Лепельчанке Евгении Вершаловской некогда скучать

Ніколі не сумуе наша маляўнічае возера Лепельскае. Заўсёды да яго імкнуцца жыхары і госці горада, каб адпачыць на свежым паветры, пакупацца, набрацца сіл для працы.

Праходзячы па мосце да Камсамольскага парку, люблю назіраць за рыбакамі, якія сядзяць ціхенька, каб не спужаць рыбу. Заўважыла, што яны ўжо ведаюць адзін аднаго, вядуць гутаркі падчас ціхага палявання.

Цікава, што такую карціну можна назіраць не толькі ў цёплую летнюю пару, а і ўвосень, аж да першага лёду. Потым яны мяняюць месца сваёй дыслакацыі і пераходзяць на ледзяное “люстэрка”, якое пакрывае водную прастору.

Вераснёўскай раніцай налічыла на мосце больш за 10 рыбакоў з вудамі, якія сачылі за паплаўком і марылі пра вялікі ўлоў. Сярод іх заўважаю адну жанчыну, якая часцей за ўсіх цягала рыбку.

— Вось такія маленькія аддаю Марце, — смяецца Яўгенія Вершалоўская.

Так, на самой справе заўважаю каля жанчыны сытую кошку, якая пачынае мяўкаць, убачыўшы ласунак.

— Кожны дзень прыходзіць да нас і верна сядзіць на мосце, — кажа мая суразмоўца.

Яўгенія Вершалоўская знаходзіцца на заслужаным адпачынку, аднак ёй ніколі не сумна. Як толькі выдаецца грыбная пара ці ягадная, яна ў лесе. У астатні час знаходзіцца на рыбалцы. Асабліва падабаецца возера Лепельскае з-за яго прыгажосці і зручнасці дабірацца.

А любіць гэтую справу з самага дзяцінства, якое праходзіла ў роднай вёсцы Крыўцы. Там жа ёсць возера Доўгае, багатае на рыбу. Бацька таксама быў добрым рыбаком, браў дачку з сабою.

Яўгенія працавала на розных прадпрыемствах Лепеля вадзіцелем на трактары: спачатку на Т-40, потым Т-16, МТЗ-82. Была кіроўцам камнеўборачнай машыны, дзёран вазіла, на каналах працавала. Прафесійны стаж яе налічвае 35 гадоў.

— Як прыйшла цікавасць да вадзіцельскай справы? — пытаюся ў суразмоўцы.

— Працавала заўсёды з мужчынамі. Неяк папрасіла праехаць за рулём. Як паспрабавала, так і паехала на вучобу ў Улу за спецыяльнасцю “машыніст-трактарыст шырокага профілю”, — смяецца жанчына.

Выхавала Яўгенія Вершалоўская траіх дзяцей, якія ўжо дарослыя, маюць свае сем’і. І хоць жыве ў кватэры з усімі зручнасцямі, каля шматпавярховіка апрацоўвае невялічкі ўчастак, дзе садзіць розную гародніну.

Вось такія цікавыя людзі жывуць на Лепельшчыне і не сумуюць на заслужаным адпачынку!

Наталля Храпавіцкая.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.