Лепельская лясная прыгажуня

Новы год — светлае і радаснае свята, якое нельга ўявіць без навагодняй ёлкі. З’явілася такая высокая, цёмна-зялёная лясная прыгажуня з вельмі шырокімі, разлапістымі галінкамі і на плошчы Свабоды.
— Ёлку работнікі ЛКУВП ЖКГ “Лепель” пасля доўгіх і працяглых пошукаў па навакольных абшарах усё ж знайшлі ў лясным урочышчы, якое знаходзіцца якраз пасярэдзіне паміж аграгарадком Камень і вёскай Двор Бабча, — паведаміў намеснік дырэктара прадпрыемства Сяргей Маркавец. — Аднак знайсці — толькі палова справы. Спілаваў дрэва майстар Іван Чэклін, а вось з транспарціроўкай у горад узніклі пэўныя праблемы. Для гэтага давялося задзейнічаць не толькі аўтапагрузчык “Амкадор”, грузавую аўтамашыну МАЗ, але і магутны трактар МТЗ-1221. Справа ў тым, што з-за прайшоўшых моцных дажджоў, адсутнасці марозу ў гэтыя пераднавагоднія снежаньскія дні тэхніка пры руху па бездарожжы буксавала.
Акрамя таго, не меншую працу належыла выканаць і па ўсталяванні лясной прыгажуні на месцы прызначэння. Для гэтага давялося за¬дзейнічаць аўтавышку і аўтакран. Зладжана працавалі кіроўцы гэтых тэхнічных сродкаў Аляксандр Судак і Мікалай Чачоткін, у той час як двое работнікаў камунальнай гаспадаркі Сяргей Буловіч і Алег Голуб выконвалі неабходныя работы па аздабленні лясной прыгажуні.
Інжынер Уладзімір Русак разам са слесарам Алегам Носікам падключылі да электраэнергіі 10 промняў святочнай ілюмінацыі, якія разыходзяцца ў розныя бакі па ўсёй плошчы Свабоды, а таксама зманціравалі 20 рознакаляровых гірляндаў, прызначаных для выкарыстання непасрэдна на дрэве. Дырыжырывала ўсімі работамі інжынер садова-паркавай гаспадаркі Валянціна Валевіч.
І вось нарэшце ёлка засвяцілася ўсімі колерамі вясёлкі, радуючы лепяльчан.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.