«Лепельская вось»

Праз любы пункт зямлі і яе цэнтр можна правесці ўяўную вось, бо наша планета мае шарападобную форму. Дакладней, выгляд геоіда, у якім палярны радыус карацейшы за экватарыяльны амаль на 21 кіламетр. Наш Лепель займае пастаяннае, нязменнае, дакладна вызначанае месца ў Еўропе з каардынатамі 54 градусы паўночнай шыраты і 28 градусаў 42 мінуты ўсходняй даўгаты. Лепельская ўяўная вось, прайшоўшы праз цэнтр зямлі, апынецца на дне Ціхага акіяна, на процілеглым баку планеты. Згаданы пункт мес­ціцца на прыўзнятым участку акіянскага дна глыбі­нёй каля 2000 метраў з прыкладнымі каардынатамі: 54 градусы 53 мінуты паўднёвай шыраты і 151 градус 18 мінут заходняй даўгаты. Тутэйшыя водныя прасторы паўднёвых частак Ціхага, Індыйскага і Атлантычнага ­акіянаў, што абмываюць Антарктыду, маюць і іншую назву — Паўднёвы акіян. Так ён абазначаны на некаторых сучасных картах.
Яшчэ шмат чаго адметнага, таямнічага можна назіраць з Лепеля. Напрыклад, мы ведаем, што Сонечная сістэма складаецца з Сонца і дзевяці вялікіх планет, большасць якіх можна назіраць ноччу ў добрае надвор’е. Аднак у 2006 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Празе планета Плутон і нядаўна адкрытая Эрыдна, меншая па памерах за Месяц, прызнаны вучонымі малымі планетамі. Іх аднеслі да групы малых нябесных целаў. Дарэчы, шостага сакавіка бягучага года на адлегласці каля 345 тысяч кіламетраў ад Лепеля (гэта бліжэй, чым ад нас да Месяца), праляцеў вялікі астэроід.
Апошнім часам у друку выказваецца меркаванне, што ў Сонечнай сістэме маецца яшчэ адна планета, якая атрымала ўмоўную назву Глорыя. Вучоныя зрабілі нават матэматычныя разлікі яе існавання. Толькі заўважыць яе на зорным небе немагчыма, бо знаходзіцца яна на той жа арбіце, што і зямля, толькі прама ў процілеглым ад сонца напрамку. Аднак, па меркаванні расійскіх вучоных, планета Глорыя, магчыма, заселеная жывымі істотамі, у бліжэйшыя дзесяцігоддзі можа “выглянуць” з-за сонца.
Уяўляецца цікавым: праз якія пласты зямлі прой­дзе згаданая лепельская вось? Для гэтага неабходна ведаць унутраную будову нашай планеты. Пад Лепелем яна спачатку перасячэ слой асадкавых парод, потым гранітную, базальтавую аснову (зямную кару). Затым пераадолее расплаўленую магму, якая знахо­дзіцца ў нашай мясцовасці далёка ад паверхні зямлі і таму не трапляе на яе праз кратэры вулканаў, за ёй — ядро зямлі. У далейшым абалонкі зямнога шара паўтараюцца, толькі ў адваротным парадку.
Ілья ЯНУШ,
краязнавец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.