Кукла на счастье Натальи Петуховой из Лепеля

tkachixa2З гэтай цікавай жанчынай завочна знаёмая даўно, дакладней, з яе работамі. Таленавіты мастак, прафесіянал сваёй справы, член заслужанага аматарскага аб’яднання Рэспублікі Беларусь “Скарбонка” пры Лепельскім Цэнтры рамёстваў. І вось надарылася нагода пагутарыць з ёй. Наталля Петухова нядаўна прыехала з V Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў у Магілёве. Сярод іншых удзельнікаў прадстаўляла Віцебскую вобласць на выставе-кірмашы рамёстваў “Горад майстроў”. Яна захапіла гледачоў сваёй калекцыяй народных лялек.
Мае шмат дыпломаў і ўзнагарод, адна з нядаўніх — Дыплом Гран-пры ў абласной выставе-конкурсе народнай цацкі і лялькі “Забава-2018”, якую праводзіла ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”.
— Працую я па двух накірунках: касцюм мініяцюры і народныя абрадавыя лялькі.
— Наталля Аркадзьеўна, як пачалі сваю працоўную дзейнасць?
— Скончыла Віцебскае вучылішча лёгкай прамысловасці па спецыяльнасці ткацтва, вярнулася на малую радзіму. Працавала на розных прадпрыемствах г. Лепеля. Увесь гэты час займалася рукадзеллем: вязала спіцамі, кручком, вышывала… Мая маці таксама ўсё жыццё гэтым займалася і любоў да рукадзелля перадала мне. Аднойчы прыйшла ў магазін “Скарбонка” купіць рамачкі для сваіх вышыванак, мяне запрасілі ў гурток. Пазней мой кіраўнік прапанаваў працаваць. У Цэнтры рамёстваў працую ўжо 21 год. Дзесяць з іх — метадыстам-майстрам па ткацтве. Вывучыла дзяўчат, якія зараз працуюць на маім месцы. Адзінаццаць гадоў займаюся лялькамі.
— У кожнага майстра ёсць любімая справа. Якая ў вас?
— Не магу адказаць адназначна. Люблю на станку працаваць, паясы плесці, вышываць, вязаць, лялькі рабіць… Не магу нічога не рабіць. Нават калі гляджу тэлевізар, у руках заўсёды спіцы ці штосьці іншае.
І ткачыха, і вышывальшчыца… Шмат гадоў прысвяціла любімай справе. Яе работамі можна толькі захапляцца. На выставе Наталлі Петуховай лялькі стаяць у нацыянальных строях Лепеля, Мінска, Ляхавічаў, Смаленска і іншых гарадоў. Якіх толькі лялек тут няма! Сярод абярэгаў — вербніца, птушка, неразлучнікі, жаданніца, на шчасце, калядная… Усіх не пералічыць. Кожная адметная формай і вопраткай, мае сваё прызначэнне. Напрыклад, у лялькі на шчасце — доўгая каса. І чым даўжэй, тым больш шчасця прынясе. Адразу бачна, што зроблена з душой.
— Лялькі і ўборы для іх — вынік карпатлівай працы, — распавядае майстрыха. — Спачатку раблю метадычную распрацоўку: малюю эскіз, пояс, іншыя элементы. Каб дакладна перадаць дэталі старадаўняга касцюма, даводзіцца наведваць музей, шукаць у розных энцыклапедыях, кнігах па гісторыі касцюма. Са старажытнасці лялькі не захаваліся. Аднак нават са свайго дзяцінства памятаю самаробныя: з нітак, травы, з хустачкі.
Вырабы ў Наталлі атрымліваюцца выдатныя не толькі прыгажосцю, а і дакладнасцю дэталяў. Па іх нават можна вывучаць гісторыю.
Сама цалкам стварае ляльку ад традыцыйнай для розных рэгіёнаў вышыўкі на вопратцы і да мініяцюрных паясоў, сатканых уручную. Праца складаная, але ва ўмелых руках яна робіцца спрытна, з натхненнем.
У зале Цэнтра рамёстваў шмат вырабаў майстрыхі, але не ўсе. Многія набываюцца пакупнікамі, іншыя дастаюцца ў падарунак. Яе творы падарожнічаюць і па свеце. Была ў Польшчы, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, нават Індыі. Шмат турыстаў наведвае Лепель. І, канечне, сувеніры набываюць госці нашага горада ў салоне-магазіне “Скарбонка”.
Мне, чамусьці, больш падабаюцца лялькі. Аднак маюць яны сваю асаблівасць — безаблічныя. Чула, што ў даўнія часы нават у дзяцей лялькі былі без вачэй, вуснаў і носа.
— Наталля Аркадзьеўна, чаму не малюеце твар сваім лялькам?
— У накірунку “касцюм мініяцюры” для мяне галоўнае — паказаць касцюм, а пры стварэнні народнай абрадавай — па старажытнай традыцыі. Раней лялькі мелі іншае прызначэнне. Лічылася, што яны абараняюць чалавека ад хвароб, няшчасцяў, злых духаў, а таксама прыносяць дабрабыт у дом. Нашы продкі верылі, што, намаляваўшы твар, лялька атрымлівае душу, якая непарыўна звязана з душой чалавека. Праз ляльку без твара нельга перадаць зло другому чалавеку. А самымі ахоўнымі здаваліся людзям тыя, якія былі выкананы без іголкі і нажніц. Тканіну стараліся пры вырабе лялек не рэзаць, а рваць. Усё прыматвалася альбо прывязвалася. Згодна з павер’ямі, рэзаць матэрыял — убіраць энергію, якая, наадварот, павінна назапашвацца ў засцярогу. Хоць на пазнейшых этапах усё ж сталі выкарыстоўваць іголку. Лялькі-абярэгі можна рабіць толькі з пазітыўнымі думкамі, у добрым настроі. Аб чым думаеш, на энергетычным узроўні закладаецца ў абярэг.
Дзякуючы такім людзям, як Наталля, адраджаюцца традыцыі продкаў, перадаюцца дзецям, а свет напаўняецца пазітыўнымі эмоцыямі, дабрынёй і чысцінёй.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымку: Наталля Петухова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.