Курачка Раба з кітайскага сайту

IMG_8706Жылі-былі Дзед і Баба… І была ў іх Курачка Раба… Ну, гэта вы шасцігодкам з першага атраду казачкі расказвайце ды на вушы локшыну вешайце.

А іх, самы старэйшы, шосты атрад, на голай мякіне не ашукаеш. Што значыць была? Курачкі проста так не паяўляюцца — вырашылі дзеці і заказалі Курачку Рабу на кітайскім інтэрнэт-сайце “Алі-экспрэс”. Дакладней, не яны самі заказалі, а Дзед з Бабаю сабе жыўнасць такім чынам завялі. Дзіва што! Продкі кемлівыя. Напрыклад, Дзед — хібстэр. Дый Баба таксама не з простых. У кватэры ў іх, шчыра кажучы, непарадак — заўсёдныя міжусобныя войны, разборкі. І вось старыя, каб хоць неяк палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, навесці парадак і прыйсці да згоды, надумаліся ў кітайцаў птушкаю разжыцца. Не паверыце, трыста мільёнаў (недэнамінаваных) заплацілі. Але ж і было за што. Звычайна, кітайскае, самі ведаеце, — падробка. А тут раптам курыца вазьмі ды і знясі… залатое яйка.
Зноў разборкі. Дзед з Бабаю біліся-біліся, як не разбіліся. Трылеры-дылеры, кілеры… Як у крутыя дзевяностыя. Пакуль, урэшце, адзін з бандытаў не зачапіўся ды не разбіў тое яйка. Вось дзе былі і драма, і трагедыя ў адначассі. Шэкспір адпачывае.
Думаеце, сачыняю? Далібог, я тут ні пры чым. Гэта яны, падлеткі з шостага атрада летніка ў Бароўцы, мне пра ўсё распавялі. Не верыце? Нават прозвішчы іх назаву: Наташа Лазоўская, Крысціна Царова, Аліна Пшонка, Лена Волкава і Данік Сёмачкін. Вось я ўсіх і “здаў”.
А спачатку хацелі мне ўсялякага насачыняць. Думалі ўсыпіць маю пільнасць. Пачалі, напрыклад, пра тое, якія ім крутыя сінтэпонавыя матрацы ды падушкі сёлета ў летнік купілі, якія там тумбачкі паставілі, каб не скрыпелі… І слухаць не стаў.
Падушкі, матрацы, тумбачкі, вокны ПВХ — усё гэта клопат дарослых, іх руцінныя справы, якімі хай жа тыя займаюцца ад ранку да вечара. Усё гэта павінна проста быць — як паветра свежае з адчыненага акна, як цёплая вада ў Шчары і яшчэ цяплейшая — у душавых кабінках, як музыка на дыскатэцы, як марожанае на паўдзённіку. Павінна проста быць — і ўсё тут. А крутых падлеткаў-хібстэраў з шостага атраду падушкі могуць цікавіць толькі ў якасці зброі ў начных баталіях, ці добра яны лятаюць між ложкамі. А скрыпець не павінны не толькі тумбачкі, а і дзверы. Інакш бяда! Як незаўважна падкрадзешся намазаць зубною пастаю “тубыльцаў” з іншага атраду.
— Зубною пастаю, — грэбліва скрывіліся дзяўчаты, — учарашні дзень. Дзевятнаццатае стагоддзе. Яшчэ чаго! А раптам у каго на яе алергія? Існуюць жа маркеры.
І я зразумеў, што прайшло дарэмна маё дзяцінства, перакрэсленае гусіным пяром Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. А зараз на вуліцы ХХІ стагоддзе і новыя электронныя тэхналогіі.
Не бяруся казаць, ці шукаюць у летніку пакімонаў, але дакладна ведаю, што тут шукаюць сябе. Вось, напрыклад, Крысціна Царова ўжо знайшла сябе, сачыніўшы для сяброў з атраду суперскі мюзікл “Курачка Раба” ў стылі хіп-хоп, які меў несумненны поспех на сцэнічнай пляцоўцы летніка. Знайшла сябе і Аліна Пшонка, не глядзі, што па вечарах “Гора ад розуму” Грыбаедава чытае. Гэта яна для маскіроўкі. А пабачылі б яе ў ролі Дзеда-хібстэра з той жа самай казкі-мюзікла, альбо з пародыяй на Грыгорыя Лепса ў музычным шоу “Дакладна так”. Зрэшты, Улада Рэут з шостага атраду ў вобразе таямнічай Ані Лорак у кліпе “Люстэрка” выглядала таксама не замшэла. А ўжо ад Віцькі Арахіса, які спяваў “Ты мая сэлфі”, дакладна ўсе былі “ў адпадзе”. Ведай нашых!
І, як любіла паўтараць некалі папулярная, з дваццатага стагоддзя, незабыўная Лайма: “Яшчэ не вечар”.
Па вечарах у летніку — крутыя дыскатэкі з гульнямі-флэшмобамі. Ну ды па гэтай часці звяртайцеся да Данілы Сёмачкіна, які на дыскатэках у Лепелі “сабаку з’еў”. І яшчэ наперадзе Дзень Нептуна. Дрыжыце, выхавальнікі! Хавайся ў бульбу, начальнік летніка! Дваццаць першае стагоддзе толькі пачынаецца…
На здымку: на другой змене ў Бароўскім летніку.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.