Кваліфікацыйны патэнцыял

Кадры вырашаюць усё. Лозунг перавандраваў з савецкіх часін. Не ўсё тады так дрэнна выглядала. Асвета прызнавалася адной з лепшых у свеце. І многае, калі не ўсё, залежала ад падрыхтаванасці кадравага корпуса. Зараз кадравая палітыка раённага аддзела адукацыі вызначаецца асаблівасцямі дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне і рэарганізацыяй адукацыйнай сеткі. Усяго на Лепельшчыне 44 установы адукацыі, працуе 1586 чалавек , з іх 901 педагагічны работнік . Шэсць педагогаў з’яўляюцца Заслужанымі настаўнікамі Рэспублікі Беларусь, трыццаць узнагароджаны значком «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».
На працягу пяці гадоў захоўваецца станоўчая дынаміка ўзроўню адукацыі і кваліфікацыі педработнікаў. За два апошнія гады колькасць настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй сярод прадметнікаў павялічылася на 11 працэнтаў, выхавальнікаў — на дзевяць, настаўнікаў з першай і вышэйшай кваліфікацыйнымі катэгорыямі — на 14, выхавальнікаў — на 30 працэнтаў. Атэставана 134 педагогі, 16 чалавек павысілі ўзровень адукацыі, адзін атрымаў дадатковую.
Натуральна, на ніве асветы падрастаючага пакалення павінны рупіцца высокакваліфікаваныя спецыялі­сты. Вышэйшую адукацыю маюць 645 педагагічных работнікаў, 27 педагогаў, якія ў свой час закончылі сярэднія спецыяльныя ўстановы, завочна вучацца ў вышэйшых.
— На жаль, захоўваецца праблема забеспячэння сістэмы дашкольнай сеткі высокакваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі з вышэйшай адукацыяй, — адзначае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Валерый Быкаў. — Адна з прычын — нізкі заробак, а значыць, адпаведны і прэстыж прафесіі. Сітуацыя, прама скажам, няпростая, але вырашальная. На гэтым напрамку, у прыватнасці, і сканцэнтраваны намаганні аддзела, каб супольна вырашыць праблему.
— І тут, дарэчы, Валерый Мікалаевіч, спытаць пра такі далікатны аспект, як узрост педагогаў…
— Сакрэту няма. Сярэдні ўзрост настаўнікаў складае 47 гадоў, педагогаў дашкольных устаноў — 40. 77 працэнтаў педагогаў займаюцца педагагічнай дзейнасцю больш як пятнаццаць гадоў.
У педагагічных калектывах вядзецца сістэмнае павышэнне кваліфікацыі настаўніцкага корпуса. Працуе 23 атэстацыйныя камісіі, 18 — у сярэдніх школах, тры — у дашкольных установах, па адной — у цэнтры дзяцей і моладзі і аддзеле адукацыі. Летась падлягала атэстацыі 39 педагагічных работнікаў, усе павысілі сваю кваліфікацыйную катэгорыю.
Сістэмны падыход у вызначаным рэчышчы будуецца на аснове аналізу якаснага саставу кадраў, дыягностыкі і прагназавання іх адукацыйных патрэбаў, вопыту работы, запытаў устаноў адукацыі. Згодна з планам-разнарадкай летась меркавалася праходжанне павышэння кваліфікацыі 171 чалавекам у дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі «Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі» і ў дзяржаўнай установе адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі». Аднак з-за недастатковага матэрыяльнага фінансавання выкананне склала 85,1 працэнта.
Не спыняецца працэс і сёлета. Сітуацыя пазітыўная. Мяркуйце самі. З пачатку года курсы павышэння кваліфікацыі закончылі 85 педагагічных работнікаў (100 працэнтаў да запланаванага). У Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі адвучыўся 71 чалавек, у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — 13, БДУФК — адзін.
Праўда, жыццё на месцы не стаіць. Кожны год нечым адметны па-свойму. Спыняць важны працэс нельга. Новыя адукацыйныя тэхналогіі вымагаюць бесперапыннасці навучання педагагічнага корпуса. Гэта выдатна разумеюць у аддзеле. І дзейнічаюць адпаведным чынам. Метадычная работа ў міжкурсавы перыяд з’яўляецца неад’емнай часткай сістэмы дадатковай адукацыі, скіравана вастрыём сваім на пастаяннае павышэнне прафесійнага майстэрства настаўнікаў, засваенне імі найбольш рацыянальных метадаў і прыёмаў навучання і выхавання падрастаючага пакалення з улікам дасягненняў эфектыўнай педагагічнай практыкі. Для забеспячэння метадычнага суправаджэння дзейнасці педагогаў на Лепельшчыне створана рацыянальная структура метадычнай сеткі, якая дазваляе настаўнікам у названы перыяд павысіць сваю навукова-тэарэтычную падрыхтоўку праз шматступенную рознаўзроўневую сістэму. Што маецца на ўвазе? Семінарская падрыхтоўка, раённыя і школьныя метадычныя аб’яднанні, майстар-класы, пастаянна дзеючыя семінары, школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства, практыкумы і іншыя формы работы.
У пацвярджэнне сказанага прывядзём такія даныя. У рамках раённай метадычнай сеткі арганізавана 33 раённыя метадычныя аб’яднанні педагогаў, чатыры творчыя фарміраванняі, дзве школы ўдасканалення педагагічнага майстэрства для настаўнікаў матэматыкі, рускай мовы і літаратуры, адна школа станаўлення маладога педагога. Арганізавана мэтанакіраваная работа часовага творчага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, накіраванага на падрыхтоўку да алім­піяд, праца кансультацыйных пунктаў пры вучэбна-метадычным кабінеце для маладых педагогаў, зноў прызначаных дырэктараў і намеснікаў дырэктараў школ, загадчыкаў і намеснікаў загадчыкаў дашкольных устаноў.
Асобна адцянім такі немалаважны складнік тэмы. У практыку работы з кіруючымі кадрамі і педагогамі трывала ўвайшлі майстар-класы. Эфектыўна дзейнічаюць кансультацыйныя пункты пры вучэбна-метадычным кабінеце для розных катэгорый работнікаў. Работа метадычных фарміраванняў будуецца ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, абласнога інстытута развіцця адукацыі, грунтуецца на выніках дыягностыкі педагогаў.
Новыя тэхналогіі становяцца неад’емным складнікам паўся­дзённай дзейнасці шматлікага калектыву. Узровень прафесійнага майстэрства дазваляе навучальным установам функцыянаваць у інавацыйным рэжыме. Закрану хаця б пунк­цірна два інавацыйныя праекты са статусам пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь — «Укараненне праграмы факультатыўных заняткаў «Праваслаўныя святыні Беларусі» (сярэдняя школа №1), «Укараненне мадэлі фарміравання абагульненых навучальных уменняў вучняў сродкамі міжпрадметнай інтэграцыі» (гімназія імя І.М. Ерашова).
І на тым творчая кропка не пастаўлена. Пайшлі далей у вызначаным напрамку. Арганізавана рэалізацыя творчых даследчых праектаў без надання ім статусу рэспубліканскіх пляцовак на базе шасці ўстаноў. Бароўская сярэдняя школа трэці год прымае ўдзел у доўгатэрміновым міжрэгіянальным даследчым праекце “Менеджмент выхавання” разам з установамі адукацыі Пскоўскай, Кастрамской, Ніжагародскай і іншымі абласцямі Расійскай Федэрацыі.
Кадравы корпус аддзела пастаянна амаладжаецца. За тры апошнія гады прыбыло 46 маладых спецыялістаў, з іх працягвае плённа шчыраваць на дабратворнай ніве асветы 37, што складае 81 працэнт. І што характэрна — усе яны выхадцы з Лепельшчыны. Работа з маладымі кадрамі праводзіцца ў адпаведнасці з Палажэннем аб школе станаўлення маладога педагога. Асноўная мэта — выяўленне іх падрыхтоўкі, стварэнне ўмоў для паспяховага засваення прафесіі, аказанне метадычнай дапамогі і падтрымкі на розных этапах педагагічнай дзейнасці. У гэтым напрамку было арганізавана наведванне ўрокаў вопытных настаўнікаў, якія творча і плённа ажыццяўляюць педагагічны працэс. Не забыты і індывідуальныя тэматычныя кансультацыі «Нарматыўнае прававое, метадычнае забеспячэнне выкладання прадмета», «Аналіз і самааналіз урока», «Арганізацыя самаадукацыі» і кансультацыі па запыце. Апрача ўсяго праведзена два заняткі ў школе станаўлення па тэмах «Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўмовах сучаснай школы» на базе Поўсвіжскай СШ, «Урок як сістэма ў кантэксце сучасных канцэптуальных патрабаванняў да пабудовы адукацыйнага працэсу» на базе Стайскай. Дыягнастуюцца педагагічныя цяжкасці маладых спецыялістаў, арганізаваны індывідуальныя кансультацыі па праблемных пытаннях настаўніцтва.
Зразумела, адной з ключавых крыніц удасканалення паўсядзённага функцыянавання ўстаноў адукацыі з’яўляецца эфектыўны прафесіянальны вопыт. Створаны банк даных педагагічнай скарбонкі, які штогод карэктуецца і папаўняецца. Настаўнікі бяруць удзел і перамагаюць у розных конкурсах, выставах метадычных матэрыялаў, што дае магчымасць абмену вопытам работы не толькі ў рамках раёна, але і на абласным і рэспубліканскім узроўнях.
Агульнавядома, што сённяшнія школьнікі — заўтрашнія, вобразна кажучы, будаўнікі незалежнай, моцнай, квітнеючай роднай Беларусі. І наколькі плённа будуць яны шчыраваць на гэтых рыштаваннях, залежыць у многім ад усебаковай падрыхтоўкі ў школе.
Уладзімір
ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.