Лепельский лесхоз отметил 85-летие со дня образования

Сёлета разам з прафесійным святам, Днём работнікаў лесу, працаўнікі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Лепельскі лясгас” адзначаюць і юбілей — 85-годдзе з дня ўтварэння ўстановы. Напярэдадні свята карэспандэнт сустрэўся з інжынерам па ахове і абароне лесу лясгаса Цімафеем Пшонкам і пагутарыў пра сённяшні стан лясоў Лепельшчыны.

— Цімафей Фёдаравіч, прывядзіце, калі ласка, лічбы і факты, каб пазнаёміць чытачоў з маштабам працы вашага прадпрыемства.

— У Лепельскім лясгасе на 1 верасня бягучага года працуе 518 чалавек, з іх непасрэдна лесааховай займаецца 145 работнікаў. Гэта леснікі, майстры лесу, ляснічыя, інжынеры, егеры і г.д. Акрамя іх, у нас працуюць вальшчыкі лесу, кіроўцы, трактарысты, станочнікі, а таксама шмат работнікаў іншых прафесій і спецыяльнасцяў. З 518 чалавек 430 працуе ў Лепельскім раёне, а 88 — у Чашніцкім. З апошняга нескладана зрабіць выснову, што ўгоддзі лясгаса раскінуліся на тэрыторыі 2 раёнаў — Лепельскага і Чашніцкага. 5 лясніцтваў знаходзяцца на Лепельшчыне, 3 — у суседнім раёне. Пад нашым пільным наглядам размешчана 110 тысяч гектараў лясных угоддзяў. Гэта вельмі вялікая плошча — болей, чым палова плошчы Лепельскага раёна. За мінулы год з лесасек галоўнага карыстання нарыхтавана 154,4 тысячы кубаметраў драўніны, з іх самых каштоўных, хваёвых — 70,1 тысячы кубаметраў. З лесасек прамежкавага карыстання — з дзялянак прарэджвання, асвятлення, супрацьпажарных палос — нарыхтавана яшчэ 72,7 тысячы кубаметраў драўніны. Штогод мы ў сярэднім высаджваем каля 270 гектараў маладога лесу.

— У публікацыях з інтэрнэту і ў размовах даводзіцца чытаць выказванні пра тое, што ў Беларусі і на Лепельшчыне ў прыватнасці амаль не засталося рэліктавых лясоў. Усе лясы выпілоўваюцца, драўніна адпраўляецца на экспарт, а дрэвы захоўваюцца толькі для бачнасці ўздоўж дарог. Як вы можаце пракаменціраваць падобныя высновы?

— І мне неаднаразова даводзілася чуць падобныя думкі і выказванні. Пачну вось з чаго. Больш за 100 гадоў таму нямецкія вучоныя-лесаводы распрацавалі тэорыю вырошчвання лесу, якая неаднаразова была пацверджана на практыцы. Разлічана, што за 1 год гектар лясных угоддзяў прырастае як мінімум на 3 кубаметры драўніны. Паўтаруся, гэта як мінімум, на самых бедных глебах і пры неспрыяльных умовах. На практыцы ж гэта лічба значна большая. 110 тысяч гектараў даюць прырост у 330 тысяч кубаметраў. За год мы з усіх лесасек атрымліваем каля 225-227 тысяч кубаметраў. Няцяжка зразумець, што прырастае драўніна хутчэй, чым высякаецца.

Трэба звярнуць увагу і на яшчэ адну важную акалічнасць. Пасля Вялікай Айчыннай вайны для аднаўлення рэспублікі выпілоўвалася вельмі шмат лесу. На спілаваных дзялянках адразу ж высаджваліся маладыя дрэўцы. Цяпер яны масава падраслі, іх і выкарыстоўваем у рабоце. У ранейшыя гады працаўнікі лясгаса па розных прычынах не паспявалі выпілоўваць увесь лес, які падыходзіў пад патрэбную катэгорыю. Зараз жа мы спраўляемся. З-за сукупнасці ўсіх прыведзеных фактараў можа ўзнікнуць падманлівае ўражанне. Са свайго боку скажу, што на дзялянках галоўнага карыстання мы, па-першае, спілоўваем толькі спелы лес, а, па-другое, работнікі лясгаса высаджваюць маладога лесу нашмат больш, чым спілоўваюць яго.

— Раскажыце, калі ласка, пра пасадкі маладога лесу. Наколькі ведаю, пасадачным матэрыялам вы забяспечваеце сябе самі — вырошчваеце саджанцы ў гадавальніку.

— Так, гадавальнік каля аграгарадка Слабада дае значную долю пасадачнага матэрыялу. Там вырошчваюцца хваёвыя саджанцы: сасна, елка, лістоўніца, шмат лісцевых дрэваў: бяроза, дуб, асіна, чорная альха і шмат іншых. Калі заўважылі, у апошнія гады мы адышлі ад аднакультурнага запаўнення спілаваных дзялянак. Раней на чыстым месцы высаджваліся толькі адны дрэўцы сасны або елкі. Як паказала практыка, гэта было не зусім правільным рашэннем: на такіх дзялянках хутчэй распаўсюджваліся шкоднікі, з дрэва на дрэва лёгка перамяшчаліся хваробы. Больш за 10 гадоў мы практыкуем змешаныя пасадкі, высаджваем побач з соснамі і елкамі маладыя дрэўцы бярозы, дуба і альхі. Такім чынам дасягаюцца некалькі важных мэтаў: ствараюцца перашкоды для перамяшчэння шкоднікаў (караедаў) і хвароб, напрыклад, каранёвай гнілі. Лісцевыя дрэвы зяўляюцца добрай заслонай на шляху лясных пажараў. Па-трэцяе, захоўваецца біяразнастайнасць: дрэвы розных парод і відаў зяўляюцца кармавой базай і звычайным жытлом, асяроддзем пражывання для розных насякомых, птушак і жывёл. Такім чынам лес працягвае выконваць экалагічныя функцыі.

У апошнія гады мы прымяняем яшчэ і такі метад пасадкі маладога лесу. Дзялянкі галоўнага карыстання высякаюцца не адразу, а паступова, у некалькі этапаў. Можна сваімі вачыма ўбачыць, як на канчатковым этапе на амаль пустой дзялянцы растуць некалькі высокіх, моцных дрэваў. Яны якраз натуральным чынам засяваюць дзялянку. Гэта робіцца і для таго, каб захаваць генатып мясцовай расліннасці.

На гектар высаджваецца, як правіла, да 5 тысяч саджанцаў. Частка дрэўцаў не прыжываецца. Затым, па меры росту, робяцца асвятленні, прарэджванні, выдаляюцца хворыя дрэвы, якія адстаюць у росце. На канчатковым этапе на гектары лесу павінна расці каля 200-300 дрэваў.

— Вернемся непасрэдна да вашай працы. У чым жа заключаюцца абавязкі інжынера па ахове і абароне лесу?

— Пад маім кантролем знаходзіцца абарона лесу ад пажараў: вызначэнне месцаў супрацьпажарных палос, кантроль за іх усталяваннем і паднаўленнем, а таксама іншыя супрацьпажарныя мерапрыемствы. Сачу таксама за абаронай лесу ад самавольных парубак, забруджвання. У гэтым плане працуем з мясцовым насельніцтвам, нагадваем жыхарам раёна пра недапушчэнне падобных парушэнняў.

— Наведваючы лясы, як вы можаце ацаніць узровень культуры людзей?

— У лясгасе працую з 2003 года. На вопыце ўласных назіранняў скажу, што паступова культура людзей мяняецца ў лепшы бок. Калі раней нармальным лічылася вывезці смецце з уласнай сядзібы ў лес і там яго выкінуць, то цяпер такое даводзіцца бачыць рэдка. Больш культурнымі сталі людзі, якія гуляюць па лесе, збіраюць ягады ці грыбы — не раскідваюць смецце, не ламаюць проста так маладыя дрэўцы. Менш адбываецца і пажараў з-за неабачлівасці. Калі чалавек збіраецца раскласці агонь, то, як правіла, спачатку прымае меры па недапушчэнні пажару. Аднак, на вялікі жаль, са зяўленнем новых матэрыялаў узнік і новы від смецця — пластыкавыя бутэлькі. У савецкія часы шкляныя бутэлькі прымаліся ў любой краме, таму іх не выкідвалі, імкнуліся зберагчы, вынесці і здаць. Пластык жа не прымаецца. Калі бачу пад дрэвам пластыкавую бутэльку, гэта мяне проста абурае.

Напрыканцы гутаркі Цімафей Пшонка выказаў шчырыя віншаванні сваім калегам:

— Найперш хачу выказаць словы падзякі ветэранам лясной галіны, бо менавіта вынікамі іх працы мы карыстаемся цяпер — маем лясы, якія яны высаджвалі калісьці, даглядалі за імі. Віншую ўсіх работнікаў лясгаса і ад усёй душы жадаю ім моцнага здароўя, плёну ва ўсіх справах, міру і ладу ў семях. Няхай штодзённая праца прыносіць ім толькі радасць і задавальненне!

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

На здымку: майстар лесу Заазерскага лясніцтва Сяргей Клачок мернай вілкай вызначае таўшчыню і ўзрост дрэва, а памочнік ляснічага Уладзімір Тухта праз планшэт праводзіць дакладную геаграфічную прывязку на мясцовасці.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.