Лепельчанин знает электрооборудование как свои 5 пальцев

Ёсць людзі, якія застаюцца вернымі роднаму прадпрыемству, працуючы на ​​адным месцы па 30 і больш гадоў. За гэты час «работнікі-доўгажыхары» становяцца прафесіяналамі сваёй справы і перадаюць вопыт маладым.

Менавіта пра такога чалавека пойдзе размова ў публікацыі. Віктар Кахановіч працуе электрыкам па рамонце і абслугоўванні абсталявання ў філіяле Лепельскі хлебазавод ААТ «Віцебскхлебпрам» з 1985 года, добрасумленна выконвае вытворчыя заданні, шмат разоў выяўляў праблемы ў рабоце абсталявання, праяўляў ініцыятыву ў вырашэнні рознага кшталту праблем.

Працоўны шлях

За гэтай лаканічнай характарыстыкай Віктара Уладзіміравіча — адказная праца і поспехі, а за яго плячыма — багаты вопыт. Мужчына ведае электраабсталяванне як свае пяць пальцаў. За гэта яго шануюць і паважаюць калегі, звяртаюцца за саветам да высакакласнага майстра «электрычнай» справы.

Віктар Кахановіч нарадзіўся і вырас на Лепельшчыне, за значны перыяд свайго жыцця ніколі не імкнуўся за лепшай доляй у іншыя гарады і тым больш краіны.

Пасля заканчэння базавага ўзроўню СШ №4 накіраваўся атрымліваць прафесію ў Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум. Набыўшы спецыяльнасць тэхніка-механіка, уладкаваўся ў ПМК-24. Аднак там папрацаваў менш за год, бо трэба было праходзіць тэрміновую службу. Пасля дэмабілізацыі Віктар Уладзіміравіч прыйшоў на экскаватара-рамонтны завод дэфектоўшчыкам дэталяў. Праз невялікі прамежак часу зразумеў, што не яго гэта справа, таму пасля курсаў у Мінску 3 гады рамантаваў тэлевізары і іншую тэхніку сваіх землякоў у тэлеатэлье, якое ў свой час знаходзілася каля базару.

— Трэба сказаць, што работа ў тэлеатэлье была сезонная, як бы гэта дзіўна ні гучала. Летам людзям тэлевізары не патрэбны былі: больш праводзілі часу на агародзе, на свежым паветры. Як толькі зіма надыходзіла, пачыналі рамантаваць тэхніку. Таму ў цёплы перыяд заработная плата была зусім малая ў спецыялістаў.

У 1985 годзе Віктар Уладзіміравіч упершыню пераступіў парог хлебазавода ў якасці майстра кантрольна-вымяральнага прыбору і аўтаматыкі. Пазней быў інжынерам-электрыкам, інжынерам-энергетыкам… І вось з вядучага інжынера-энергетыка мой суразмоўца пераходзіць на пасаду электрыка, дзе працуе ўжо 6 гадоў. Здавалася б, шмат прафесій памяняў, але ўсе яны на адным прадпрыемстве.

Працоўны дзень у Віктара Уладзіміравіча звычайны – з 8 да 17 гадзін. Адразу накіроўваецца да майстра, які ставіць задачы на ліквідаванне розных праблем з абсталяваннем. Акрамя гэтага, кожны дзень праводзіцца прафілактыка абсталявання. З’яўляюцца і непрадказальныя сітуацыі, дзе трэба дзейнічаць рашуча, прафесійна і хутка. Бо ад спраўнасці абсталявання залежыць якасць хлеба-булачных вырабаў і своечасовая дастаўка смачнай прадукцыі да спажыўца.

Часам даводзіцца і ўначы ці выхадны дзень “падарвацца” з ложка, бо тэлефануюць дзяўчаты з цэха з просьбай дапамагчы вырашыць праблему.

Як адзначае начальнік цэха Ірына Броўкіна, Віктар Уладзіміравіч ніколі не адказвае ў просьбе, хуценька спяшаецца на дапамогу калегам.

— Які выпадак вам больш за ўсё запомніўся за ўвесь перыяд працы?

— Ну, напрыклад, гадоў 20 таму адбыўся пажар. Зімою “тапілася” кацельня вадкім палівам, якое крыху падмерзла. Назапашвальны бак разарвала, адбылося ўзгаранне. Пасля ад’езду пажарных мы з хлопцамі хутка выправілі сітуацыю і запусцілі кацельню, — кажа мой суразмоўца.

— Як паспяваеце ісці ў нагу з часам, наладжваць працу найноўшага абсталявання?

— Так, за гады працы змянілася вельмі шмат на прадпрыемстве, — распавядае Віктар Уладзіміравіч. — Павялічылася колькасць абсталяванне: печы, растоечны шкаф, дзе падыходзіць цеста, машыны для перамешвання, дзялення, упакавання і іншыя. — Галоўнае — быць нераўнадушным за вытворчасць і захопленым. Працуючы ў гэтай сферы, даводзіцца ўвесь час павышаць свой узровень ведаў, вывучаць новае абсталяванне. Бо тэхніка ўдасканальваецца, а гэта патрабуе адпаведных ведаў. Адставаць ні ў якім разе нельга. Раней былі кнопка, прывад, рухавік, выключальнік – і, напэўна, усё. Цяпер жа – мікрапрацэсары, бескантактавыя датчыкі і шмат чаго іншага.

Пацікавілася, адкуль такое разуменне складанай тэхнікі ў мужчыны. Як аказалася, яшчэ ў дзяцінстве Віктар Уладзіміравіч наведваў гурток радыёэлектронікі. Вялікі вопыт у гэтай сферы дала праца і ў тэлеатэлье.

— Важнай з’яўляецца і бяспека ў гэтай сферы…

— Так, самакантроль і бяспека ў электрыкаў стаяць на першым месцы. А гэта найперш разуменне таго, што любое тваё няправільнае дзеянне можа паўплываць на стан аховы працы, бяспеку прадпрыемства, людзей. Падрыхтоўка да працы, дакладнае выкананне інструкцый, кантроль за выкананнем работ — гэта складальнікі бяспекі. Іх і стараюся прытрымлівацца, — падкрэслівае мужчына.

Зазірнула і ў майстэрню майго суразмоўцы. Здзівіла тое, што там сярод рэчаў для рамонту сучаснай тэхнікі стаіць акварыум з рыбкамі. Дзве залатыя і адна беленькая ўжо каля года жывуць на заводзе. А злавіў іх мужчына на сажалцы ля РАУС.

А яшчэ налічыла 6 гадзіннікаў на сцяне – і ўсе працуюць. Сярод іх выдзяляецца прыгожы гадзіннік з зязюляй, аднак гаспадар перастаў яго заводзіць з-за своеасаблівага “ку-ку”.

Справы сямейныя

У майго суразмоўцы — 2 сыны, якія таксама пэўны перыяд працавалі на заводзе: Юрый — электрагазазваршчыкам і Яўген — слесарам-сантэхнікам. Цяпер Яўген працуе ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах РБ па Лепельскім раёне, а Юрый  — у лясгасе.

У Віктара Уладзіміравіча і Валянціны Андрэеўны падрастаюць трое ўнукаў, якія вельмі любяць наведвацца да бабулі і дзядулі. Калі збіраецца сям’я разам, абавязкова ладкуецца лазня і клёцкі ці шашлыкі – любімыя стравы Кахановічаў.

***

Пасля цікавай гутаркі некалькі слоў хочацца сказаць пра само прадпрыемства. Аказваецца, Лепельскі хлебазавод узгадваецца ў далёкім 1925 годзе. У той час была адкрыта пякарня, дзе працавалі 2 чалавекі.

На 1 студзеня 1936 года ў пякарні працавалі 43 чалавекі, з іх вытворчых рабочых — 20 чалавек. За 1935 год выпушчана 1930,6 тоны чорнага хлеба, белага — 562,4 тоны. У 1940 годзе магутнасць пякарні складала 15 тон хлеба ў суткі.

У перыяд нямецкай акупацыі будынак быў знішчаны немцамі. Пасля вызвалення горада Лепеля зноў адноўлена праца пякарні.

У новым будынку пякарня пачала працаваць з 1948 года, і вытворчая магутнасць хлебакамбіната складала 15 тон за суткі з трыма печамі.

Шмат адбылося за гэты перыяд, які ўжо набліжаецца да стагоддзя: рэканструкцыі, мадэрнізацыі, пакаленні работнікаў. Аднак асноўнымі задачамі філіяла «Лепельскі хлебазавод» і яго папярэднікаў заўсёды была і застаецца вытворчасць хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Работнікі прадпрыемства рупяцца штодзень, каб на паліцах лепельскіх крам заўсёды быў свежы хлеб.

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.