зусім яму падыходзіць. Разам з калегамі пераканалі і зрабілі іншую — кліент выйшаў з цырульні задаволены.
— Людзям з асаблівасцямі фізічнага развіцця прапаноўваем прычоскі, за якімі будзе нескладана даглядаць. А яшчэ работнікі студыі даюць парады кліентам, кансультуюць наконт тэндэнцый моды.
Як аказалася, з самага пачатку работы студыі пенсіянеры і інваліды маюць зніжку пры аплаце паслуг 20 працэнтаў, і нават не трэба паказваць пасведчанне. Людзям тут вераць на слова.
Адкуль жа ў гаспадыні студыі такая прагнасць да дапамогі людзям з інваліднасцю? У размове з Любоўю даведалася, што яе сястра Надзея Шайтар — інвалід па зроку, наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў. Там яна знайшла сяброў і з задавальненнем наведвае цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў.
— Даўно была ідэя прапанаваць такую паслугу — і вось яна стала рэальнасцю. Разам з дзяўчатамі са студыі плануем таксама наведаць аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту “Святліца” ТЦСАН Лепельскага раёна.
Любоў Носік — таксама часты госць цэнтра, ведае ўсіх наведвальнікаў аддзялення па імёнах, таму і яны ідуць да яе ў студыю не як да чужога чалавека, а добра знаёмага.
Работнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў вельмі ўдзячныя Любові Носік, а таксама цырульнікам студыі прыгажосці за чулыя адносіны і ўвагу да людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Дабрачынная акцыя стала сапраўдным падарункам для людзей з інваліднасцю, тым больш, што наперадзе такое казачнае свята.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.