«Лепельскія кулінары»

421Лепельшчына славіцца не толькі жывапіснымі краявідамі, прыродным хараством, а і выдатнымі майстрамі, музыкантамі і спевакамі, якія штогод радуюць нас сваімі творчымі сюрпрызамі. Да таго ж лепяльчане — гасцінныя, шчырыя і працавітыя гаспадары. У гэтым я ў чарговы раз упэўнілася, пабываўшы на IV фестывалі-конкурсе мясцовай кухні “Лепельскія кулінары”, які па традыцыі праводзіцца на паўвостраве Ладэ. Прызнаюся шчыра: з першых хвілін фестывалю адчула сябе ўдзельніцай яркага, каларытнага свята, дзе выразна, у адзінай гармоніі спалучыліся гукі народных песень, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, майстэрства і артыстызм.

…Задоўга перад адкрыццём фестывалю на маляўнічым узбярэжжы была наладжана выстава непаўторных твораў майстроў Лепельшчыны і іншых гарадоў Віцебскай вобласці. Якіх толькі цудоўных вырабаў тут не ўбачыла!
Віктар Дудкевіч прыехаў на фестываль з горада Глыбокае:
— У мерапрыемствах, што праводзяцца на Лепельшчыне, я ўдзельнічаю не ў першы раз, таму гэты мілы сінявокі куток лічу сваім, родным, — адзначае майстар. — Кожны раз прыязджаю сюды з вялікім задавальненнем, таму што ў час фестывалю ёсць магчымасць не толькі пазнаёміць гледачоў са сваімі работамі, а і абмяняцца творчымі ідэямі з калегамі, адкрыць для сябе штосьці новае.
З цікавасцю разглядаю творы Віктара Дудкевіча. Саламяныя сувеніры, лялькі, творы, цацкі, вырабленыя з гліны, драўляныя алоўкі з надпісам “Ладэ” — у кожнай рабоце адчуваўецца індывідуальны почырк майстра. Да таго ж Віктар займаецца і друкарствам. З сабой на фестываль ён прывёз самаробны друкарскі станок, выраблены па аналогіі з тым, на якім у шаснаццатым стагоддзі друкаваліся першыя старонкі кніг. Уважліва сачу за крапатлівай работай майстра. Загадзя падрыхтаваная драўляная форма змазваецца чарнілам, а потым яна ўкладваецца на станок, зверху прыціскаецца, і літаральна праз хвіліну з-пад драўлянай пласціны выходзіць новая кніжная старонка.
— Гэта першая старонка Бібліі, — расказвае майстар. — Прыкладна так выглядалі першыя старонкі старажытных кніг.
Віктар працягвае мне свой твор у якасці падарунка і прапануе самой надрукаваць старонку. Ахвотна пага­джаюся і атрымліваю невыказнае задавальненне ад друкарскай справы.
Пры дапамозе драўлянага малатка Віктар прадэманстраваў, як рабіліся ўпрыгажэнні на тканіне, паказаў, як з вузенькай драўлянай палоскі вырабляліся прадметы для гульняў.
Шмат гледачоў сабралася ля непаўторнай выставы работ майстра разьбы па дрэве Леаніда Саўчанкі. Якіх толькі арыгінальных вырабаў тут не было! Умелымі рукамі майстра з дрэва зроблены казачныя персанажы, сілуэты людзей, і ў кожнай з работ адчуваецца індывідуальны творчы почырк майстра.
Сам жа Леанід пад час выставы пачаў работу над новым творам.
Непадалёк ад Леаніда працаваў яго родны брат — вядомы на Лепельшчыне мастак Аляксандр Саўчанка. Аляксандр ужо шмат год працуе выкладчыкам у Лепельскай дзіцячай школе мастацтваў. Тут жа, у школе, вучыць дзетак і жонка Аляксандра Марына. Любоў да мастацкай творчасці бацькі-мастакі перадалі і свайму сыну Ігару, які набыў спецыяльнасць педагога-мастака ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, скончыў магістратуру пры гэтай жа ўстанове і сёлета пачынае сваю працоўную дзейнасць. У творчую скарбонку Аляксанд­ра ўваходзіць шэраг непаўторных работ, выкананых у розных жанрах. Аднак мастак шмат працуе ў жанры партрэта. Сярод гасцей фестывалю аказалася шмат тых, якія пажадалі атрымаць на памяць свой партрэт, а таму працы ў Аляксандра было шмат.
Немагчыма было прайсці міма непаўторных твораў майстра разьбы па дрэве Івана Будзіча. Работы Івана Мікалаевіча 423вядомыя не толькі ў Беларусі, а і далёка за яе межамі. У свой час Іван Будзіч рыхтаваў выставы і праводзіў майстар-класы ў Германіі, Даніі і іншых краінах. Работы мастака ёсць у прыватных калекцыях у Расіі, Англіі, Казхахстане. Неаднаразова выступаў мастак са сваімі работамі на выставах у сталіцы. Творы Івана Мікалаевіча, прадстаўленыя ў рамках сёлетняга фестывалю, у чарговы раз уразілі гасцей.
Сваімі цудоўнымі вырабамі захапілі гледачоў майстры раённага Цэнтра рамёстваў. Немагчыма было прайсці міма арыгі­нальных работ майстра выцінанкі Галіны Жураўлёвай, яркіх упрыгажэнняў Марыны Арцеевай, ткацкіх вырабаў Наталлі Петуховай.
Сваю прадукцыю на выбар гасцей выставілі таксама мясцовыя садаводы і пчалаводы. Госці ахвотна частаваліся, набывалі свежыя яблыкі і мёд.
— На свята мы прыехалі з вёскі Кавалевічы, — расказвае гаспадыня Наталля. — Разам з мужам сталі прадаўжальнікамі сямейнай дынастыі пчалаводаў. Гэтай справай у свой час займаліся мой бацька, Уладзімір Паўлавіч, і дзед, Павел Адольфавіч Гайдэнрыхі. Вядома, што пчалаводства — вельмі нялёгкая справа, аднак многія ведаюць аб лекавых якасцях мёду, які павышае імунітэт, засцерагае ад многіх хвароб. Акрамя таго, працяг сямейнай справы мы лічым сваім святым абавязкам. На ўласным участку пасадзілі таксама шмат яблынь, і штогод збіраем багаты ўраджай.
Яблыкі розных сартоў, вырашчаных у сялянска-фермерскай гаспадарцы Славецкага, шчыра прапаноўваў набыць работнік гаспадаркі Уладзімір Галінскі.
Уладальнік аграэкася­дзібы Васіль Шкіндзер прадставіў увазе гледачоў багатую калекцыю самавараў. Разам са сваім сынам Ільёй Васіль за прымальную плату прапаноўваў пакаштаваць думянага чаю з розных лекавых раслін.
Шчыра запрашаў гасцей да сваёй прадукцыі і пчалавод Дзмітрый Аўсеенка, які мае ўласную пчальнік у вёсцы Парэчча Каменскага сельсавета. Акрамя мёду, на выбар пакупнікоў прапаноўваліся засушаныя клубніцы, чарніцы, парэчкі, агрэст і іншыя ягады.
420Ад душы запрашаў гасцей таксама вопытны пчалавод Мікалай Ерашоў, які прыехаў на свята з вёскі Радунь Баброўскага сельсавета. Пчалаводствам Мікалай займаецца ўжо на працягу васямнаццаці год.
Набыць варэнне з маліны, засушаныя лясныя ягады, грыбочкі, свежую садавіну і іншыя прадукты запрашалі жадаючых гаспадары з вёскі Вялікае Жэжліна.
* * *
Меладычныя акорды музыкі абвясцілі аб адкрыцці фестывалю. Сваёй песняй “Будзь здаровы, гаспадар!” прывітаў гасцей вядомы кампазітар і спявак Аляксандр Балотнік. Цёплыя словы прывітання ў адрас гасцей выказаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аксяновіч:
— Вельмі прыемна, што з кожным годам фестываль набірае ўсё большую моц, удзельнікі мерапрыемства — прафесійныя повары і аматары кулінарнай справы — уражваюць усіх сваёй фантазіяй і арыгінальным падыходам да прыгатавання той ці іншай стравы. Усе яны выглядаюць настолькі прыгожа і апетытна, што выбраць пераможцу бу­дзе вельмі нялёгка. Няхай жа з кожным годам фестываль усё больш мацнее і збірае ўсё больш удзельнікаў, — шчыра пажадаў Аляксандр Уладзіміравіч.
Найлепшыя пажаданні ў адрас удзельнікаў фестывалю і ўсіх гасцей прагучалі таксама з вуснаў намесніка дырэктара медыцынскай шматпрофільнай кампаніі “Ладэ” па сувязях з грамадскасцю Віялеты Сілаковай.
— Галоўная мэта фестывалю — пазнаёміць гасцей са смачнай традыцыйнай беларускай кухняй, — адзначыла Віялета Ігараўна. — Мяркую, што кожных з нашых гасцей прыйшоў у захапленне, убачыўшы гэтыя шыкоўныя стравы нацыянальнай кухні. Тыя ж з іх, якія стануць пераможцамі фестывалю, будуць уключаны ў меню пансіяната “Ладэ”.
Цёпла прывітала гасцей таксама начальнік аддзела турызму ААТ “Ладэ” Наталля Макей.
І вось наступае хвалюючы момант — члены журы пераразаюць “чырвоную стужку” — і падыходзяць да стала, запоўненага багаццем самых розных арыгінальных страў. “Яблыкі, запечаныя з брусніцамі”, “Сыр хатні”, “Бабка бульбяная”, “Пянёк у лесе”, “Рачная госця”, “Парася мясное”… Проста вочы разбягаліся ад багацця смачных страў, кожная з якіх прыцягвала ўвагу сваёй аргыінальнасцю. Пакаштаваць стравы атрымалі магчымасць не толькі члены журы, а і шматлікія адпачывальнікі пансіяната, госці. Удзел у фестывалі-конкурсе прнынялі таксама і работнікі “Гасцінага двара”, якія на вогнішчы прыгатавалі апетытнае “Парасяці на пожагу”. Многія з цікавасцю назіралі за прыгатваннем стравы.
Свята набірала ўсё большую моц. Са сцэны мілагучнай плынню ліліся спевы нашых гасцей і мясцовых выканаўцаў. Уразіла гледачоў выступленне юнай Улады Дарашэвіч, якая сёлета прадставіць Беларусь на міжнародным конкурсе песні “Еўрабачанне-2014”. Выдатны настрой падарылі выступленні вакальнага гурта “Бліскавіца” Слабадскога Дома культуры, мясцовых спевакоў Івана Дабрыднева, Таццяны Грыдзюшкі, Віталя Хватынца, Наталлі Мацюш і іншых.
Работнікі пансіяната “Ладэ” шчодра прапаноўвалі ўсім жадаючым пакаштаваць свежага грыбнога супчыку, пярловай кашы з мясам. Лепяльчанка Аляксандра Пшонка за прымальную плату выпякала смачныя дранікі.
Вельмі зацікавіў гасцей майстар-клас па карвінгу Анастасіі Барэль з Мінска. Усе назіралі, як у спрактыкаваных руках майстрыхі звычайная гародніна набывае прыгожую форму. Толькі ўявіце сабе, што сімпатычную сабачку Анастасія зрабіла з… гарбуза. З садавіны былі змайстраваны шыкоўныя букеты. Пераняць азы карвінгу ў спецыяліста пажадалі многія госці. Пад кіраўніцтвам майстра аматары творчасці стваралі прыгожыя творы, з якімі фатаграфаваліся на памяць.
У непаўторным маляўнічым кутку ў гэты дзень выдатна адпачылі і дарослыя, і дзеці. Шмат прыемных уражанняў у гасцей пакінула прагулка на катэры па возеры Лепельскае, наведванне мясцовага заапарка.
Удзельнікі ж фестывалю з асаблівым нецярпеннем чакалі падвядзення вынікаў.422
Пад шчодрыя апладысменты гледачоў на сцэну запрашаюцца кулінары, стравы якіх сталі пераможцамі. Вышэйшай узнагароды — Гран-пры фестывалю-конкурсу — удастоена страва “Кракадзіл у балоце”, прыгатаваная Марынай Драгун і Анастасіяй Шчарбаковай. Першае месца заняла страва “Рыба з Вароніч”, аўтарам якой стаў Анатоль Кліпацкі з вёскі Варонічы Полацкага раёна. Другое месца ў фестывалі прысуджана страве “Парася мясное”, прадстаўленай ААТ “Лепельскі МКК”. Смачнае парася прыгатавалі загадчыца сталовай прадпрыемства Аліна Чэпік, а таксама повары — Таццяна Мазго і Зоя Дурко. Трэцяе ж месца ў конкурсе прысуджана страве “Пянёк у лесе”, прыгатаванай поварам Валянцінай Судак. Аўтары страў, якія занялі прызавыя месцы, узнагаро­джаны Дыпломамі і грашовымі прэміямі. “Прыза сімпатый гледачоў” удастоена страва “Парася на пожагу”, прыгатаваная работнікамі “Гасцінага двара”. Мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выканаўцы, якія прымаюць актыўны ўдзел у фестывалі, атрымалі Дыпломы ў адпаведных намінацыях, а таксама падарункі.
Зялёнае лісце дрэваў лашчаць шчодрыя промні сонца, ад возера вее прыемнай свежасцю і прахалодай… Як цудоўна, што мы жывём побач з такой казачнай прыгажосцю і кожны год збіраемся разам, каб атрымаць зарад бадзёрасці і новых сіл, адчуць прыемную асалоду ад сустрэчы з творчасцю!
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымках: повары Марына Драгун і Анастасія Шчарбакова прыгатавалі страву, якая ўдастоена вышэйшай адзнакі — Гран-пры фестывалю;мастака Аляксандра Саўчанку натхненне не пакідае; страва-пераможца “Кракадзіл у балоце”; узнімае настрой гледачам юная спявачка Улада Дарашэвіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.