«Красное» здание на Советской: факты прошлого и вторая жизнь сегодня

“Паважаная рэдакцыя, растлумачце, калі ласка, што, урэшце, будзе ў чырвоным дарэвалюцыйным будынку па вуліцы Савецкай. Неаднаразова чытала ў раёнцы, што сюды пераедзе раённы краязнаўчы музей. Аднак пакуль ён не адчыніў свае дзверы. Калі ж адбудзецца гэтая важная для нашага раёна падзея? Чакаем гэтага моманту з нецярпеннем. Некалькі гадоў назіраю, як клапатліва працуюць там спецыялісты. Відаць, што работнікі — сапраўдныя майстры сваёй справы, аднавілі амаль амаль усе цаглінкі на пабудове. Бачна, што зараз вядуцца ўнутраныя работы”, — звярнулася да нас лепяльчанка Анастасія Яско.

 

Паважаная Анастасія, у сваім звароце вы на адно пытанне самі ж і адказалі. Сапраўды, рэнавацыя гістарычна важнага для нас будынка — вельмі складаная і доўгая па часе праца. Цаглінка за цаглінкай, метр за метрам кожнай сцяны — менавіта так адбываецца гэты працэс. Калі вы на хвілінку спыніцеся ля будынка, то заўважыце кожны гарызантальны і вертыкальны адноўлены шво. На дадзены момант увесь будынак набыў прэзентабельны выгляд і адначасова не страціў сваю гістарычную таямніцу. І гэта вельмі каштоўна!

Чырвоны колер будынка заварожвае сваёй магутнасцю і мудрай старадаўнасцю. Узгадваю сярэдзіну 90-х, калі з сяброўкамі сюды прыходзіла на дыскатэку. На той момант памяшканне адносілася да СШ №4. Здавалася, там і музыка грала па-асабліваму, з-за высокай столі мелодыі ўзнімаліся ўверх і рэхам вярталіся да юных танцораў.

Гэты адрас ніколі не страчваў папулярнасці і ў асяродку фатографаў. Колькі тут было зроблена фотасесій! Асабліва каларытнымі атрымліваліся шлюбныя здымкі. Прыгожыя і шчаслівыя маладыя ў святочным убранні на фоне старых сцен… Стыльныя фота як каштоўная рэліквія захоўваюцца ў альбомах шматлікіх лепяльчан.

У гэтым годзе праект атрымаў падтрымку Прэзідэнцкага фонду, а гэта, трэба адзначыць, важкая сума — 524 тысячы рублёў, што дае магчымасць выйсці на “фінішную” прамую па рэнавацыі.

Новая экспазіцыя музея зойме агульную плошчу 410 квадратных метраў (у цяперашнім будынку —236), дзе толькі плошча выставачнай залы будзе 151 квадратны метр. Я нават не памятаю, дзе бачыла такую прастору ў музеі.

Чамусьці ўзгадаўся Зімовы палац у Санкт-Пецярбургу, які на 100 гадоў старэйшы за наш “Чырвоны будынак”. Хочацца пажадаць будучаму краязнаўчаму музею такой жа папулярнасці.

Як раней адзначалі, тут знойдзецца месца для экспазіцыі па гісторыі раёна, фотасправе, экспазіцыі па гісторыі Бярэзінскай воднай сістэмы, пастаяннай экспазіцыі лепельскіх мастакоў.

Упэўнена, ён будзе карыстацца папулярнасцю не толькі ў лепяльчан, а і гасцей горада з Беларусі і замежжа. У будынку, ад якога вее даўніной і цікавай гісторыяй, таксама будуць праходзіць рознага кшталту экскурсіі, выставы, канферэнцыі, розныя турніры, святы, урокі і іншыя мерапрыемствы.

Гэта ўнікальная ўстанова абавязкова зацікавіць турыстаў. А чаму і не?! Па ёй можна вывучаць гістарычныя эпохі не толькі Лепельшчыны, а і Беларусі ў цэлым. У доказ прывядзём факты.

З гісторыі…

У 1897 годзе завершана будаўніцтва вінаачышчальнага склада. З наступнага года на вытворчасці па перапрацоўцы спірту працавала 17 чалавек, дзе штогадова перараблялі 33 тысячы вёдраў. Дзейнічала прадпрыемства да 1908-га. У гэтым годзе склад быў зачынены, а памяшканне заняло павятовае земства — выбарны орган народнага самакіравання ў тыя часы.

Будынак у перыяд рэвалюцыйных падзей 1917 — 1920 гадоў амаль не пацярпеў, пра што сведчыць і цяперашні яго выгляд.

Пазней адбыліся значныя перабудовы ў сувязі з размяшчэннем у ім органаў улады і педагагічнага тэхнікума — у 1929 годзе. Каб пашырыць навучальныя памяшканні, у 1930 — 1935 гадах была праведзена рэканструкцыя будынка і надбудаваны другі паверх.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў будынку былога вінаачышчальнага склада размяшчаліся нямецкія акупацыйныя ўлады.

У 1956 годзе Лепельскае педагагічнае вучылішча было зачынена, а будынак перададзены Лепельскай школе-інтэрнат.

У 1992 годзе прынята рашэнне аб закрыцці ўстановы. На яе базе адкрылася сярэдняя школа №4 горада Лепеля, і ёй перададзена частка маёмасці школы-інтэрнат. Будынак былога вінаачышчальнага склада перайшоў да Цэнтра дзіцячай творчасці.

І вось цяпер, як мы бачым, у гістарычнай пабудовы хутка зявіцца новае жыццё — вельмі важнае для нас, жыхароў Лепельшчыны.

Хочацца аддаць належнае супрацоўнікам краязнаўчага музея, якія па крупінах збіраюць звесткі гістарычнага мінулага нашага Лепельскага краю і захоўваюць іх для будучых пакаленняў. Фонды дзеючага музея налічваюць больш за 30 тысяч прадметаў асноўнага і навукова-дапаможнага фонду, якія будуць выкарыстаны пры стварэнні новай экспазіцыі.

Увогуле, Лепельшчына турыстычная. У нашым краі шмат цікавых месцаў, якія любяць беларусы і іншаземныя госці. Так, напрыклад, салон-магазін «Скарбонка» прапануе жыхарам і гасцям горада вялікі выбар падарункаў, сувеніраў ручной работы выдатнай якасці, а таксама карціны Лепельскага мастакоў. Для наведвальнікаў тут таксама арганізуюцца экскурсіі, майстар-класы па розных відах рамёстваў, навучанне рамяству.

А калі паехаць з Лепеля ў бок Валосавічаў, можна адразу наведаць 5 цікавых абектаў.

Так, напрыклад, знакаміты Цар-дуб, які зяўляецца сімвалам роду Реутаў. Па прыблізных падліках яго ўзрост складае 350-500 гадоў. Расце дрэва ў апусцелай вёсцы Тадуліна. Вышыня яго — не менш за дваццаць метраў, а ствол такой шырыні, што цяжка абхапіць учатырох. Радыус кроны — каля дзесяці метраў. Побач ляжаць валуны, магчыма, не менш старажытныя, чым сам дуб.

Далей можна накіравацца да бровара 1875 года пабудовы — помніка архітэктуры, які знаходзіцца ў вёсцы Двор—Таронкавічы. Тут жа, побач, на полі — каменныя крыжы і вялікі камень-ахвярнік. А калі турысты пажадаюць выпіць гаючай вады і пакупацца ў святой купелі, яны адправяцца за вёску Валосавічы — у Красналучку. Пра гэтае месца шмат дзе ведаюць. Як кажуць вернікі, галоўнае верыць — і тады вада дапаможа.

Пералічанае — гэта толькі маленькая частачка таго, што можна ўбачыць у нашым краі! Ганаруся сваёй Лепельшчынай!

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.