Лепельчанка награждена нагрудным знаком «Почетный работник ЖКХ»


Лідзія Малочка прыйшла працаваць у галіну жыллёва-камунальнай гаспадаркі яшчэ ў 1993 годзе. Яе першым працоўным месцам стала пасада лабаранта кватэрна-эксплуатацыйнай часткі пры вайсковай часці ў Бароўцы. З 1996 года жанчына працуе аператарам цэнтральнай кацельні гэтага населенага пункта.
— У 1995 годзе кацельню пераабсталявалі на выкарыстанне мазуту, а ў 2000-2001-ым перавялі на газ. Зараз выкарыстоўваем і трэскі. Кожнае пераабсталяванне сустракаем з цікавасцю, бо гэта — новы вопыт.
— У чым жа заключаецца спецыфіка вашай працы?
— Галоўнае — не дапускаць непаладак і няспраўнасцей. Калі абсталяванне працуе ў штатным рэжыме, тады ўсё атрымліваецца добра. Калі адбываецца збой, узнікаюць праблемы. Вось таму мы працуем, можна сказаць, на апярэджанне.
На цэнтральнай кацельні ў Бароўцы за дзесяцігоддзі працы склаўся дружны, зладжаны калектыў. Тут працуюць і мужчыны, і жанчыны. Мінулі часы, калі качагары шуфлямі за змену закідвалі тоны вугалю, брыкету. У цяперашні час усё аўтаматызавана, наладжана. Нідзе няма прывычнага калісьці пылу і друзу, падлога чыстая. У адным з куткоў кацельні нават створана міні-аранжарэя, з усіх бакоў упрыгожаная вазонамі з кветкамі.
— Лідзія Міхайлаўна, у бліжэйшы час заканчваецца ацяпляльны сезон. Якім чынам змяніцца рэжым працы?
— Памяняецца нязначна. У любым выпадку кругласутачна ў кватэры і корпусы КУП “Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Жамчужына” нам трэба падаваць гарачую ваду. Акрамя таго, вядуцца сезоннае тэхнічнае абслугоўванне і прафілактычны рамонт ацяпляльнага абсталявання. Усё робім сваімі сіламі: мужчыны ў асноўным рамантуюць, а мы, жанчыны, падтрымліваем парадак.
Сёлета за доўгія гады шчырай, самаадданай працы Лідзія Міхайлаўна ўзнагароджана нагрудным знакам “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі”
— Што з’яўляецца для вас стымулам у працы?
—Вельмі люблю сваю работу. Не магу сядзець склаўшы рукі.
Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА.
На здымку: аператары кацельні Наталля Касьянава і Лідзія Малочка (справа).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.