Лариса Юшина пришла в систему социального обслуживания в далеком 1991-м

img_852 Ларыса Юшына прыйшла ў сістэму сацыяльнага абслугоўвання ў далёкім 1991-м. І пра ўзрост не жадае ні ведаць, ні думаць, стомы стараецца не заўважаць.

Сёння зранку паспела ўжо выпаліць у печы ў бабулі, якая ў яе на абслугоўванні, на хвілінку зазірнуць у тэрытарыяльны цэнтр. На хвілінку! Каб жа! Тут мы яе і абяззброілі, сустрэўшы з фотаапаратам і з журналісцкім блакнотам. Падстава самая сур’ёзная: Ларыса Юшына ўзнагароджана Ганаровай граматай Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароны аблвыканкама, як адзначаецца, за “добрасумленную і эфектыўную працу, значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі па сацыяльнай абароне насельніцтва”.
Хвілінка ператвараецца ў грунтоўную размову, пад час якой даведваемся шмат цікавага пра лёс нашай суразмоўцы. Вось, напрыклад, пра тое, што трынаццаць гадоў жыла ў Маскве і працавала ў філіяле завода імя Ліхачова. Рызыкоўная была дзяўчына. Пасля школы — заканчвала СШ №1 — і Барысаўскага вучылішча металістаў раптам махнула ў сталіцу. У Лепелі засталіся бацькі, сястра.
У Маскве Ларыса была з шэрага той “ліміты”, пра якую, калі памятаеце, распавядае фільм “Масква слязам не верыць”. І паверце, слёз таксама хапіла. Выйшла замуж таксама за “лімітчыка” з Тамбоўскай вобласці. Жылі не ў шыкоўных апартаментах, а ў звычайным рабочым інтэрнаце. Аляксей будаваў метрапалітэн. У цесных інтэрнацкіх “апартаментах” і дзеці нарадзіліся.
Толькі ж не верце, што ў цеснаце — не ў крыўдзе. Надакучыла ёй тая Масква, і Аляксей сталіцай таксама задаволіўся — не рады быў. Вось і надумалі махнуць на Лепельшчыну.
Не многія людзі пакідаюць сталіцу ды з’язджаюць на перыферыю. Гэта заўсёды людзі своеасаблівыя, для якіх не так важныя кар’ера, камфорт, як сутнасць жыцця і душа. У перыферыйных гарадках душа адчувае сябе, нібы ў раі, а сталіца ў кожнага ў душы…
Уладкаваліся на працу: ён — вальшчыкам лесу ў “Леспрамгас”, яна — у тэрытарыяльны цэнтр (а на той час яшчэ проста “сабес”) сацыяльным работнікам. Пачалі на Садовай будаваць дом. Аляксей сам будаваў — залатыя рукі. Сам і газ правёў, і ваду. Руплівая сямейка. І Ларыса ніколі працы не цуралася — па бацьках. Мікола Валенціёнак на будоўлях век свой працаваў, выдатны пячнік. Марыя, жонка, хлеб пякла на хлебазаводзе. Цікава, што бабуліну справу працягвае Аня, а Дзяніс, як і дзед, — спецыяліст па будоўлі, прыватны прадпрымальнік у Мінску.
Ніколі працы не цуралася Ларыса. Ніколі сэрцам не была халодная да тых людзей, пра якіх клапацілася па абавязку службы і па закліку душы. І яе добрае сэрца людзі заўважалі і цанілі, і яе энергіяй грэліся.
Вось і зараз не затрымаем гэтую энергічную жанчыну. Ёй яшчэ сёння імчаць у мікрараён Юбілейнага магазіна — бабулі дроў нанасіць, у краму схадзіць, пасля — на Першамайскую. Там таксама адзінокая жанчына. Затым яшчэ да дзядулі, той заказваў да святаў багата прадуктаў… Чатыры-пяць чалавек за дзень абслугоўвае, яшчэ і дома паспявае парадак навесці.
Бывае, сутыкаешся з чэрствасцю, з няўдзячнасцю. Пажылыя людзі — не заўсёды падарунак. Ларыса прыгадвае толькі добрае. Прохараўну, напрыклад, прыгадвае. Бабулька, на жаль, памерла. Якая ж добрая была! Сядзіш з ёй, размаўляеш, як з маці роднай. І дачка прыязджала з Украіны — такая ж спагадлівая, як і маці.
На свеце шмат добрых людзей. Пэўна, іх усё ж большасць. Вось і Ларыса Мікалаеўна — як усё роўна акумулюе дабрыню — ціхая, спагадлівая, старанная. Гэтыя якасці вельмі дапамагаюць ёй у працы, у жыцці. Дома невялікая гаспадарка, дзе ёсць куркі, сабака, і агарод з парнічкамі. А ў садзе — яблынькі, груша. Рай для ўнукаў. Андрэй ужо ў пятым класе. Ягору з Варкаю па восем, а маленькай Стэфаніі пакуль толькі паўтара. Вялікага сэрца бабулі Ларысы хапае на ўсіх гэтых жэўжыкаў, а клапатлівыя яе рукі вараць для іх клёцкі, лепяць пельмені. На Новы год вялікая працавітая сям’я збіраецца за адным сталом. Што яшчэ трэба для сапраўднага шчасця!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ларыса Мікалаеўна Юшына.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.