Лепельские артисты Юлия Гридюшко и Леонид Забабуро успешно выступили в турнире бытовых танцев в рамках XVII Международного фестиваля искусств «Славянский базар в Витебске-2018»

turnir-tancevЯк жа нам, жыхарам Лепельшчыны, пашанцавала ў плане культурнага развіцця! Для таго каб пачуць цудоўныя спевы, пабачыць яркія харэаграфічныя кампазіцыі, зусім не абавязкова наведваць сталіцу. Атрымаць асалоду ад творчасці можна, наведаўшы канцэрт артыстаў раённага Дома культуры. Многія творчыя калектывы нашага раёна праславілі Лепельшчыну не толькі на ўзроўні рэспублікі, а і за мяжой. Штогод нашы артысты актыўна ўдзельнічаюць і ў мерапрыемствах, якія праводзяцца ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Сёлета лепяльчане зноў заявілі аб сабе. Работнікі раённага Дома культуры — рэжысёр Юлія Грыдзюшка і відэадэманстратар Леанід Забабура паспяхова выступілі ў Пятым, юбілейным, турніры побытавых танцаў у межах правядзення XVII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску-2018”. У мерапрыемстве, у якім удзельнічала больш за сто танцавальных пар, Юлія і Леанід атрымалі Дыплом лаўрэата II ступені ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама.
— Як жа ўзнікла ідэя прыняць удзел у гэтым мерапрыемстве? — пытаюся ў артыстаў.
— Я заўсёды захаплялася народным фальклорам, у свой час кіравала народным фальклорным клубам “Кругаверць” Лепельскага РДК, з’яўляюся ўдзельніцай Заслужанага аматарскага фальклорнага калектыву Рэспублікі Беларусь “Сунічкі” пад кіраўніцтвам Веранікі Хомбак, — расказвае Юлія. — Разам з іншымі ўдзельнікамі калектыву з задавальненнем выконваем танцы, якія ў свой час добра ведалі нашы бабулі і дзядулі. Лічу, што веданне фальклору — гэта вельмі важна. Прыемна, што колішнія песні, танцы не страчваюць папулярнасці, іх з задавальненнем выконваюць дзеці і моладзь.
У турніры побытавых танцаў я ўдзельнічала не ўпершыню. Падобнае мерапрыемства праводзілася ў рамках правядзення I Міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, таму сёлета ўдзельнічала ў турніры ў другі раз.
turnir-tancev-1Мерапрыемства праводзілася ў трох узроставых катэгорыях: ад шаснаццаці да трыццаці год, ад трыццаці да пяцідзесяці і ад пяцідзесяці год і старэй. Да таго ж сярод удзельнікаў конкурсу былі не толькі прафесійныя харэографы, работнікі культуры, а і людзі іншых прафесій, апантаныя мастацтвам.
Конкурс праходзіў у два туры. Пасля першага этапу выбіраліся лепшыя пары, якія ўдзельнічалі ў фінальным выступленні. Кожная пара выконвала па восем танцаў і прадстаўляла асаблівы, мясцовы стыль выканання. Мы з Леанідам станцавалі “Абэрак”, “Лысага”, “Ночку”, “Нарэчаньку”, “Каробачку”, “Ойру”, вальс “Аляксандра” і “Каханачку”.
— Якія ўражанні ад выступлення?
— Вядома ж, было вельмі вялікае хваляванне. У склад журы ўваходзіла сем прафесійных харэографаў, якія звярталі асаблівую ўвагу на манеру выканання танца, уласцівую для пэўнага рэгіёна. Да таго ж прафесійныя харэографы былі і сярод удзельнікаў турніру. Вельмі хацелася выступіць на высокім узроўні і годна прадставіць Лепельшчыну. І калі ў мяне ў выкананні танцаў ёсць пэўны вопыт, Леанід у турніры выступаў упершыню.
Пасля кожнага танца журы выстаўляла адзнакі. Было вельмі радасна, што пасля першага туру ў фінал мы выйшлі лідарамі. Калі ж мы даведаліся, што занялі на турніры прызавое месца, станоўчыя эмоцыі стрымаць было немагчыма.
— Што вы атрымалі ў якасці ўзнагароды?
— Мы прывезлі з сабой Дыплом лаўрэата II ступені, прыгожую гліняную статуэтку, вырабленую майстрамі аднаго з Дамоў рамёстваў і, вядома ж, зарад цудоўнага настрою.
— Ад усёй душы віншуем вас з заслужанай перамогай! Упэўнена, што выдатнае выступленне на турніры побытавых танцаў — гэта толькі пачатак вашых творчых перамог!
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.