«Купальская ночь, приходит светом загадочных звезд…»

dsc_0243Паходжанне Купалля
У разгар лета, у ноч з шостага на сёмае ліпеня адзначаецца Купалле – адно са старажытных народных святаў, прысвечанае сонцу і росквіту зямлі.
Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў Еўропы: Ян – у Балгарыі і Венгрыі, Сан-Хуан – у Іспаніі, Ліга – у Латвіі. Ва ўсходніх славян гэта Іван Купала, але, бадай, менавіта ў Беларусі найбольш поўна захаваліся традыцыі Купалля, якое адзначаюць з асаблівым настроем.

Незвычайнае
адчуванне
Увечары, шостага ліпеня, спяшаюся ў вёску Бароўка. Па дарозе на свята, калі ўбачыла дзяўчат з вянкамі на галаве, з’явілася адчуванне пэўнай таямнічасці. Сярод іншых палявых кветак ва ўпрыгожанні была і папараць.
Моладзь рыхтуецца да гэтага дня асаблівым чынам. Сімвалічна, што ў гэты дзень дзяўчаты запускаюць у ваду вяночкі, якія прадказваюць далейшы лёс. Калі адзін хутка далучаецца да іншага, дзяўчына пойдзе замуж, а калі ж ён працяглы час плыве адзін, доўга дзяўчыне незамужняй быць.
Святлана і Ірына Дзямко прыехалі да сваёй бабулі ў Лепель з Віцебска і вырашылі наведаць свята ў Бароўцы.
– Некаторыя кажуць, што ім не хапае святаў, што раней яны адзначаліся больш урачыста. Аднак мы лічым, што чалавек сам можа ўзняць настрой сабе і тым, хто яго акружае. Хутка пойдзем на бераг возера, каб запусціць у ваду нашы вяночкі. У Віцебску такой магчымасці не маем, там нават папараці нідзе не знойдзеш, – кажа Святлана.
– Хоць мы і скончылі дзясяты клас, трэба шмат часу аддаваць вучобе, усё роўна наведваем розныя гурткі, каб не марнаваць вольны час. На гарадскіх мерапрыемствах нам заўсёды весела, імкнёмся пазнаць штосьці новае, – дадае Ірына.
Пагутарыўшы з юнымі прыгажунямі, накіроўваюся да Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу, адкуль лашчыць слых прыемная музыка. Шмат дзетак прыйшлі разам са сваімі бацькамі, каб весела правесці час. Адны весяляцца на батутах, іншыя стаяць у чарзе за поп-корнам, салодкай ватай і цацкамі.

Конкурсы, песні і танцы
На ўпрыгожанай імправізаванай сцэне ідуць апошнія хвіліны падрыхтоўкі да свята. Хочацца адзначыць, што арганізатары паклапаціліся і пра пажылых людзей – для іх былі прыгатаваны лавачкі, каб можна было з камфортам паглядзець прадстаўленне і паслуха­­­­ць­ песні ў жывым выкананні.
Некалькі хвілін чакання – і на сцэну выйшла вядучая мерапрыемства Алёна Матузава. Яна прывітала жыхароў, гасцей Бароўкі і «забараніла» ў гэтую чароўную ноч сумаваць. Распавёўшы крыху пра гісторыю свята, Алёна не забыла ўзгадаць і купальскія законы. Адзін з іх – папарыцца ў лазні асаблівым венікам. Чаму асаблівым? У веніку павінны быць розныя травы, і кожная з іх штосьці абазначае. Так, напрыклад, крапіва пазбавіць ад нечысці, а трыпутнік ачысціць шлях.
Каму дазвалялася збіраць купальскія травы? Калі можна было купацца на Купалле? Што рабілі гаспадары, каб зло не зайшло ў дом? На ўсе гэтыя і іншыя пытанні трэба было адказаць гасцям свята.
І дзецям, і дарослым вельмі спадабалася гульня ў ручаёк. Вядома, што купальская вада мае ачышчальную сілу, таму паўдзельнічаць у гульні пажадалі многія. Той, хто выходзіў з ручайка, быў пры дапамозе папараці акроплены сцюдзёнай вадой. Паўсюдна не сціхалі смех і радасныя воклічы. Вясёлыя заданні былі падрыхтаваны і для дзяцей. Напрыклад, дзеткі спаборнічалі, хто хутчэй пераскочыць праз штучныя перашкоды.
У гэты чароўны вечар па Бароўцы разносіліся цудоўныя мелодыі ўсім вядомых песень у выкананні мясцовых артыстаў, якія не толькі ўзнімалі настрой, а і нагадвалі многім пра шчаслівыя гады маладос­ці. Дыскатэка пад жывы гук надала мерапрыемству яшчэ больш душэўнасці. На нейкі момант здалося, што пабывала на канцэрце знакамітых музыкантаў.
Прыемна здзівіла і тое, што маладыя людзі падпявалі папулярныя песні мінулых гадоў.
– З задавальненнем слухаем песні 80-90 гадоў, бо яны маюць шмат сэнсу і прыемныя для душы, – кажа Наталля Качан, якая з бацькамі адпачывае ў Бароўцы.
Даведалася, што і мясцовыя школьнікі з задавальненнем займаюцца ў Бароўскім Цэнтры культуры і вольнага часу. Там сярод іншага яны знаёмяцца з песнямі, якія спявалі іх бабулі.
Здзівілі падлеткі і тым, што ведаюць легенду пра папараць-кветку. Так, адна дзяўчынка расказала, што вера ў яркую цудадзейную кветку нарадзілася з-за светлячкоў. Улетку яны даволі часта з’яўляюцца ноччу менавіта на папараці і ствараюць уражанне вогненнай кветкі. Магчыма, для кагосьці такая інфармацыя стане расчараваннем, бо знікне надзея знайсці чароўную кветку.
І хоць у гэты дзень было пахмурнае надвор’е, урэшце, і дождж заімжыў, настрой удзель­нікам свята нішто не сапсавала. Людзі пачалі разыходзіцца толькі бліжэй да поўначы ў до­б­­­­­­­­­­рым настроі і са шчырымі словамі падзякі ў адрас артыстаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.