Лепель, Тебе посвящаю…

img_3429У мастацкім салоне “Скарбонка” Цэнтра рамёстваў распачала працу персанальная выстава вядомага на Лепельшчыне мастака Уладзіміра Пшонкі. Шэраг цудоўных твораў аб’яднаны назвай “Лепель, табе прысвячаю…”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка павіншавала мастака з адкрыццём выставы, а таксама з 70-гадовым юбілеем.
— Уладзімір Іванавіч, мы вельмі рады таму, што вы святкуеце свой чарговы дзень нараджэння ў асяроддзі творчых і неардынарных людзей, — адзначыла Алена Іванаўна. — Нам вельмі прыемна, што такая важная дата адзначаецца менавіта тут. Ад свайго імя і ад імя ўсіх прысутных хачу пажадаць вам самага галоўнага: здароўя, аптымізму і каб вашыя блізкія вас заўсёды радавалі. Сёння я пачула ад вас паведамленне пра заканчэнне творчай дзейнасці. Аднак хачу сказаць, што яна ў вас толькі пачынаецца. Я прайшлася па галерэі, паглядзела вашы работы — і заўважыла ваш значны творчы рост. Таму шчыра прашу вас не пакідаць пэндзлі і фарбы. На святкаванні вашага 75-гадовага юбілею сустрэнемся ў гэтай жа зале!
На адкрыцці выставы прысутнічалі калегі і сябры Уладзіміра Пшонкі. Госці прыйшлі раздзяліць з ім гэты радасны дзень і павіншаваць яго. Алена Бязега пажадала юбіляру здароўя, поспехаў у працы, а ў сям’і — шчасця, любві і паразумення. Іван Будзіч адзначыў, што работы прадстаўлены дастойныя, на іх прафесійна адлюстравана рэальнасць, а стыль Уладзіміра Пшонкі — пазнавальны, не падобны ні да каго. А Аляксандр Саўчанка дадаў, што юбіляр з’яўляецца майстрам не толькі пейзажу, але таксама партрэта і нацюрморта. З душой падыходзіць да сваёй справы, далікатна, тонка стараецца перадаць тое, што малюе. Аляксандр Аляксандравіч пажадаў Уладзіміру Іванавічу заставацца такім, які ён ёсць, і выказаў спадзяванні, што ім давядзецца яшчэ шмат крочыць разам. Бо мастак заўсёды расце, развіваецца, а таму не трэба завяршаць сваю кар’еру.
Алена Барадзейка ўручыла юбіляру падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама ад усіх работнікаў Цэнтра рамёстваў, членаў заслужанага аматарскага калектыву “Скарбонка”. Да віншаванняў далучыўся і калектыў Лепельскага раённага краязнаўчага музея.
— Жадаем вам ідэальнага спалучэння фарбаў у кожнай вашай карціне, нястомнага натхнення і сапраўднай дасканаласці ў кожным узмаху рукі і пэндзля, — сказала прадстаўніца музея Марына Неміровіч. — Няхай кожны дзень вашага жыцця будзе напоўнены дабрынёй, любоўю, дабрабытам і гармоніяй.
Уладзімір Пшонка расказаў пра тое, як рыхтавалася выстава. Яна далася мастаку вельмі цяжка, таму што ён пачаў пісаць позна. Кіраўніца мастацкага салона “Скарбонка” Ніна Звягінцава ў красавіку прапанавала выставіцца — тады ён нават яшчэ не рыхтаваўся. Часу было няшмат, але вынік уражвае: 31 работа за амаль сем месяцаў стараннай працы.
— Я вельмі рад, што ўклаўся ў тэрмін і не падвёў. Нізка кланяюся вам усім за тое, што прыйшлі сюды і падзялілі са мной гэтую радасць, — сказаў Уладзімір Іванавіч.
Пра свае работы таленавіты мастак расказвае, што ён імкнецца дакладна адлюстраваць месцы, якія бачыць, бо гэтыя карціны застануцца як памяць для нашчадкаў. А сваім любімым месцам называе гарадскі парк. Уладзімір Пшонка адзначае, што складаней за ўсё для яго працаваць над партрэтамі, таму што ў іх неабходна перадаць пачуцці чалавека, яго настрой, зразумець яго душу.
— Пейзаж крыху прасцей, там ты можаш што-небудзь сказіць, а ў партрэце трэба старацца перадаваць толькі дакладна, каб чалавек быў падобны да сябе і знешне, і ўнутраным станам, — дзеліцца Уладзімір Іванавіч.
Алена МАРЦІНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.