Лепельчане — в лидерах по гонкам на лыжероллерах

Адбыўся адкрыты Кубак Віцебскай вобласці па гонках на лыжаролерах сярод аматараў, які праходзіў у Гарадоцкім раёне. У апошнія гады гэты від спорту стаў вельмі папулярным у нашай краіне. Нароўні з моладдзю на трасах намотваюць кіламетры прадстаўнікі ветэранскага спартыўнага руху. Усе ўдзельнікі марафонаў вядуць актыўную дзейнасць, бо ў іх у прыярытэце — здаровы лад жыцця.

Як мы ўжо раней адзначалі, наш раён, ды і Віцебскую вобласць у цэлым, прадстаўлялі на спаборніцтвах сям’я Глазко, Юрый і Ганна, а таксама Ігар Перхуровіч, якія заўсёды знаходзяцца на лідарскіх пазыцыях не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы.

Лыжаролерная траса ў адкрытым кубку для мужчын была прадстаўлена адлегласцю 42 кіламетры, для жанчын — 21 кіламетр. Трэба адзначыць, што максімальная працягласць круга – 6100 метраў. Колькасць уздымаў і спускаў вар’іруецца на розных дыстанцыях. Найбольшы перапад вышыні на гарадоцкай трасе — дваццаць восем метраў.

Хоць траса ва ўрочышчы «Вараб’ёвы горы» адносна маладая, аднак нават прафесіяналы адзначаюць яе як адну з самых складаных у рэспубліцы. Яна можа канкурыраваць з Раўбічамі. Тут дарожкі на метр шырэй, ды яшчэ прырода стварыла цікавы рэльеф і маляўнічыя краявіды.

Хоць гэты старт быў для нашых землякоў не простым, бо Юрый і Ганна знаходзіліся на стадыі рэабілітацыі пасля перанесенага COVID-19, лепяльчане паказалі добрыя вынікі. Так, напрыклад, Ганна ў асабістым заліку паднялася на другую прыступку п’едэстала. Выдатна фінішавалі і лепяльчане-мужчыны. У камандным заліку Віцебская вобласць заняла першае месца. У большай ступені, я ўпэўнена, гэта дзякуючы нашым землякам, бо з Лепельскага раёна было самае вялікае прадстаўніцтва ў зборнай.

Ганна ўпэўнена, калі выключыць з рацыёну спартыўную дзейнасць — жыццё стане не такім яркім і не будзе таго энтузіязму і настрою, якія прысутнічаюць у ёй цяпер.

Сям’я Глазко без спорту ўжо не ўяўляе сваё жыццё, удзельнічае ў шматлікіх спаборніцтвах і заваёўвае ўзнагароды ў сваіх узроставых групах.

Паназіраўшы за спартсменамі ў інтэрнэце, якія «ляцяць» на лыжаролерах па трасе, скажу адно: гэты від спорту вельмі хуткасны. Калі ўпадзеш на асфальт, мала не падасца. У лыжаролераў няма тармазоў, і яны не такія манеўраныя, як веласіпед. Таму ўсім удзельнікам спаборніцтваў трэба выконваць на трасе асаблівую асцярожнасць.

Віншуем лепяльчан з перамогай і ганарымся імі!

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.