Лепельский рынок оживает в преддверии праздников?

“Сёлета зіма не такая, як звычайна”, — усё часцей ад знаёмых чуў такую характарыстыку надворя, што ўсталявалася ў снежні. Замаразкі ў сярэдзіне мінулага тыдня больш напалохалі, чым замарозілі: зямля пад тонкім покрывам снегу не зацвярдзела, азёры не пакрыліся трывалым тоўстым лёдам. Тым больш, што ўжо да выхадных мароз у амаль 20 градусаў па Цэльсію змяніўся адлігай. Па словах знаёмых, у суботу на базарнай плошчы былі мокры снег і лёд, які ў нядзелю практычна ўвесь растаў, а вада сцякла.
Галоўнай навіной сельгаспляцоўкі стала адсутнасць прадаўцоў, якія гандлююць прывазной садавінай і гароднінай. Пастаянныя наведвальнікі базару расказалі, што яны вырашылі ўзяць сезонны водпуск, бо садавіна, якая дастаўляецца з паўднёвых каін, ды і наша бульба з цыбуляй дрэнна пераносяць халады. Што ж, будзем чакаць новых сустрэч вясной!
Аднак вернемся да традыцыйнай сельгаспрадукцыі Лепельшчыны. Бульба на сельгаспляцоўцы прадавалася на 4 аўтамабілях, цана па-ранейшаму трымаецца на ўзроўні 10 рублёў за вядро, адзін прадавец прапаноўваў адборныя клубні па 12 рублёў, і на кожны тавар знаходзіўся пакупнік. Аднак усе прадаўцы адзначылі агульнае скарачэнне пакупніцкай актыўнасці. Пры гэтым заўважыў, што на сельгаспляцоўцы няма прывазной бульбы, увесь тавар мясцовага вырошчвання.
Збожжа ў нядзелю рэалізоўвалася таксама з 4 машын. Гаспадары ўласных сядзіб трымалі цану ў 5 рублёў за 10-літровае вядро зерня, незалежна ад культуры. А вось КУВСГП “Лепельскае” зноў былі прывезены авёс і пшаніца па 4 рублі за вядро, і толькі кукуруза прадавалася па 5 рублёў. У размове прадаўцы выказалі меркаванне, што з-за сёлетняга неўраджаю яравых збожжавых культур у бліжэйшы час можа назірацца недахоп ячменю. “Аднак пажывём — пабачым”, — выказваліся гандляры.
Яшчэ адзін папулярны на сельгаспляцоўцы тавар — капуста. Гэты прадукт прывезлі 3-е чалавек, прапаноўвалі па цане ад 1,20 да 1,40 рубля. Пры гэтым амаль ніхто з наведвальнікаў не закупляў яе мяхамі, усяго па 2-4 качаны.
— А навошта мне набываць шмат капусты і квасіць яе? — разважае знаёмы. — Мне прасцей і выгадней купіць качан—другі і заўсёды мець свежую капусту, тым больш, што прадаюць яе на працягу амаль усяго года, як і бульбу, буракі і іншую гародніну.
Дарэчы, буракі і морква таксама былі прывезены на сельгаспляцоўку, прадаваліся па 1,5 рубля за кілаграм.
У адрозненне ад гародніны, садавіна менш устойлівая пры захоўванні, рэдка якія сарты яблыкаў і груш могуць без страт знаходзіцца ў сховішчах да вясны. Тым не менш, у нядзелю 3-е чалавек прадавалі садавіну мясцовага вырошчвання. Цана на яблыкі і грушы павысілася да 2 рублёў за кілаграм.
У мясным павільёне асартымент і цэны асабліва не змяніліся. Праўда, заўважыў, што адзіны прадавец свініны са свайго вопыту дакладна ведае, колькі варта прывозіць тавару, каб распрадаць яго за 2 базарныя дні, суботу і нядзелю. Да 12 гадзін у нядзелю на прылаўку заставаліся толькі некалькі рулек па 4 рублі за кілаграм і кавалак паляндвіцы па 12,50 за кілаграм.
У малочным жа павільёне да гэтага часу ўбачыў шмат прадаўцоў мёду, якія прапаноўвалі прадукт па 8 рублёў за паўлітровы слоік, яек (па 4 рублі за дзясятак) і малочнай прадукцыі. Кошт апошняй з часу мінулага наведвання не змяняўся, таму засяроджвацца на гэтым не варта.
На крытых шэрагах прапаноўвалі розныя тавары каля 10 гандляроў. Аўтару асабліва запомнілася, што там прадаваліся кмен па 3 рублі за 200-грамовую шклянку, кроп па 2,50 за такі ж абём і журавіны — па 25 рублёў за 3-літровае вядзерца.
Па-ранейшаму вельмі папулярнай была жывая рыба з рыбгаса “Навінкі”. Карп элітны (маса рыбы больш за 1000 грамаў) каштаваў 6 рублёў за кілаграм, таўсталобік адборны і карп буйны (масай рыб па 400-600 грамаў) прадаваліся па аднолькавай цане — 4,90 рубля за кілаграм.
А вось разнастайны былы ў карыстанні тавар у мінулую нядзелю прадаваў толькі адзін мужчына. Пра цану і асартымент падобных тавараў на прылаўках мы расказвалі ў ранейшых публікацыях. Зараз жа хочацца спыніцца на такім адметным, як кавальскія ціскі. Інструмент спецыфічны, рэдкі, але не будзе залішні ў любой слясарнай майстэрні, прадаваўся за 150 рублёў.
Пакідаючы рынак, вырашыў зазірнуць у 2 палаткі, якія знаходзяцца на некаторым аддаленні адна ад адной. У абедзвюх прапаноўваліся верхняя вопратка і галаўныя ўборы. У адной палатцы прадаваліся жаночыя курткі і паліто — тавар вельмі патрэбны ў зімовы сезон. Цана на іх пачыналася ад 125 рублёў. Па самым высокім кошце — 445 рублёў — прадавалася жаночае паліто з каўняром з норкавага футра.
У другой палатцы цэны на галаўныя ўборы, жаночыя і мужчынскія, пачыналіся ад 25 рублёў. Гэта былі звычайныя шапкі са штучных сінтэтычных матэрыялаў. Самая ж дарагая, мужчынская з натуральнага футра каштавала каля 160-180 рублёў, жаночая — на 50-70 рублёў даражэй. Жанчына-прадавец заўважыла, што гандаль у яе ў нядзелю адбываўся нездавальняюча, удалося рэалізаваць толькі некалькі адзінак. Магчыма, таму, што жыхары раёна перад навагоднімі і каляднымі святамі эканомяць грошы, або таму, што пасля кароткачасовых замаразкаў на вуліцы зноў пацяплела.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.