Лепельскія “афганцы” – на Лукомльскай ДРЭС

г. Новалукамаль. 06.06.2015 016Дзейнасць Лепельскай раённай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў насычана рознымі падзеямі. Акрамя патрыятычнай работы наладжваюць сустрэчы з саслужыўцамі з розных рэгіёнаў краіны. Найбольш цесныя сяброўскія сувязі склаліся з суседнімі раённымі арганізацыямі  Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”.

Сустрэчы з баявымі таварышамі сталі традыцыйнымі. Лепяльчане не толькі сустракаюць гасцей у сябе дома, але  і  самі выпраўляюцца ў дарогу. На гэты раз нашых землякоў віталі на Чашніччыне. Цёплы прыём адбыўся ў горадзе Навалукомлі, дзе пражывае  вялікая колькасць ветэранаў афганскай вайны, нямала сярод іх і ўраджэнцаў нашага раёна.  Лепяльчан вітаў старшыня чашніцкай арганізацыі “афганцаў” Іван Садоўскі. Пры яго садзейнічанні была арганізавана экскурсія на  буйнейшую ў краіне электрастанцыю – Лукомльскую ДРЭС. У цэнтральным дыспетчарскім пункце, які з’яўляецца “сэрцам” электрастанцыі, удзельнікаў экскурсіі пазнаёмілі з прынцыпамі выпрацоўкі электраэнергіі і яе размеркаванні па тэрыторыі краіны.

Кульмінацыя сустрэчы адбылася на цэнтральнай плошчы Новалукомля, дзе ўсталяваны помнік воінам-інтэрнацыяналістам. Да абеліска быў ускладзены вянок. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінулых. Затым з вітальным словам выступіў старшыня лепельскай ветэранскай арганізацыі Сяргей Крывель, уручыў памятную грамату чашнічанам за плённае супрацоўніцтва.

г. Новалукамаль. 06.06.2015 036Ва ўрачыстай абстаноўцы двое лепяльчан атрымалі нагрудны знак  ГА “БСВВА” “За заслугі”.  Знакам першай ступені адзначаны Канстанцін Гардзеў. Канстанцін Іванавіч з’яўляецца кавалерам медаля “За адвагу”. Выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане ў 1986 – 1988 гадах на пасадзе начальніка медыцынскага пункту. З’яўляецца прапаршчыкам запасу. Знакам другой ступені ўзнагароджаны Ігар Вішнеўскі. Крыху больш за  год, з красавіка 1985 па май 1986 года, Ігар “круціў баранку” па горных дарогах Афганістана. Службу праходзіў ў 22-й асобнай брыгадзе спецыяльнага прызначэння. У далейшым прафесія вадзіцеля стала яго прызваннем, а набытыя ў войску навыкі і жыццёвы вопыт дапамагаюць   і сёння ў прафесійнай дзейнасці. У вольны ад працы час, а яго выпадае  не так і шмат, Ігар бярэ ў рукі гітару. Рэпертуар  складаюць не толькі “афганскія” песні. На гэты раз у дарогу ён таксама захапіў музычны інструмент. І панесліся па наваколлі ўжо напаўзабытыя мелодыі ваеннай маладосці. Кожны з прысутных, услухоўваючыся ў знаёмыя словы, а дзе і ціхонька падпяваючы,  успамінаў “сваю” вайну.

 Валерый Тухта

 На здымку: ветэраны афганскай вайны на экскурсіі па Лукомльскай ДРЭС.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.