Лепельскі след: гібель парашутыста

105097=03 ліпеня 1941 года Лепель быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Амаль на тры гады — да канца чэрвеня 1944 года — жыхары горада і раёна трапілі ў няволю да гітлераўцаў, якія прынеслі ім шмат гора і пакут. Лепельшчына была насычана нямецкімі войскамі і службамі. Агульная іх колькасць даходзіла да 12 тысяч чалавек. Толькі асабовы састаў франтавых пяхотных часцей набліжаўся да сямі тысяч ваеннаслужачых, у тым ліку было каля чатырох тысяч фінаў і 1,5 тысячы “добраахвотнікаў”. На іх узбраенні былі танкі, танкеткі.
Тэрыторыя раёна знаходзілася ў тыле групы армій “Цэнтр” і пад кіраўніцтвам трох палявых і сямі мясцовых камендатур. Асабліва цяжкае становішча назіралася ўвосень 1941 года, калі людзі ў многім былі дэмаралізаваны хуткім пераможным шэсцем фашыстаў у глыб нашай краіны. У такой складанай абстаноўцы кіраўніцтва Беларусі выдатна разумела, што толькі разгортванне сапраўднай узброенай барацьбы ў тыле немцаў уздыме маральны настрой патрыётаў Айчыны, якія аказаліся пад часовай фашысцкай акупацыяй, мабілізуе іх на актыўнае змаганне з ворагам. Таму ў глыбокі тыл сталі дастаўляцца на самалётах і скідвацца на парашутах вайсковыя дыверсійныя групы з мэтай правядзення канкрэтных баявых аперацый, збору разведвальных даных і садзеяння разгортванню партызанскага руху.
Як мне расказваў мой бацька, Мікалай Сілівеевіч Гарбачоў, былы сувязны партызанскай брыгады імя Сталіна і тагачасны жыхар вёскі Аношкі, неяк у ваколіцах гэтага населенага пункта быў выкінуты з самалёта на парашутах менавіта такі армейскі дэсант. Аднак, на жаль, аднаму з парашутыстаў вельмі не пашанцавала, яго ветрам знесла прама на нямецкі ваенны пост, які быў абуладкаваны на ўзвышшы побач з дарогай Лепель — Барысаў перад самой грэбляй, што ішла ў бок суседняй вёскі Замошша. Таму гітлераўцы ўбачылі парашутыста яшчэ ў паветры і адразу адкрылі па ім стральбу з усіх відаў стралковай зброі. Калі парашутыст прызямліўся, ён быў як рэшата суцэльна ссечаны кулямі. На шчасце, іншых парашутыстаў фашысты так і не знайшлі, хаця ўважліва прачасалі ўсё наваколле. Мясцовыя жыхары пахавалі ваеннаслужачага ў зямлі практычна на тым жа самым месцы, дзе ён спусціўся на парашуце, трагічна загінуў.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.