Ленинские орденоносцы

p-zankoЗгодна статуту ордэн уручаецца за асаблівыя заслугі ў рэвалюцыйным руху, працоўнай дзейнасці, абароне сацыялістычнай Айчыны, развіцці сяброўства і супрацоўніцтва паміж народамі, умацаванні міру і іншыя асабліва выдатныя заслугі перад савецкай дзяржавай і грамадствам.
Першыя ўзнагароджванні лепяльчан ордэнам Леніна адбываліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод першых прадстаўленых да гэтай узнагароды — ураджэнец вёскі Крыўцы Сямён Крывец. Прызваны ў Чырвоную армію ўвесну 1943 года, займаў пасаду парторга ў стралковым батальёне. Старшына Крывец вызначыўся пры пераправе на правы бераг ракі Днепр у ноч з 26 на 27 верасня 1943 года. Невялікае падраздзяленне на чале з парторгам на лодках паспяхова пераадолела водную перашкоду. Байцы і афіцэры замацаваліся на плацдарме, адбіваючы контратакі немцаў. Дзякуючы іх стойкасці батальён здолеў утрымаць пазіцыі і замацавацца на пануючых высотах. На наступны дзень адважны старшына быў паранены. За мужнасць і смеласць, праяўленыя ў баі, камандаваннем палка Сямён Крывец быў прадстаўлены да ордэна Леніна. Ва ўзнагародным лісце, які прайшоў шэраг вышэйшых інстанцый, уключаючы камандуючага 47-й арміяй генерал-лейтэнанта Жмачэнку, значыцца рэзалюцыя, што наш зямляк дастойны прысваення звання Героя Савецкага Саюза. Хутчэй за ўсё, Сямён Крывец не атрымаў заслужаную ўзнагароду — згодна са знойдзенымі звесткамі ён памёр у эвакашпіталі №423. Такім чынам, рашэнню камандавання так і не быў дадзены далейшы ход. Можна меркаваць, што гэта адбылося па той прычыне, што прадстаўленне да ўзнагароды было напісана на жывога чалавека, а не на пасмяротнае прысваенне высокага звання.
Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Леніна ўраджэнец вёскі Занькі Піліп Занько. У Чырвоную армію ён прыйшоў добраахвотнікам у 1920 годзе. Удзельнік савецка-польскай і савецка-фінскай войнаў, сапраўдны баявы афіцэр. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны быў у дзеючай арміі на камандных пасадах. Вызваляў Калінінскую, а затым Смаленскую, Пскоўскую вобласці. Тройчы быў паранены, але пасля лячэння зноў вяртаўся ў строй. Пасля чарговага ранення Піліпу Дзмітрыевічу было прапанавана ўзначаліць Разанскае пяхотнае вучылішча, выпускніком якога ён з’яўляўся. Але герой вярнуўся на фронт.
24-га лютага 1944 года ў баі на падыходах да горада Пскова падпалкоўнік Занько, начальнік палітаддзела, намеснік камандзіра 326 стралковай дывізіі ішоў у баявых парадках палка з ротай аўтаматчыкаў. Сустрэўшы супраціўленне праціўніка, першым пайшоў у атаку. Быў паранены, але застаўся на полі бою, дзе другой куляй быў паранены смяротна. Па дарозе ў санітарную часць ён памёр.
З прадстаўлення Занько Піліпа Дзмітрыевіча да ордэна Леніна: “У 1942 годзе з групай байцоў бясстрашна рынуўся ў атаку на фашысцкіх аўтаматчыкаў, якія заселі ў хляве. Атрымаўшы раненне ў грудзі, працягваў ісці ў атаку, заахвочваючы байцоў прыкладам бясстрашнасці. Дзве гарматы ворага былі захоплены, а разлікі перабіты. У 1943 годзе Занько першым на танку ўварваўся ў вёску Замошыцы, дзе быў цалкам разгромлены гарнізон ворага. Яго заўсёды можна было бачыць сярод байцоў у крытычную хвіліну бою наперадзе, падымаючы байцоў і камандзіраў у атаку”. Гераічныя ўчынкі Піліпа Занько адзначаны пяццю ордэнамі: Чырвонага Сцяга (двойчы), Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Леніна — пасмяротна.
Ураджэнцы Лепельшчыны Іван Ерашоў, Вячаслаў Квіцінскі, Мікалай Тамашэвіч, Іван Туфтаў, Павел Ялугін, якія былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, аўтаматычна да гэтага звання разам з медалём “Залатая Зорка” атрымалі ордэн Леніна.
Двума ордэнамі Леніна ўзнагароджаны ўраджэнец вёскі Антавільна Вячаслаў Квіцінскі. Першым ордэнам Леніна ён адзначаны ў верасні 1943 года. За гераічныя подзвігі, праяўленыя пры выкананні баявых заданняў, і за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху на Украіне і ў Чэхаславакіі Вячаславу Квіцінскаму другога мая 1945 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем другога ордэна Леніна. Узнагароджаны таксама ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, чатырма ордэнамі Чэхаславакіі, медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені.
Ордэнам Леніна былі ўзнагароджаны Вікенцій Рагавенка, Васіль Краўчанка, Міхаіл Хаванскі, Фёдар Міхно, Аляксей Красноў, Васіль Агарак. Большасць з іх атрымалі ўзнагароду ў пасляваенны перыяд за выслугу гадоў.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Карніловіча, Сцяпана Чэрвінскага, Міхаіла Ермачкова, Вульфа Лібермана, Пятра Сцепука, Іларыёна Куляшова камандаванне прадстаўляла да ордэна Леніна, але вышэйшае кіраўніцтва ў выніковым заключэнні замяняла ўзнагароду на ніжэйшы па рангу ордэн Чырвонага Сцяга.
Валерый ТУХТА,
краязнаўца.
Фота з сямейнага архіва Аляксея Галавіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.