Лепяльчанін служыў у дэсанце

М-1У пачатку снежня ўжо далёкага 1979 года ўраджэнец Велеўшчыны Віктар Пыцько быў у шэрагу першых савецкіх дэсантні­каў, якія ступілі на выпаленую сонцам афганскую зямлю. Для забеспячэння працы аэрадрома Баграм і аховы тэхнічнага персаналу і грузаў з Ферганы была перакінута аператыўная група 345-га асобнага парашутна-дэсантнага палка на чале з камандзірам і 2-м батальёнам з баявой тэхнікай і грузамі. Дэсантнікі былі накіраваны ў Афганістан пад выглядам тэхнічнага абслугоў­вання авіяцыі на аэрадроме Баграм, дзе размяшчаліся савецкія самалёты і верталёты. Віктар узгадвае, што маскіроўка была максімальнай, на форме яны насілі знакі адрознення лётчыкаў. Афіцэрскі састаў быў замаскіраваны пад сяржантаў. Толькі салдаты тэрміновай службы мелі чырвоны колер лычак, а афіцэры жоўты. Напрыклад, лейтэнант меў адну яфрэйтарскую лычку жоўтага колеру.
У баявой біяграфіі земляка — шмат запамінальных эпізодаў. Менавіта Віктар сядзеў за рычагамі БМД, які вёз з Баграма ў Кабул новага кіраўніка Афганістана Бабрака Кармаля. Пра гэта ён даведаўся пазней, а тады атрымаў лаканічны загад любым чынам даставіць пасажыра да месца назначэння. Не здагадваўся Віктар, што чалавек у традыцыйным афганскім адзенні, які сядзіць у дэсантным адсеку баявой машыны ў атачэнні супрацоўнікаў КДБ, — важная персона. Два тыдні да гэтага Бабрак Кармаль жыў на базе ў дэсантнікаў, якія між сабой назвалі афганца Коля Баброў.
Размешчаны ў Баграме парашутна-дэсантны полк лічыўся адной з самых “ваюючых частак” 40-й арміі. Яго дэсантнікі часцей бывалі на “баявых”, чым на тэрыторыі ваеннага гарадка. Кожны дзень у далёкай горнай краіне быў насычаны цяжкай баявой работай, у якой даводзі­лася губляць таварышаў. Прапаршчык Пыцько выконваў у падраздзяленні абавязкі нампатэха, але на базе ён не адседжваўся, хадзіў на “баявыя” нароўні з усімі. Спачатку “духі” не вельмі дакучалі. Сур’ёзныя страты полк пачаў несці летам 1980-га, калі ўступілі ў супрацьборства з наёмнікамі. Падчас аднаго бою ў роце, дзе служыў Віктар, засталося дваццаць чалавек асабовага складу. Былі выпадкі, што ва ўзводах пасля аперацый заставалася па два — тры чалавекі.
Асабліва адклалася ў памяці ветэрана, як на міне падарвалася БМД, а затым па ёй “душманы” ўдарылі яшчэ і з гранатамёта. У адначассі загінула сямёра чалавек. Тады, гарачым летам 1980-га, дэсантнікі набіраліся вопыту, вучыліся ваяваць з небяспечным ворагам.
Аднойчы, рыхтуючыся да палявога выхаду, унутраны голас падказаў Віктару надзець бронекамізэльку, якой звычайна карыстаўся мала. Дэсанціраваўшыся з “брані”, падраздзяленне дэсантнікаў паспела прайсці горнай сцяжынкай некалькі соцень метраў, як аднекуль ударылі аўтаматныя чэргі. Адна з іх апракінула на зямлю Віктара, які і зразумець нічога не паспеў, толькі дыханне перацяло ад моцнага болю ў гру­дзях. Справа абышлася двума паламанымі рабрынамі. Магчыма, тады ўпершыню і задумаўся, што нейкая звышнатуральная сіла ўратавала ад немінучай пагібелі.
Праз некалькі месяцаў, будучы на пабыўцы ў бацькоў, не супраціўляўся, калі маці ў дарогу дала святое пісьмо, каб зберагала на вайне. Гэты своеасаблі­вы засцярог Віктар Міхайлавіч і цяпер ашчадна захоўвае ў сваіх дакументах.
За “афганскую” вайну Віктар Пыцько ўзнагароджаны медалямі “За адвагу”, двума “За баявыя заслугі”, “За адзнаку ў воінскай службе” першай і другой ступеняў.
У сонечную Фергану “з-за рэчкі” Віктар вярнуўся напрыканцы 1981 года, праслужыўшы ў Афганістане ў агульнай колькасці дваццаць пяць месяцаў.
Службу ў паветрана-дэсантных войсках Віктар Міхайлавіч лічыў сваім прызваннем. Ён быў прафесіяналам сваёй справы, сапраўдным дэсантнікам. Здзейсніў больш за чатырыста скачкоў с парашутам, з’яўляўся інструктарам парашутна-дэсантнай падрыхтоўкі, праходзіў службу ў разведвальным падраздзяленні. Маючы багаты баявы вопыт, перадаваў яго маладым, якіх яшчэ чакала камандзіроўка на вайну. Абставіны склаліся так, што, аддаўшы войску лепшыя гады свайго жыцця, вымушаны быў звольніцца ў запас. Зараз аб гэтым ветэран-“афганец” не шкадуе. Далей пайшоў па жыцці іншым, мірным, шляхам, сваё другое прызванне знайшоўшы на зямлі, працуючы механізатарам і аграномам.
Валерый Тухта.
На здымку: Віктар Пыцько.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.