Лепельскі Цмок трэці раз запар выйшаў на міжнародную арбіту

217Апошні тыдзень лепяльчане жылі ў прадчуванні свята. Лепельскі Цмок трэці раз запар выйшаў на міжнародную арбіту. Правяду віртуальнымі сцежкамі па свяце Лепельскага Цмока вас і я, шаноўныя чытачы. Спадзяюся, вам спадабаецца. Спынімся і паглядзім, што адбываецца на фэсце.
Адкрыў фэст прывітальным словам старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра. Сам віноўнік урачыстасці — Лепельскі Цмок — не запаволіў з’явіцца перад гледачамі. Паказаўся, павітаўся — і адправіўся гуляць па парку, фатаграфавацца з прыхільнікамі. Саступіў месца на сцэне палымяным індыйскім танцам. Незвычайную ўсходнюю экзотыку ўспрынялі “на ура”. Тым больш, было бачна, што і самім выканаўцам такая ўвага лепяльчан была даспадобы. Замест аднаго танца пад апладысменты і станоўчыя воклічы выканалі тры. Мы яшчэ сустрэнемся з замежнымі гасцямі крыху пазней.
Выступілі таксама на сцэне японец Юсуке Шымазакі і чэмпіён Еўропы па спочан, расіянін Леанід Асокін. Яны правялі спартыўныя паядынкі на бяспечнай зброі.
216Пакінем на хвілінку “Музычны алімп” і адправімся на “Магічны яр”, каб дакрануцца да чароўнай магіі “Спочан”. Тым больш рэч для гараджан экзатычная, даведаемся пра яе падрабязней. Мой першы суразмоўца — неаднаразовы чэмпіён Еўропы Леанід Асокін.
— Леанід, што такое спочан?
— Спочан, альбо чамбара, гэта фехтаванне на бяспечнай зброі. Займаюся ім з 2007 года. Спачатку маці прывяла ў секцыю каратэ, потым перайшоў у спочан. Гэты від спорту вельмі папулярны ў Японіі, дастаткова сказаць, што за ўсю гісторыю правядзення чэмпіянатаў свету золата сумелі заваяваць толькі тры іншаземцы, і адзін з іх — расіянін. Як кажуць самі японцы, “Спочан — гэта гульня”. Сапраўды так, мячы мяккія і бяспечныя. Акрамя моцы, хуткасці, спрытнасці развівае таксама і высакароднасць. У фінале аднаго з японскіх чэмпіянатаў свету адзін з сапернікаў паправіў рашэнне суддзяў, калі тыя аддалі яму незаслужаную перавагу.
Наступнае пытанне задаў старшыні Беларускага аддзялення федэрацыі спочан Андрэю Каліставу.
— Як развіваецца спочан на Беларусі?
— Федэрацыя існуе ўжо некалькі год. Адкрылі аддзяленні не толькі ў Віцебску, а і ў Глыбокім, Оршы, Шаркаўшчыне. Спорт даступны кожнаму. Для таго, каб ім займацца, не трэба мець моцную фізпадрыхтоўку. Прымаем у секцыю дзяцей з чатырох гадоў. У планах — развіваць на Віцебшчыне фехтаванне, і менавіта на занятках па спочан мы закладваем неабходныя навыкі. Хто ў дзяцінстве не любіў пафехтаваць з сябрам на драўляных мячах? Спочан дае неабходную “разрадку” і абсалютна бяспечны. Тым больш бой ідзе да аднаго ўдару, таму развівае максімальную канцэнтрацыю.
218— Ці плануецца стварыць падобную секцыю ў Лепелі?
— Так, мы вядзём перамовы на гэты конт.
Майстар-клас па спочан аўтару гэтых радкоў правяла бронзавая прызёрка Чэмпіяната Еўропы, віцябчанка Марыя Татарынава. Калі абстрагавацца ад спартыўнага складніка паядынка, зазначу: спочан — па-сапраўднаму захапляльны від спорту. Такога ж пункта гледжання прытрымлівалася і шматлікая моладзь, якая з задавальненнем “ваявала” на бясшкодных мячах.
Неўзабаве сустрэў сябра Цмока — лагоднага блакітна-белага дракончыка з баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”. “Спатканне” нечаканае, але і вельмі прыемнае асабіста для мяне, фаната аранжавага мяча і мацнейшага беларускага клуба асобна. Прыгожы “маскот” правёў на баскетбольную пляцоўку, дзе сваё майстэрства дэманстравалі гульцы мінскага клуба Цімафей Паралёў, Андрэй Рагазенка і Максім Лютыч. Заваяваць фірмовую кепку альбо ручку з сімволікай Цмока — справа не з лёгкіх. Трэба абыграць прафесійных баскетбалістаў і закінуць мяч у кош, альбо трапна выканаць штрафныя кідкі. Некаторым аматарам баскетбола гэта зрабіць удавалася.
— Прыемныя людзі, святочная атмасфера, прыгожае возера… Спадзяёмся, мы сваім выступленнем таксама падорым крыху радасці і аптымізму, — падзяліўся Цімафей Паралёў.
Падзякаваў спартсменам і пажадаў поспехаў у будучым сезоне. Дарэчы, раней клуб называўся “Мінск 2006” і новая назва “Цмокі-Мінск” даўно стала “брэндам”. А Цмок — адзін з самых вядомых сімвалаў у Лізе ЗТБ, аб якім ведаюць далёка за межамі Беларусі.
219Настаў час палюбавацца на “Даліну майстроў”, дзе свае вырабы прадставілі рамеснікі з Беларусі, Латвіі і Літвы. Кожны мог знайсці і набыць розныя рэчы на свой густ. Попытам карысталася экзотыка. Індыец Сандзіп гандляваў дзівоснымі спецыямі, касметычнымі сродкамі і гарбатай. Побач з яго палаткай майстрыха з Віцебска Крысціна Дзярлыш распісвала ўсіх жадаючых хной “Мехэндзі”. Пра папулярнасць паслугі сведчыла чарга. Прыцягвалі позірк і чароўныя лялькі мясцовай майстрыхі Наталлі Касьянчык.
Побач з танцавальнай пляцоўкай стукалі-грукалі мясцовы рамеснік Уладзімір Акулевіч і бешанковіцкі майстар Андрэй Трубецкі. Некалькі дакладных удараў па кавадле — і з бясформеннага кавалка жалеза выходзіць металічны цуд.
На самой пляцоўцы майстар-клас індыйскіх танцаў праводзілі госці з далёкай Індыі. Беларускія дзяўчаты з задавальненнем паўтаралі ўсе танцавальныя рухі.
Дзе жывуць міфічныя персанажы? На “Дзіцячым пагорку” ведалі адказ на гэта пытанне. Дзеткі паўдзельнічалі ў забаўляльнай выставе-віктарыне з аднайменнай назвай. Самыя маленькія паглядзелі спектакль “Мама Му ў басейне” ў выкананні лялечнага тэатра “Лямцавая батлейка” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Увогуле, дзецям на фэсце сумаваць не было калі. Паравоз на імправізаванай чыгунцы, надзіманыя шары, атракцыён “Віртуальная рэальнасць” ад магілёўскай фірмы “Oculus”, 3-D кінатэатр… Усіх забаў не пералічыць.
Нельга было абмінуць “Кулінарны востраў”. Як ты яго абмінеш, калі цудоўны пах хатніх страў так і казыча ў носе? Пачаставацца смакатой прапаноўвалі гаспадары аграсядзіб “Люкжына”, “Бяседа”, “У Гаўрылавіча” і шэраг іншых.
У “Танцавальнай лагчыне” для аматараў народнай песні спеўны сход правёў музыка, кіраўнік этна-гурта “Вурай” Сяржук Доўгушаў, фальклорныя гурты Чавускага раёна “Незабудкі” і “Землякі” “спелі Цмока” і патанчылі па-беларуску.
На “Музычным алімпе” патрапіў на выступленне этна-праекта Патрыцыі Гарэзы. Дапамагалі прыгожай спявачцы бубнач Зміцер Алейнікаў, на басолях гралі Андрэй Танкевіч, Эдуард Радзіловіч і Алена Хамчонак. Раней лічыў, што выраз “мурашы па скуры” — проста гульня слоў. Патрыцыя пранікнёнымі спевамі даказала адваротнае. Упэўнены, нешта падобнае адчуваў кожны глядач у амфітэатры.
Паліна Дулінец з этна-рок гурта “Рокаш” таксама ўразіла чыстым і моцным вакалам. “Драйву” дабавілі вопытныя музыкі: басіст Лявон Казакоў, гітарыст Дзяніс Голін, клавішнік Мікола Ліпневіч, флейтыстка Вікторыя Бузько і бубнач Артур Мартынаў.
— Заўсёды з задавальненнем прыязджаем у госці да Лепельскага Цмока, ставім у гастрольны графік за паўгода да выступлення. Пасля канцэрта ў мінскім клубе “Ілі” возьмем невялічкі творчы адпачынак, — падзяліўся Лявон Казакоў.
Музыка гурта “Рэха” — “забойная” сумесь джаза, фанка, рок-н-ролу і рэгі. Салісты гурта, Андрусь Такінданг і Марына Вярэніч, па-сапраўднаму “завялі” ўвесь амфітэатр.
— Андрусь, напэўна, з асаблівым пачуццём выступаеце на Лепельшчыне?
— Так, мая родная вёска Чэрцы знаходзіцца зусім недалёка ад горада. Зараз мяне слухалі мае блізкія і родныя, бабуля Яўгенія Іванаўна. Для мяне спяваць перад землякамі — не толькі вялікі гонар, а і адказнасць.
Завяршылі насычаны фальклорны дзень этна-гурты “Рэлікт” і “Вурай”, музычны гурт этна-мадэрн сюррэалістаў “НаГуаль”.
…Не сакрэт, да Лепельскага Цмока ставяцца па-рознаму. Аднак адкажыце самі сабе на некалькі пытанняў. Ці гэта дрэнна, што на Лепельшчыну прыязджаюць замежныя госці, у дзяцей ёсць магчымасць адпачыць, а ў дарослых — паслухаць добрую музыку? Асабіста мне адказ вядомы. Цмок на Лепельшчыне будзе жыць!
Яўген МУДРЫ.
На здымках: трапны кідок у кош пры падтрымцы БК “Цмокі-Мінск”; віноўнік свята; дзятва разам са старшынёй Беларускага аддзялення міжнароднай федэрацыі спочан Андрэем Каліставым і гасцямі з Японіі; выступае наш зямляк Андрусь Такінданг.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.