Лепельчанин о дополнениях в Конституцию

Поўнасцю падтрымліваю прапанаваныя для ўнясення ў якасці дапаўнення ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь наступныя словы: “Дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчннай вайны”. Тым больш, што, на вялікі жаль, усё менш і менш застаецца ў жывых ветэранаў той вайны, бо існаванне чалавека на зямлі не бязмежнае, час бярэ сваё. Напрыклад, крыху больш як дзесяць гадоў ужо прайшло, калі не стала яшчэ аднаго ветэрана Вялікай Айчыннай вайны — Мікалая Сілівеевіча Гарбачова з вёскі Аношкі. Ён быў сувязным партызанскай брыгады імя Сталіна. А мог бы і проста перачакаць ліхалецце ў аддаленай вёсцы, не падвяргаць небяспецы сваё жыццё, асабліва ўлічваючы свой адносна малады ўзрост, і зыходзячы з памылковага меркавання асобных людзей: “Мая хата з краю!” Менавіта так сябе тады паводзілі некаторыя мясцовыя жыхары, якія потым пісалі у сваіх аўтабіяграфіях, што “займаліся сельскай гаспадаркай” у перыяд часовай нямецка-фашысцкай акупацыі Лепельшчыны ў 1941-1944 гады. Дарэчы, гэтыя “патрыёты” таксама ў асноўным ужо пайшлі з жыцця, аднак яны не пакінулі пасля сябе, як вельмі трапна сцвярджаў знакаміты французскі пісьменнік Анарэ дэ Бальзак, “нават ценю на сцяне”. Што ж тычыцца франтавікоў і партызан, усіх удзельнікаў усенароднага змагання з гітлераўцамі, то яны навечна застануцца ў памяці нашчадкаў, паколькі здзейсненымі за сваё жыццё справамі зрабілі сябе бессмяротнымі. Прынамсі, іх імёны залатымі літарамі запісаны ў кнізе “Памяць. Лепельскі раён”, іншых друкаваных выданнях.

Як і пераважная большасць іншых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, у пасляваенны час Мікалай Гарбачоў таксама пражыў дастойнае жыццё. Яго бацька-франтавік быў цяжка паранены ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў ужо ў самым канцы вайны — у красавіку 1945 года, а праз некалькі дзён памёр у шпіталі. Таму вельмі няпроста было Мікалаю Сілівеевічу, як старэйшаму сыну ў шматдзетнай сям’і, ладзіць падсобную вясковую гаспадарку разам з удавой — сваёй маці Дар’яй, на руках якой былі яшчэ малалетні сын Міхаіл і двухгадовая дачка Марыя. Акрамя таго, даводзілася рэгулярна працаваць на калгасным полі, зарабляць працадні, пры гэтым знаходзіць нейкі вольны час на падрыхтоўку да паступлення на вучобу ў Лепельскае педагагічнае вучылішча. Вельмі цяжка ўявіць, як усё ж хапала сіл Мікалаю Гарбачову яшчэ потым доўгі час хадзіць з Аношак у Лепель на заняткі у педвучылішча. На шчасце, затым яму нейкім чынам удалося набыць веласіпед, і ён змог ужо на ім дабірацца ў горад.

Не выклікала ніякага здзіўлення ў людзей, якія добра ведалі мэтанакіраванасць і настойлівасць Мікалая Сілівеевіча, калі ён у 60-я гады дваццатага стагоддзя завочна скончыў і фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута. Дарэчы, аб тым, як вельмі любілі і паважалі вучні Мікалая Гарбачова як настаўніка, сведчыць ужо толькі тое, што калі яны пасля заканчэння навучальнай установы выпадкова сустракаліся, першае пытанне, якое звычайна задавалі адзін другому, было такое: “Як там Мікалай Сілівеевіч?!” Проста Мікалай Гарбачоў быў вельмі добрым расказчыкам, дарадцам і суразмоўцам, надзвычай займальна і даходліва тлумачыў нават складаныя матэматычныя формулы і фізічныя з’явы, стараўся да драбніц давесці ўсё непасрэдна на ўроку, каб матэрыял быў добра засвоены вучнямі. А калі заўважаў стомленасць школьнікаў, рабіў невялікі перапынак, да месца прыводзіў нейкі цікавы выпадак са свайго жыцця або лёсаў іншых людзей. І гэта здымала напружанне, рабіла змястоўным, займальным кожны ўрок, не кажучы ўжо пра пазашкольныя мерапрыемствы, турыстычныя падарожжы, якія адбываліся з удзелам настаўніка. Не выпадкова таму ў 1977 годзе Мікалай Сілівеевіч як лепшы настаўнік Замошскай васьмігадовай школы быў узнагароджаны Ганаровай граматай аддзела адукацыі Чашніцкага райвыканкама, а ў 1986 годзе ён ужо як перадавы настаўнік Велеўшчынскай васьмігадовай школы быў адзначаны Ганаровай граматай аддзела адукацыі Лепельскага райвыканкама.

Вядомае крылатае выказванне сцвярджае, што за сваё жыццё чалавек павінен пабудаваць дом, выгадаваць сына і пасадзіць дрэва. На шчасце, усё гэта паспеў зрабіць Мікалай Гарбачоў. Пабудаваны ім жылы дом у Аношках і цяпер застаецца адным з самых вялікіх і прыгожых у вёсцы. Разам са сваёй жонкай Надзеяй ён выхаваў, дапамог атрымаць адукацыю, падрыхтаваў да дарослага жыцця трох сыноў і дачку. Усе асабіста пасаджаныя Мікалаем Сілівеевічам на прысядзібным зямельным участку пладовыя дрэвы па-ранейшаму кожную восень радуюць выдатным ураджаем. Дарэчы, ніколі раней у Аношках не раслі, не прыжываліся вішні, чамусьці яны гінулі. З гэтым Мікалай Гарбачоў ніяк не мог змірыцца. І ў рэшце рэшт ён дабіўся станоўчага выніку: адна з пасаджаных ім вішань усё ж прыжылася, дала плады. А парасткі гэтага дрэва потым прыжыліся, сталі пладаносіць і ў іншых мясцовых жыхароў.

Трывалыя, надзейныя карані пусціў Мікалай Сілівеевіч на роднай зямлі. І зноў зусім не выпадкова ў канцы 70-х гадоў дваццатага стагоддзя ён быў выбраны дэпутатам Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў . Так склалася, што ў яго выбарчую акругу тады ўваходзілі дзве суседнія вёскі — Аношкі і Сталюгі. Вялікае здзіўленне было на тварах тых, хто падлічваў галасы выбаршчыкаў па выніках тайнага волевыяўлення: адзіным дэпутатам Слабадскога Савета дэпутатаў, якому людзі аказалі давер аднагалосна, аказаўся Мікалай Гарбачоў. Вопыт дэпутацкай дзейнасці спатрэбіўся яму і тады, калі аднавяскоўцы выбралі Мікалая Сілівеевіча старшынёй сельскага камітэта Аношак. Аб плённай яго дзейнасці на гэтай грамадскай пасадзе сведчыць Ганаровая грамата райвыканкама, якой быў ушанаваны Мікалай Гарбачоў за дасягненне лепшых паказчыкаў у спаборніцтве за высокую культуру вёскі па Слабадскім сельсавеце па выніках 1982 года. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, выніковую работу на пасадзе старшыні селькама вёскі Аношкі ён быў заахвочаны Ганаровай граматай райвыканкама і ў красавіку 1984 года. Грамадскім “галавой”, старэйшынай вёскі Аношкі быў Мікалай Сілівеевіч амаль да таго часу, пакуль не пайшоў з жыцця. Менавіта дзякуючы яго намаганням, актыўна падтрыманым і аднавяскоўцамі, Аношкі набылі дагледжаны, добраўпарадкаваны выгляд, які захоўваецца і па сённяшні дзень.

Дзякуй усім вам, дарагія ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, што вы адваявалі, захавалі нам гэтую цудоўную краіну, якая называецца Рэспубліка Беларусь! А мы, вашы нашчадкі, пастараемся быць дастойнымі вас! Вашы ж аптымістычныя, яскравыя позіркі, якія глядзяць на нас са старых фотаздымкаў, з далёкага мінулага, не дазволяць нам стаць раўнадушнымі, будуць настойлівым, незабыўным напамінам аб тым, што ёсць такія дасягненні і каштоўнасці, ад якіх нельга адрачыся. Іх трэба абавязкова захаваць, зберагчы, як зрэнку вока, нягледзячы на ўсе няпростыя выклікі сучаснасці. І хуткае прыняцце на рэспубліканскім рэферэндуме змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь нам у гэтым павінна дапамагчы.

М.АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.