Лепельчанин Николай Горбачев в составе делегации от Витебской области в Копыле

У першую нядзелю верасня штогод у нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. На гэты раз у якасці сталіцы гэтага свята шматлікіх удзельнікаў і гасцей прымаў горад Капыль Мінскай вобласці, у якім з гэтай нагоды ў апошнія месяцы былі праведзены вялікія работы па добраўпарадкаванні, рэканструкцыі і будаўніцтве аб’ектаў жыллёвай і сацыяльна-культурнай сферы. У дэлегацыю Віцебшчыны, якая была запрошана наведаць святочныя мерапрыемствы ў Капылі, увайшлі галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Святлана Дзядзінкіна, члены ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”: Тамара Краснова-Гусачэнка і Алена Мартынава (Маргот) з Віцебска, Мікола Гарбачоў з Лепеля, Сяргей Трафімаў з Оршы, Ірына Багданава, Пётр Буганаў, Галіна Загурская і Аляксандр Раткевіч з Полацка.

Прадстаўнікі Прыдзвінскага краю прыехалі ў Капыль яшчэ ў суботу, 4 верасня, з цікавасцю паглядзелі на абуладкаваным у адпаведнасці з усімі сучаснымі патрабаваннямі стадыёне футбольны матч паміж зборнымі камандамі беларускіх пісьменнікаў і мясцовых школьнікаў-старшакласнікаў. Упарты і бескампрамісны спартыўны паядынак закончыўся ўнічыю, што вельмі задаволіла абодва бакі, паколькі ў выніку перамагло сапраўднае сяброўства паміж пісьменнікамі і тутэйшай моладдзю.

Затым у поўнасцю запоўненай вялікай зале Капыльскага раённага Цэнтра культуры адбылася прэзентацыя літаратурна-канцэртнай праграмы “Квітней, Радзіма і яе народ”, у ходзе якой выступіў намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, прайшла творчая сустрэча са старшынёй ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалаем Чаргінцом, пад удзячныя авацыі гледачоў асабіста выканаў свае вельмі папулярныя песні знакаміты кампазітар Эдуард Ханок і быў прадэманстраваны цікавы, вострасюжэтны мастацкі фільм “Чорны пёс”.

Непасрэдна ў Дзень беларускага пісьменства ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты памятны знак вядомаму беларускаму паэту Цішку Гартнаму (Жылуновічу) –- ураджэнцу Капыльшчыны, а на цэнтральнай сцэне свята адбылося ўшанаванне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Аўтарам лепшай кнігі паэзіі быў прызнаны Віктар Шніп, прозы –- Віктар Праўдзін, публіцыстыкі –- Аляксандр Радзькоў, літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства –- Аляксандр Карлюкевіч. За лепшы твор для дзяцей і юнацтва была ўзнагароджана Валянціна Паліканіна, за лепшы дэбют –- Кацярына Стройлава. Дарэчы, Віктар Праўдзін дзяцінства і школьныя гады правёў у Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці, а цяпер, хаця і жыве ў Мінску, шмат часу праводзіць на сваім добраўпарадкаваным лецішчы ў адной з вёсак Глыбоцкага раёна. Прынамсі, летась Віктар Праўдзін наведваў наш родны край і ў Лепельскай раённай бібліятэцы сустракаўся з чытачамі.

У час праходжання святочных падзей у Капылі стаяла цёплае, сонечнае надвор’е. Таму на вуліцах горада было вельмі шматлюдна, многія мясцовыя жыхары займальна і змястоўна праводзілі свой вольны час цэлымі сем’ямі, разам з дзецьмі. Яны знаёміліся з выставай газет і часопісаў пад назвай “17 верасня – Дзень народнага адзінства”, экспазіцыямі кніг гістарычнай тэматыкі, разнастайнай мастацкай літаратуры на самы розны густ і ўзрост, прытым маглі не толькі набыць творы любімых аўтараў, а і атрымаць ад іх аўтограф на памяць. Тым больш, што асобна была зладкавана і працавала пляцоўка “Слова пісьменніка”, на якой літаратары расказвалі аб сваіх творчых здабытках, дзяліліся планамі на бліжэйшую будучыню. Выступілі на ёй і прадстаўнікі Віцебшчыны. Прынамсі, Мікола Гарбачоў быў прэзентаваны не толькі як празаік, публіцыст, а і паэт. Акрамя ўсяго іншага, ён прачытаў свой верш пад назвай “Жанчынам”, які прысвяціў прыгожым і мужным, самым лепшым нашым зямлячкам, што ў 2020 годзе прынялі ўдзел у першым аўтапрабегу на Лепельшчыне пад дзяржаўнымі сцягамі і патрыятычным дэвізам “За Беларусь!”:

 

На кожным кроку ў жыцці

Нябачна, ветліва і чынна

Дапамагаюць нам ісці

І верыць лепшаму

Жанчыны.

 

Знясіленых у барацьбе

Дабра са злом, з любой прычыны,

Сагрэюць нас сваім цяплом,

Адданай вернасцю

Жанчыны.

 

І сонца нам нясуць у руках

Мазолістых ад працы шчырай,

Вышэй за ўсіх трымаюць сцяг

Радзімы нашае

Жанчыны.

 

Часцей страчаючы бяду

У паўсядзённых пуцявінах,

Да шчасця светлага вядуць

Нас нашы мілыя

Жанчыны.

 

Квітнее родная зямля.

Вясна віруе ў сэрцы сына…

Заўсёды –-

Зблізку і здаля –-

Мы адчуваем вас,

Жанчыны.

У наступным годзе святкаванне Дня беларускага пісьменства будзе арганізавана ў Добрушы Гомельскай вобласці –- на малой радзіме народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна, якому сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння. Дэлегацыі Віцебшчыны і іншых абласцей Беларусі, а таксама горада Мінска будуць таксама запрошаны наведаць гэты горад на поўдні нашай краіны, дзе зноў прымуць удзел у разнастайных мерапрыемствах і будуць у чарговы раз мець магчымасць, як вельмі трапна кажуць у такіх выпадках у народзе: “І на іншых паглядзець, і сябе паказаць!”

 М.АЗЁРНЫ.

На здымку: на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Капылі Мінскай вобласці выступае Мікола Гарбачоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.