Лепельчанин удостоен почётного знака

Майстар лесу Слабадскога лясніцтва дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Лепельскі лясгас” Міхаіл Грэчны да Дня работнікаў лесу ўдастоены ганаровага знака “30 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь”. Аднак сустрэцца і пагутарыць з адказным работнікам мне ўдалося не ў Слабадзе ці на лясных абшарах, а ў Лепелі, калі Міхаіл Мікалаевіч збіраўся наведаць Мінск для атрымання ўзнагароды.

— Міхаіл Мікалаевіч, раскажыце, як у вас узнікла жаданне звязаць сваё працоўнае жыццё з лесам?

— Нарадзіўся і вырас я ў Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Скончыўшы школу, спачатку меркаваў звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай, паступіў у Лужаснянскі саўгас-тэхнікум. Аднак праз некалькі месяцаў мяне прызвалі ў армію. У савецкі час адтэрміноўку ад праходжання службы для вучобы не давалі. Выканаўшы свой грамадзянскі абавязак, у Лужасна ўжо не вярнуўся, пайшоў працаваць на завод бытавой газавай апаратуры ў Брэсце (зараз —“Гефест”). Тут мне нават выдзелілі месца ў інтэрнаце. Аднойчы мы размаўлялі з прыяцелем, і ён параіў мне пайсці ў Полацкі лясны тэхнікум, сказаў: “Давай паспрабуем паступіць, ты ж лес любіш, паляўнічы…”. Мне гэта ідэя спадабалася. На наступны дзень звярнуўся да начальніка цэха, сказаў, што звальняюся, каб паступаць і вучыцца, і той не пярэчыў. Цягнік на Мінск адыходзіў а 2-й гадзіне ночы. Прыходжу на вакзал, а прыяцеля, які параіў мне паступаць, няма. Аднак я не адступіў ад свайго рашэння. Паехаў у Полацк, падаў дакументы — і мяне залічылі. Як потым высветлілася, такіх, як я, пасля службы ў войску, налічвалася палова групы. Гэта было ў 1985 годзе. Пазней, калі прыязджаў у госці ў Брэст, у таго прыцяеля запытаўся, чаму ён не паехаў паступаць. Ён адказаў, што перадумаў у апошні момант.

— Успомніце ваш першы працоўны дзень…

— Пасля заканчэння тэхнікума па размеркаванні мяне накіравалі працаваць у Бярэзінскі біясферны запаведнік, а затым — у Ражнянскае лясніцтва. Памятаю, прыехаў я ў Рожна 27 сакавіка 1987 года, а мароз у той дзень быў каля 30 градусаў! Гэтым першы дзень і запомніўся. Лясніцтва месцілася ў старым драўляным доўгім будынку. Ляснічым працаваў Міхаіл Лыцін, ветэран працы. Мяне ж прызначылі майстрам лесу. Мой участак размяшўчаўся на беразе Бярэзіны, уключаў абходы 3-х леснікоў: Івана Шацілы, Міхаіла Дземідовіча і Міхаіла Клімковіча. Гэта былі дасведчаныя работнікі, якія не адзін дзясятак год адпрацавалі ў лесе. Ад іх я пераняў шмат вопыту і добра ведаў пра лес, яго насельнікаў.

— Раскажыце пра самую адметную падзею са сваёй працоўнай біяграфіі.

— За больш, як 30 гадоў працы такіх падзей было вельмі шмат. Зараз узгадалася першая сустрэча з мядзведзем. Ехаў я на бартавым аўтамабілі УАЗ з Рожна ў бок Слабодкі — вёскі, што знаходзіцца ў 7 кіламетрах ад лясніцтва, ужо на тэрыторыі Докшыцкага раёна. Па лясах тады былі расстаўлены курылкі — некалькі лавачак і спецыяльна перакапаны пятачок, каб можна было адпачыць, пакурыць і недакурак акуратна затаптаць у зямлю. Бачу — у адной з курылак лавачка звернута набок. Калі б са мной побач быў хто-небудзь з вопытных работнікаў, ён бы мяне папярэдзіў, маўляў, не спяшайся, паглядзі на сляды, не будзе чалавек проста так лавачку набок нахіляць… Я спыніўся, падышоў, паправіў, збочыў прыблізна за 15-20 метраў у маліннік, якраз у той час маліны паспявалі. Раптам пачуў сапенне, глянуў управа — каля 10 метраў ад мяне стаіць на задніх лапах мядзведзь і пярэднімі лапамі ягады да сябе падграбае! Я паціху пайшоў да машыны, а мядзведзь гэтак жа няспешна — за мной. Я заскочыў у кабіну, зачыніўся, а мішка воддаль прыўстаў на заднія лапы, з цікавасцю пазірае. Заводжу матор, пакрыху адязджаю — звер яшчэ 30-40 метраў ішоў услед, а потым страціў цікавасць, збочыў у лес.

— Міхаіл Мікалаевіч, вы шмат гадоў аддалі працы ў лесе. Ці здарыўся хоць аднойчы выпадак, калі б вы з горыччу шкадавалі пра свой выбар?

— Ніколі!

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымку: майстар лесу Міхаіл Грэчны

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.