Лабараторыя творчай самарэалізацыі культработнікаў Лепеля

У любой сферы жыцця грамадства патрабуюцца кваліфікаваныя кадры. У сацыяльнай — таксама, у тым ліку і ў культурнай. Зразумела, праблему адным махам не адужаеш. Пасля заканчэння навучальных устаноў прыходзяць маладыя спецыялісты з належным тэарэтычным багажом, але без неабходных практычных навыкаў і напрацовак. Або зазірнем, вобразна кажучы, на зваротны бок медаля. Тыя, хто мае за плячыма багаты вопыт, таксама не павінны заставацца па-за ўвагай. Маю на ўвазе, вядома, працэс перападрыхтоўкі. Дык вось, у сферы культуры раёна выкрышталізавалася традыцыйная сістэма павышэння кваліфікацыі кадраў. Усе работнікі падзелены на некалькі катэгорый. Для кожнай, у залежнасці ад надзённых задач, арганізоўваюцца практыкумы, стажыроўкі, семінары па жанрах, заняткі ў рамках творчых лабараторый і ў клубе прафесійнага майстэрства.
— Дзейснай формай павышэння прафесійнага майстэрства з’яўляюцца тэматычныя семінары, на якіх разглядаюцца ўсе аспекты абранай тэмы, — адзначае намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Тамара Бароха. — Удзельнікам перадаецца камплект метадычных дакументаў на папяровых і электронных носьбітах…
— Аднак сёння пасіўнага праслухоўвання выступленняў і дакладаў па вызначаных напрамках мала. Варта задзейнічаць фактар саўдзелу слухачоў у разглядзе надзённых пытанняў, зацікаўленым абмеркаванні праблем, экспрэс-абмен напрацоўкамі…
— Правільна кажаце. Без гэтага нельга поўнасцю дасягнуць мэты. Практыкуем такія формы як дыялогі, дыскусіі, конкурсы. Запрашаем спецыялістаў з абласных і раённых службаў паводле тэматыкі. Летась, напрыклад, спецыялістамі раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра праведзена пяць семінарскіх заняткаў для работнікаў клубных устаноў «Інфармацыйныя рэсурсы Інтэрнэту», «Дзяржаўныя святы ў сістэме клубнай працы», «Інавацыйны рэсурс сельскіх клубных устаноў у свеце віртуальных паслуг» і інш.
Неабходна адзначыць і станоўчую працу прафесійнага клуба «Диво» (Дискуссии. Интересные встречи. Общение) пры аддзеле бібліятэчнага маркетынгу. Чым займаюцца ўдзельнікі на пася­джэннях? Кола іх інтарэсаў даволі шырокае. Мяркуйце самі. Наладжваюцца прэзентацыі кніг, віртуальныя экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, пісьменнікамі і паэтамі. Мерапрыемствы даюць магчымасць павысіць агульнаадукацыйны ўзровень бібліятэкараў.
Актывізацыі дзейнасці спецыялістаў па забеспячэнні высокага ўзроўню і якасці арганізацыі вольнага часу насельніцтва спрыяюць таксама конкурсы. Напрыклад, інтарэс выклікалі конкурсы на лепшы гумарыстычны твор народнай прозы, лепшы сцэнарый, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, гісторыі назвы вёсак «Вёска, у якой я жыву»…
Прафесійны ўзровень работнікі галіны павышаюць на абласных і рэспубліканскіх курсах. На абласныя накіроўваліся летась дзевяць чалавек, на рэспубліканскія — восем.
— Наколькі мне вядома, у культурным асяродку функцыянуе дзейсная сістэма метадычнага забеспячэння калектываў народнай творчасці…
— Пры ўсебаковай падтрымцы метадычных службаў дзейнічае на Лепельшчыне 149 фарміраванняў пры ўстановах клубнага тыпу і 17 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах пры бібліятэках. Асаб­лівая ўвага надаецца калектывам са званнем “народны” і “ўзорны”, а іх у раёне — 24. Школай прафесійнага майстэрства з’яўляюцца фестывалі, конкурсы, агляды. Фестывальны каляндар налічвае больш за 12 розных творчых акцый. Прыгадаем абласны фестываль духавой музыкі «Віват, аркестр», харэаграфічны фестываль «Лепельскі карагод», конкурс каманд клубаў вясёлых і знаходлівых, свята-конкурс «Матчыны кросны», фестываль «Белыя росы» і г.д.
Многія сучасныя культурныя мерапрыемствы праводзяцца не толькі як аднаразовыя, але і як сістэматычныя акцыі.
— І ў чым адметнасць такой сістэмы?
— Такім чынам рэалізуецца галоўны прыярытэт у нашай паўсядзённай дзейнасці — стварэнне ўмоў для творчай самарэалізацыі чалавека ў сферы народнай творчасці. Менавіта па колькасці калектываў, інтэнсіўнасці канцэртнай дзейнасці, колькасці ўдзельнікаў, выканальніцкаму майстэрству аналізуецца якасць работы ўстаноў, змястоўнасць напаўнення культурна-забаўляльных мерапрыемстваў.
— Натуральна, узровень інфармацыйна-метадычнага забеспячэння ўстаноў культуры ацэньваецца і па ўдзелу ў фестывалях, конкурсах, аглядах…
— Вядома ж. Творчасць лепельскага краю была прадстаўлена толькі летась на 26 абласных фэстах, якія маюць статус Міжнародных, іншых знакавых мерапрыемствах. І прывезлі адтуль высокія ўзнагароды.
— Найважнейшы аспект метадычнага забеспячэння — выдавецкая дзейнасць…
— З кожным годам навыкі выдавецкай дзейнасці ўдасканальваюцца. Аддзелам бібліятэчнага маркетынгу выдадзены інфармацыйна-аналітычны бюлетэнь “Бібліятэкі сеткі Лепельскага раёна: вопыт, праблемы, пошук», метадычныя дапаможнікі «Планета дзяцінства» С. Міхалкова (да 100-годдзя з дня нараджэння), «Я праўду адкрываю свету» (да 100 годдзя М. Гарэцкага), каляндар знамянальных і памятных дат, раз у паўгоддзе друкуецца інфармацыйна-метадычны веснік «Бібліятэчнае жыццё Лепельшчыны: хроніка па­дзей».
Выдае свае дапаможнікі і раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр: зборнік народных гульняў для культарганізатараў «Навагодняя скарбонка-65», зборнік сцэнарыяў да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і інш.
Лепяльчане ў цэлым задаволены паўсядзённай дзейнасцю ўстаноў культуры. Гэта радуе. Крыху засмучаюць папрокі нашых землякоў у відавочным недахопе сучаснага тэхнічнага, светлавога і камп’ютарнага абсталявання ўстаноў, цікавых конкурсных і шоу-праграм…
Кажуць, дарогу адолее той, хто не спыняецца, настой­ліва крочыць да намечанай мэты. Такія якасці ўласцівыя большасці работнікаў культуры. І гэта не камп­лімент, а рэальная адзнака іх творчых набыткаў.
Уладзімір ШАЎЧЭНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.