Лепельчанка Екатерина Хейлик посвятила школе 30 лет

Працоўную дзейнасць Кацярына Тухта пачала ў жніўні 1945 года. Пасля заканчэння Лепельскага педагагічнага вучылішча маладая настаўніца атрымала накіраванне на працу ў Дрымаўшчынскую няпоўную сярэднюю школу. Потым працавала ў Горскай пачатковай школе, адкуль у жніўні 1950 года была пераведзена на працу ў Ляхавіцкую сярэднюю школу настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Далейшая праца Кацярыны Фёдараўны была звязана менавіта з гэтай навучальнай установай.

Магчыма, асноўнай прычынай таго, што Кацярына засталася ў вёсцы Ляхавічы, былі сямейныя абставіны — у другой палове 1950-х дзяўчына выйшла замуж за мясцовага хлопца Ніла Хейліка. Нягледзячы на тое, што са з’яўленнем 2 сыноў — Аляксандра і Івана — клопатаў прыбавілася, Кацярына Фёдараўна спачатку завочна вучылася на настаўніцу беларускай мовы і літаратуры ў Віцебску, а затым скончыла Мінскі педагагічны інстытут.

Працы ў школе Кацярына Фёдараўна аддавала шмат часу. Пасля ўрокаў трэба было праверыць не адзін стос вучнёўскіх сшыткаў, падрыхтаваць пазакласныя мерапрыемствы. Насычаным было і грамадскае жыццё, пра што нагадваюць шматлікія дакументы, якія захаваліся ў сямейным архіве. Акрамя гэтага, Кацярына Фёдараўна была сябрам шматлікіх грамадскіх арганізацый і таварыстваў. Напрыклад, у 1945 годзе стала членам “Саюза таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца СССР”, а ў наступным годзе далучылася да “ТСААВІЯХІМ”.

У 1966 годзе Кацярына Хейлік была прызначана намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. На гэтай пасадзе яна працавала да рэарганізацыі Ляхавіцкай школы, якая адбылася ў 1975 годзе. Яшчэ некалькі год Кацярына была завучам у Грыгаравіцкай СШ. Завяршыла свой працоўны шлях Кацярына Фёдараўна 1 верасня 1979 года. Працы ў школе яна аддала больш за 30 год, а вучні памятаюць яе як строгага і прынцыповага педагога.

Тэкст: Валерый ТУХТА,

На здымку: настаўніца Кацярына Хейлік.

Фота з архіва аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.