«Лепельскія чытанні»

506Лепельскі краязнаўчы музей — гэта не толькі шматлікія цікавыя экспазіцыі і фонды, дзе захоўваюцца дакументы і разнастайныя рэчы, што маюць гістарычную, прыродазнаўчую і іншую каштоўнасць, але і правядзенне плённай навукова-даследчай дзейнасці. Важным этапам на гэтым шляху стала VI навукова-практычная канферэнцыя “Лепельскія чытанні”. Кіраваў работай вельмі прадстаўнічага форуму загадчык кафедры філасофіі і гісторыі УА “Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт” Яўген Грэбень.
Спачатку размова пайшла аб часах глыбокай старажытнасці. Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Зоя Харытановіч расказала аб даследаваннях на гарадзішчы вёскі Верабкі, якое было заселена людзьмі яшчэ ў бронзавы век і існавала аж да сярэднявечча.
Загадчык кафедры турызму і гасціннасці УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт” Мікалай Плавінскі распавёў аб археалагічных культурах Беларускага Паазер’я трэцяй чвэрці I тысячагоддзя н. э., пытаннях храналогіі і ўзаемадачыненняў.
Загадчык аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэй Вайцяховіч спыніўся ў сваім выступленні на даследаваннях курганнага могільніка каля вёскі Велеўшчына. Аб археалагічных спробах лакалізацыі пабудоў у прыбярэжнай частцы Лепеля праінфармаваў старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Марат Клімаў.
Выклікалі цікавасць і іншыя змястоўныя паведамленні, якія датычылі навуковага вывучэння народных абрадаў і рэлі­гійных вераванняў жыхароў нашага роднага краю, іншых гісторыка-культурных тэм. Уважліва слухалі ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі выступленні дацэнта кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт” Уладзіміра Лобача “Сакральная геаграфія Лепельшчыны: сімволі­ка і рытуальныя функцыі”, настаўніка гісторыі УА “Слабадская дзяржаўная дзіцячы сад — сярэдняя школа” Валерыя Тухты “Крыні­ца “Пад Богам”: да праблемы вывучэння і захавання культавых крыніц Лепельшчыны”, загадчыка кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт” Алесі Корсак “Становіш­ча насельніцтва Лепельшчыны ва ўмовах нацысцкай акупацыі (1941 — 1944 гадоў): кампаратывісцкі аналіз”, загадчыка кафедры гісторыі сусветнай культуры і турызму УА “Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт” Сяргея Новікава “Партызаны Лепельшчыны ў аперацыі “Баграціён” і многія іншыя. Прытым некаторыя выступленні навукоўцаў ператвараліся ў вострыя дыскусіі, калі ў выніку аргументаваных спрэчак паміж дасведчанымі людзьмі ў рэшце рэшт нараджалася ісціна.
На завяршэнне работы навукова-практычнай канферэнцыі для яе ўдзельнікаў была арганізавана экскурсія па гістарычным цэнтры Лепеля, прайшло знаёмства з іншымі адметнымі мясцінамі нашага роднага краю.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: на навукова-практычнай канферэнцыі выступае загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі УА “Полацкі дзяржаўны ўніверсі­тэт” Алеся Корсак.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.