Лепельщину посетили мотоциклисты из Польши

img_3779Стэрэатыпнае ўспрыняцце матацыкліста паступова мяняецца. У 1980-я –1990-я гады тыповы лепельскі матацыкліст ездзіў на “Мінску” або “Усходзе”, яго марай была чэхаславацкая “Ява”. Рукі былі пастаянна ў мазуце, а радыус паездак рэдка выходзіў за межы раёна. Зараз жа не з’яўляецца праблемай набыць больш якасную імпартную тэхніку, і паездкі такім чынам сталі больш дальнімі. Сучасныя лепельскія матацыклісты неаднаразова расказвалі пра свае паездкі на мора, у краіны далёкага і блізкага замежжа. Нярэдкімі сталі і візіты замежных матацыклістаў да нас. Так, нядаўна па тэрыторыі Лепельшчыны рухалася вялікая група з Польшчы.
На пляцоўцы каля касцёла святога Казіміра ў роўны шэраг выстраіліся больш за 30 матацыклаў. Мужчыны і жанчыны зайшлі ў храм, дзе разам прачыталі словы малітвы. Ксёндз Уладзімір, сам, дарэчы, бывалы матацыкліст, коратка распавёў гасцям пра Лепель і яго адметныя мясціны. Польскія мотатурысты сваёй суполкай рэгулярна робяць падобныя ваяжы, адкрываючы для сябе новыя гарады і краіны, заводзяць новых сяброў.
Распавядае Марэк Мароз:
— Я з невялікага гарадка з-пад Варшавы. Да Лепеля ад яго праехаў 1400 кіламетраў. Ехаць было не вельмі цяжка — матацыкл добры, надзейны, дарогі роўныя і ў Польшчы, і ў Беларусі. Праўда, надвор’е крыху падвяло, дажджы. Аднак маем адпаведную скураную вопратку.
Пагутарыўшы яшчэ крыху, польскія матацыклісты разам з лепельскімі сябрамі рушылі ў далейшы шлях. Кавалькаду магутных матацыклаў праводзілі падлеткі. У іх вачах бачыліся мары хутчэй вырасці і асвоіць падобную тэхніку, каб таксама адкрываць для сябе новыя гарады і краіны, заводзіць новых сяброў.
С. БАЗЫЛЬ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.