Лепельский РМЗ: направления, перспективы, планы, достижения

Адкрытае акцыянернае таварыства “Лепельскі рамонтна-механічны завод” было створана шляхам абяднання двух заводаў: рамонтна-механічнага і электрамеханічнага. На сённяшні дзень прадпрыемства ўваходзіць у структуру “МТЗ-холдынг”, што і вызначае галоўны напрамак дзейнасці — выпуск камплектуючых для вытворчасці трактароў.

Каб мець ўяўленне пра абёмы і маштабы, прывядзём некалькі лічбаў. Завод працуе па трох асноўных накірунках. Першы — выпуск шасцерняў для МТЗ. На сёння выпускаецца 25 найменняў шасцерняў, 17 з іх ідуць на канвеер, 8 найменняў — на запчасткі і рамонт. За год у Лепелі іх вырабляецца больш за 500 тысяч штук.

— Пры працы ў 3 змены мы ледзь-ледзь паспяваем закрываць заказы з галаўных прадпрыемстваў, — кажа дырэктар Лепельскага рамонтна-механічнага завода Юрый Сёмкін. — На сёння для беларускіх трактаравытворцаў склалася спрыяльная сітуацыя: з-за канфлікту ва Украіне і санкцый вялікі расійскі рынак адчувае недахоп сельскагаспадарчай тэхнікі, асабліва трактароў сярэдняга класа. Беларусы карыстаюцца сітуацыяй, нарошчваюць абёмы, што патрабуе і ад нас павялічэння вытворчасці.

Другі напрамак — выпуск штампаваных і звараных дэталяў і вузлоў. Тут заказчыкамі, акрамя МТЗ, выступаюць такія прадпрыемствы, як “Амкадор”, ТАА “Палімер-тэхніка”, ТАА “Лайцімед”, СТАА “Найцікс” і іншыя. Для “Найцікс”, напрыклад, у Лепелі робяць зварныя вузлы, якія ў далейшым зяўляюцца камплектуючымі для абсталявання ў нафтагазавым комплексе.

Трэці напрамак — дрэваапрацоўка. На заводзе ёсць цэх, дзе выпускаецца 11 найменняў мэблі для выкарыстання ўнутры памяшканняў, найперш у офісах. Яе вырабляецца да 200 адзінак на месяц. А яшчэ у нас існуе шырокі асартымент мэблі дваровай: лавачкі, сталы, альтанкі, пясочніцы, стойкі для банэраў і плакатаў і шмат чаго іншага.

Каля 85-88 працэнтаў выручкі дае вытворчасць шасцерняў, каля 10-ці — зварачна-штамповачны ўчастак і каля 3 працэнтаў — цэх дрэваапрацоўкі.

Усяго на прадпрыемстве працуюць каля 215 чалавек. Сярэдняя налічаная зарплата — на ўзроўні 900 рублёў.

За апошнія гады радыкальна змяніўся падыход да абнаўлення абсталявання. Раней дзейнічала наступная схема: на Мінскім заводзе шасцерань ставіліся новыя станкі, а старыя здымаліся і накіроўваліся на іншыя заводы, у тым ліку і ў Лепель. Станкі тыя, як правіла, былі даволі неблагія, яшчэ захоўвалі некаторы патэнцыял.

— Мы адышлі ад такой практыкі, — тлумачыць Юрый Вітальевіч, — пры ўсіх складанасцях усё ж такі купляем і ўстанаўліваем толькі новую тэхніку. Так, толькі ў бягучым годзе купілі, устанавілі і запусцілі ў дзеянне прэс крывашыпны, які можа ціснуць намаганнем у 160 тон, набылі чэшскі стужачна-пільны станок, у цэх дрэваапрацоўкі — свідравальна-прысадачны станок з Кітая. Ужо аплацілі першы ўзнос, а да канца года плануем атрымаць і запусціць карэйскі такарны цэнтр з лічбава-праграмным кіраваннем (ЛПК). З пачатку года на абнаўленне абсталявання накіравана 272 тысячы рублёў, а ўсяго на абнаўленне вытворчасці за год плануем патраціць каля 1,1 мільёна рублёў. Для параўнання, у мінулым годзе капіталаўкладанні ў асноўныя фонды склалі каля 379 тысяч рублёў.

— Сурёзныя сумы! З якіх крыніц ажыццяўляецца фінансаванне?

— Выключна з уласных. Частка грошай зароблена на вытворчасці, плюс сюды ж накіроўваем адлічэнні на амартызацыю, а гэта каля 80 тысяч рублёў штомесяц. Прадалі невыкарыстоўваемыя цэхі і памяшканні на Партызанскай — атрымалі дадатковую выручку. Вось так пакрысе і набіраецца неабходная сума. Разам з эканамістамі пралічваем варыянты, карыстаемся растэрміноўкамі плацяжоў.

— Наколькі ведаю, на заводзе даволі шмат рознай тэхнікі і абсталявання, якое дазваляе выпускаць усю наменклатуру прадукцыі. Шавошта набываць яшчэ станкі?

— Не яшчэ, а замест. Старыя станкі зношваюцца, патрабуюць больш энергіі для працы. Без рамонту і наладкі яны страчваюць дакладнасць апрацоўкі. Новыя станкі пры тых жа самых габарытах і энергаспажыванні больш прадукцыйныя, могуць замяняюць сабой па некалькі адзінак тэхнікі і людзей, а самае галоўнае — выдаюць больш дакладную апрацоўку дэталяў, гарантуюць высокую якасць прадукцыі, што і патрабуе заказчык. Патлумачу на прыкладзе. Калі дзве шасцерні, ці хаця б адна з іх дрэнна апрацавана, дапушчана недакладнасць у сотую долю міліметра ў абточванні зубоў, то яны не будуць добра працаваць, будуць часта ламацца, утвараць дадатковы гул.

Важнай праблемай для Лепельскага рамонтна-механічнага завода, як і для многіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў, зяўляецца недаход кадраў. На сёння 18 працэнтаў работнікаў завода — людзі пенсійнага ўзросту, палова калектыву мае ўзрост 50+. Кіраўнікі розных узроўняў канстатуюць, што моладзь не жадае асвойваць рабочыя прафесіі, такія, як токар, фрэзероўшчык, наладчык і іншыя. А добрага спецыяліста трэба рыхтаваць не адзін год, пасля вучылішча ці каледжа патрабуецца яшчэ працяглы перыяд практыкі. І толькі пасля гэтага рабочы стане сапраўдным майстрам сваёй справы. Не менш высокай кваліфікацыі будзе патрабаваць і праца на станках з ЛПК.

Аднак, нягледзячы на цяжкасці і праблемы, лепельскія машынабудаўнікі з пэўнай доляй аптымізму глядзяць у будучыню, ладзяць планы, абнаўляюць абсталяванне, асвойваюць новыя віды прадукцыі.

Васіль МАТЫРКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.