Красота и уют создаем вместе

largeКожны раз, праходзячы ўздоўж гарадскіх вуліц, звяртаю ўвагу на чыстыя, дагледжаныя тэрыторыі прыватных сядзіб, гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў. Многія гаспадары і кіраўнікі ўстаноў падыходзяць да добраўпарадкавання замацаваных тэрыторый з асаблівай адказнасцю — не толькі ствараюць належныя чысціню і парадак, а і надаюць прылеглым участкам індывідуальнасць і асаблівы каларыт — устанаўліваюць скульптурныя кампазіцыі, абуладкоўваюць зону адпачынку для дзяцей. Ля гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў радуюць вока пышныя клумбы, дэкаратыўныя дрэўцы.

Вядома, такія ахайныя гаспадары заслугоўваюць асаблівых слоў падзякі за ўвагу і асаблівы падыход да справы па добраўпарадкаванні. Менавіта яны становяцца ўдзельнікамі раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый Лепельскага раёна, які штогод праводзіцца напярэдадні святкавання Дня горада. Сёлета ж нагода для правядзення такога конкурсу асаблівая — Лепелю спаўняецца 580 год. Больш падрабязна аб правядзенні конкурсу пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталляй Кляшторнай.
— Наталля Леанідаўна, вядома, што ў нашым раёне нямала выдатных гаспадароў, сярод якіх кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама ўладальнікі прыватных сядзіб. Усе яны, вядома, заслугоўваюць асаблівай пашаны і шчырых слоў падзякі за адказнасць у справе добраўпарадкавання.
— Гэта сапраўды так. Умелыя кіраўнікі гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў, выдатныя гаспадары прыватных сядзіб маюць магчымасць стаць удзельнікамі штогадовага раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый Лепельшчыны. Гэта мерапрыемства праводзіцца з мэтай актывізацыі і ўдасканалення работы па добраўпарадкаванні, утрыманні фасадаў будынкаў, збудаванняў і агароджаў у належным стане, а таксама азеляненні і кветкавым афармленні тэрыторый нашага раёна. Гэты конкурс дапамагае прыцягнуць да работы па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый калектывы прадпрыемстваў, устаноў і жыхароў Лепельскага раёна, а таксама выявіць і распаўсюдзіць лепшыя прапановы і праекты ў галіне добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый.
— Па якіх намінацыях праводзіцца конкурс?
— Агляд-конкурс праводзіцца па наступных намінацыях: “Лепшае прадпрыемства па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшая ўстанова па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшы сельскі выканаўчы камітэт па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшая прыдамавая тэрыторыя прыватнага жылога дома”, а таксама “Парастак у будучыню” (лепшае прыватнае домаўладанне маладой сям’і, узрост — да 31 года) і “Лепшая прыдамавая тэрыторыя шматкватэрнага жылога дома”.
— На працягу якога часу праводзіцца конкурс і прадпрыемствы якой формы ўласнасці маюць магчымасць удзельнічаць у ім?
— Агляд-конкурс праводзіцца з 15 чэрвеня па 31 жніўня бягучага года, а ўдзельнічаць у ім могуць усе прадпрыемствы і ўстановы, незалежна ад формы ўласнасці і ведамаснай прыналежнасці, сельскія выканаўчыя камітэты, а таксама фізічныя асобы.
— Які пералік дакументаў неабходна прадаставіць для ўдзелу ў конкурсе?
— Патрэбны заяўка на ўдзел у аглядзе-конкурсе, фота-, відэаматэрыялы з кароткімі анатацыямі, якія характарызуюць работу па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый.
Падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу ажыццяўляецца камісіяй, створанай распараджэннем старшыні райвыканкама.
— Па якіх жа крытэрыях ацэньваюцца ўдзельнікі конкурсу?
— Па намінацыях “Лепшае прадпрыемства па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшая ўстанова па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі” і “Лепшы сельскі выканаўчы камітэт па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі” звяртаецца ўвага на праяўленне творчай ініцыятывы ў афармленні тэрыторыі прадпрыемства (установы, арганізацыі), утрыманне ў належным проціпажарным стане, чысціні і парадку, а таксама наяўнасць шыльды з назвай прадпрыемства (установы, арганізацыі) і рэжымам работы. Ацэньваецца таксама наяўнасць асвятлення на тэрыторыі прадпрыемства (установы, арганізацыі), ахайны знешні выгляд усіх элементаў фасадаў будынка (утрыманне будынкаў, збудаванняў у належным стане (своечасовае правядзенне рамонту, фарбаванне фасадаў, сталярных вырабаў, агароджаў, стан даху, а таксама наяўнасць безбар’ернага асяроддзя. Немалаважнымі аспектамі з’яўляюцца таксама наяўнасць месцаў адпачынку (альтанак, лавак), урнаў для смецця на тэрыторыі, наяўнасць прыгожа аформленых клумбаў, газонаў і іншых насаджэнняў, разнастайнасць элементаў азелянення, кветкава-дэкаратыўнага афармлення, наяўнасць ландшафтных кампазіцый і якасць вертыкальнага азелянення.
У намінацыях “Лепшая прыдамавая тэрыторыя прыватнага жылога дома”, “Парастак у будучыню” звяртаецца ўвага на наяўнасць нумарнога знака на доме, ахайны знешні выгляд усіх элементаў фасада будынка, стан агароджы зямельнага ўчастка, а таксама наяўнасць кутка адпачынку на ўчастку. Не менш важнымі з’яўляюцца наяўнасць прыгожа аформленых клумбаў, газонаў, іншых насаджэнняў і іх утрыманне, санітарны стан і ўтрыманне прылеглай тэрыторыі, а таксама арыгінальнасць афармлення прыдамавога ўчастка (азеляненне, кветкавае афармленне прыдамавой і прылеглых тэрыторый, пасадка дэкаратыўных раслін, наяўнасць ландшафтных кампазіцый, вертыкальнага азелянення і яго арыгінальнасць).
У намінацыі “Лепшая прыдамавая тэрыторыя шматкватэрнага жылога фонду” асноўнымі крытэрыямі, на якія звяртаецца ўвага, з’яўляюцца праяўленне творчай ініцыятывы жыхароў у эстэтычным афармленні кветнікаў (клумбаў) і агароджаў, наяўнасць арыгінальных канструкцый, лавачак, арэляў, каруселяў, альтанак і г.д. Звяртаецца ўвага на ўдзел жыхароў у сумеснай рабоце па ўборцы, рамонце, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі шматкватэрнага дома, наяўнасць асвятлення ля пад’ездаў дома, ахайны знешні выгляд усіх элементаў фасада будынка, наяўнасць дошкі аб’яў і таблічак на пад’ездах дамоў з указаннем іх нумароў, наяўнасць месцаў адпачынку (альтанак, лавачак) і урнаў для смецця, а таксама наяўнасць прыгожа аформленых клумбаў, газонаў, іншых насаджэнняў і іх утрыманне.
Падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу ажыццяўляецца камісіяй па аснове пададзеных заявак і з улікам выканання паказчыкаў па намінацыях.
Падвядзенне вынікаў агляду-конкурсу вядзецца па бальнай сістэме. Максімальная колькасць балаў па кожнай намінацыі складае 65 балаў. Пераможца вызначаецца па найбольшай колькасці набраных балаў.
— Наталля Леанідаўна, як заахвочваюцца пераможцы конкурсу?
— Пераможцам агляду-конкурсу выдзяляюцца грашовыя ўзнагароджанні ў памеры дзесяць базавых велічынь па намінацыях: “Лепшае прадпрыемства па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшая ўстанова па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшы сельскі выканаўчы камітэт па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі”, “Лепшая прыдамавая тэрыторыя прыватнага жылога дома” і “Парастак у будучыню”.
Дваровым жа тэрыторыям шматкватэрных жылых дамоў, якія перамаглі ў аглядзе-конкурсе “Лепшая прыдамавая тэрыторыя шматкватэрнага жылога дома”, выдзяляецца грашовае ўзнагароджанне ў памеры: за першае месца — 130 базавых велічынь, за другое — 90 базавых велічынь, а за трэцяе — 60 базавых велічынь.
Фінансавыя сродкі, выдзеленыя пераможцу агляду-конкурсу, пералічваюцца на рахунак камунальнага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства “Бароўка” і выкарыстоўваюцца на далейшае добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў, якія перамаглі ў аглядзе-конкурсе.
Пераможцы агляду-конкурсу ўрачыста атрымаюць заслужаныя ўзнагароды ў час мерапрыемства, прысвечанага святкаванню 580-гадовага юбілею г. Лепеля.
Шчыра запрашаем кіраўнікоў гарадскіх устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, а таксама гаспадароў прыватных пабудоў прыняць удзел у аглядзе-конкурсе і тым самым паказаць выдатны прыклад для іншых.
— Вялікі дзякуй, Наталля Леанідаўна, за змястоўную размову.
Інтэрв’ю правяла
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.