Лепельшчына стала Радзімай

img_6846У паветры адчуваецца пах першых марозцаў, сонечныя промні пяшчотна лашчаць барвова-жоўтае лісце дрэваў, радуюць вочы яркія россыпы прыгожых кастрычніцкіх кветак, казыча шчокі павуцінка — прыгожы восеньскі пейзаж!
Кожны год гэта пара па-асабліваму хвалюе сэрца Ноны Рыгораўны Барадзейка. За плячыма засталіся гады працы, знайшлі сваю дарогу дзеці, пасталелі ўнукі… Час бяжыць няўмольна, а разам з ім прыходзяць жыццёвая мудрасць, адпаведны вопыт. Нягледзячы на пажылы ўзрост, жанчына захапляе акружаючых сваёй жыццёвай энергіяй, бадзёрасцю і душэўнай маладосцю.

— Я лічу сябе шчаслівай, таму што ў свой час стварыла сям’ю з цудоўным чалавекам. Мы вырасцілі, далі пуцёўку ў жыццё двум сынам, якія дасягнулі значных прафесійных вышынь, стварылі свае сем’і. Ганаруся ўнукамі, сёлета пайшоў у першы клас праўнук… На жаль, майго мужа ўжо няма ў жывых, але любімая сям’я дорыць мне радасць і заспакаенне.

Жыццёвую энергію жанчыне дорыць зямля. Нона Рыгораўна з задавальненнем працуе на прысядзібным участку, размешчаным насупраць яе дома, захапляецца кветкамі. А вечарам бярэ ў рукі альбом з фотаздымкамі і з настальгіяй успамінае пражытыя гады.
…Дзяцінства Ноны Рыгораўны прайшло ў пасёлку Кіпень Бранскай вобласці. Час быў вельмі нялёгкі. На ўсё жыццё ў памяці жанчыны засталіся гады вайны.
— Тата быў на фронце з першых дзён, ваяваў на бронецягніку і дайшоў да самога Берліна. Нам з братам, які быў на два гады маладзейшы за мяне, маці прыйшлося выносіць нападкі паліцаяў, паколькі мы былі сям’ёй камуніста. У нас забралі карову, парася — здзекваліся, як маглі.
Калі ж немцы адступалі, былі спалены ўсе дамы. Мы ж хаваліся ў лесе. Я і зараз часта бачу жудасны сон: ляціць нямецкі самалёт і скідвае бомбы на павозку з людзьмі, што ішла ў лес, іх жахлівыя крыкі…
Потым мы жылі ў зямлянцы. Памятаю, як палохаліся, калі ў зямлянку з лесу прыпаўзалі вужакі.
Аднак як жа мы радаваліся, калі даведаліся аб Перамозе! Бацька вярнуўся з вайны жывы, і гэта было самае галоўнае.
Пасля вайны бацькі пачалі будаваць дом. Мы пайшлі ў школу, якая знаходзілася за чатыры кіламетры. Пасля заканчэння пачатковай школы прыходзілася пераадольваць восем кіламетраў пешшу па лесе. Бацькі, як і іншыя сяляне, шмат працавалі, але ўмелі і весяліцца. Па вечарах заўсёды былі песні, танцы. Мы, дзеці, танцавалі разам з імі.
У Ноны заўсёды было вялікае жаданне вучыцца, атрымаць вышэйшую адукацыю. Пасля заканчэння дзесяці класаў сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію ў г. Горкі Магілёўскай вобласці.
Па размеркаванні ў 1959 годзе Нона прыехала працаваць на Лепельшчыну. Так наш прыгожы блакітнавокі край стаў для яе дарагім, родным і блізкім месцам.
Спачатку Нона Рыгораўна працавала ў калгасе “Салют”. Адказная і ініцыятыўная асоба, яна была прызначана сакратаром камсамольскай арганізацыі: праводзіла сходы, арганізоўвала канцэрты мастацкай самадзейнасці, якія збіралі шмат гледачоў у Лепелі, Бароўцы і Поўсвіжы. У калгасе “Салют” Нона Рыгораўна працавала галоўным аграномам, затым перайшла на работу ў саўгас “Валосавічы” і амаль трыццаць гадоў працавала ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі на розных пасадах — галоўным аграномам, старшым аграномам па нарыхтоўках — дзяржаўным інспектарам, намеснікам старшыні раённага аграпрамысловага аб’яднання — начальнікам аддзела планавання і міжгаліновых сувязей… Нона Рыгораўна была абрана старшынёй раённага навукова-тэхнічнага таварыства, сваім напрацаваным вопытам дзялілася з чытачамі нашай раённай газеты.
Медаль “За працоўную доблесць”, дзясяткі Ганаровых грамат сталі ўзнагародай Ноны Рыгораўны за яе шматгадовую добрасумленную працу.
Тут жа, на Лепельшчыне, Нона Рыгораўна сустрэла і сваё шчасце. Са сваім будучым мужам дзяўчына пазнаёмілася на адным з танцавальных вечароў. Дзмітрый Антонавіч і Нона Рыгораўна пражылі разам амаль пяцьдзясят гадоў. Вялікім гонарам для бацькоў сталі іх дзеці. Сын Эдуард — лётчык-штурман, працаваў намеснікам камандзіра па выхаваўчай рабоце. Зараз ужо на пенсіі, жыве ў Калінінградзе. Сын Сяргей скончыў Ульянаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча сувязі і зараз са сваёй сям’ёй жыве і працуе ў Маскоўскай вобласці.
Сапраўднай жыццёвай узнагародай для жанчыны сталі яе ўнучка і ўнук, праўнучак. Калі ж усе родныя і блізкія людзі збіраюцца разам, сэрца маці і бабулі напаўняецца невыказнай радасцю. Прыемны сюрпрыз родныя Ноны Рыгораўны рыхтуюць і да яе юбілею.
Вельмі прыемна, што на працягу многіх год жанчына з’яўляецца пастаяннай падпісчыцай “Лепельскага краю”. Нона Рыгораўна чытае нашу газету “ад коркі да коркі”. Вельмі падабаюцца ёй артыкулы пра людзей працы, цудоўныя сем’і Лепельшчыны. З задавальненнем чытае навіны з жыцця раёна.
16 кастрычніка жанчына адзначае свой 80-гадовы юбілей. Напярэдадні гэтай важнай падзеі хочацца ад усёй душы пажадаць Ноне Рыгораўне моцнага здароўя і жыццёвага аптымізму. Няхай ніколі не згасне яе душэўная маладосць!
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: Нону Барадзейка радуе прыгажосць восені.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.