Лаўрэат прэміі імя Скарыны

IMG_1772=1 Традыцыйнымі сталі на Віцебшчыне ўрачыстасці з нагоды Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў сардэчна па­віншаваў  журналістаў, паліграфістаў, паштавікоў, электрасувязістаў  і работнікаў  “Саюздруку” з іх прафесійнымі святамі. Кіраўнік вобласці падкрэсліў што ўсе ўдзельнічаюць у фарміраванні сацыяльнага настрою людзей, стварэнні іміджу вобласці ў маштабах краіны. А па вялікім рахунку гэта вялікая адказнасць перад грамадствам і дзяржавай.

Паводле сцвярджэння Мікалая Шарстнёва, у рэгіянальных друкаваных сродках масавай інфармацыі аўдыторыя большая, чым у рэспубліканскіх. Менавіта мясцовая прэса стаіць бліжэй да канкрэтнага чалавека.  Дарэчы, у нашай  вобласці самая высокая ў рэспубліцы насычанасць перыядычнымі выданнямі на тысячу чалавек. І каб утрымаць гэты паказчык, неабходна ствараць прывабны для масавай аўдыторыі чытабельны інфармацыйны прадукт.

Затым старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў уручыў высокія ўзнагароды пераможцам творчага конкурсу. Галоўны рэдактар газеты “Лепельскі край” Уладзімір Шаўчэнка за першае месца ў абласным конкурсе друкаваных сродкаў масавай інфармацыі  на прэмію імя Францыска Скарыны ў намінацыі “Лепшы аглядальнік” удастоены Дыплома аблвыканкама, статуэткі з выявай Ф.Скарыны і грашовай прэміі.

Наш кар.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.