Лепяльчанка кіпенем абліла саперніцу

Беспрытульнай Вольгу Кушнярову не назавеш. Мае кабета жыллё. З сужыцелем А. Аляшкевічам жыла ў Бароўцы. Часам сямейная лодка давала цечу, тады яны разбягаліся па сваіх жылых кутках. Вольга з’язджала ў Лепель, там у яе кватэра. Пакінула жанчына сужыцеля і ў той снежаньскі дзень. Пасварыліся, чаго не бывае. На тое і жыццё. Потым дамовіліся нібыта зноў з’ехацца. Па словах В. Кушняровай, 14 студзеня яна па­вінна была прыехаць у Бароўку.

Патэлефанавала, маўляў, каханаму на мабільнік. Нечакана адказаў жаночы голас. А потым тэлефон наогул замаўчаў, нехта выключыў, відаць. Жарсці разгараліся. З размовы з суседам зразумела, што ў сужыцеля віруе п’яны рэй. Рэўнасць успыхнула з новай сілай.

Падалася да каханага. Як так, маўляў, дамовіліся памірыцца, а ён святкуе з нейкай дамай. Адчынілі дзверы не адразу. Аляшкевіч сядзеў за сталом нападпітку. Гаспадарыла ў кватэры Алена Кішэня. Стаяла ля газавай пліты і гатавала ежу. Кабеты ўсчалі спрэчку. Канфлікт запалаў з новай сілай. Вольга пачала выганяць саперніцу прэч. Вольга выключыла газ. Насуперак ёй Алена зноў запаліла канфоркі…

Лаянка ляцела з вуснаў кабет гарохам. Да бяды заставаўся адзін малюсенькі крок. Моцны пол неяк ніякавата пазіраў на канфлікт. Мусіць, не рызыкаваў умешвацца. Разбяруцца, напэўна, і аціхнуць страсці. Чаго з п’яных вачэй не здараецца. А здарылася! Бяда здарылася. Вольга ў прыступе лютасці схапіла з газавай пліты каструлю і выплюхнула змесціва на саперніцу. Тая інстынктыўна выкінула наперад руку, каб абараніць твар, і варыва апякло яе.

Падчас судовага следства віна В.П. Кушняровай пацвер­дзілася. Яна нанесла пацярпелай наўмыснае менш цяжкае цялеснае пашкоджанне, якое не пацягнула наступстваў і не выклікала працяглага расстройства здароўя. Вырашана ўтрымаць з В.П. Кушняровай на карысць А.І. Кішэні кампенсацыю  маральнай шкоды ў суме 10 мільёнаў рублёў і матэрыяльную — 460450 рублёў. Апрача таго, з яе ў даход дзяржавы ўтрымліваецца дзяржпошліна 563 тысячы рублёў.

Сукупнасць учынкаў чалавека, якія маюць маральнае значэнне і здзяйсняюцца ім у адносна працяглы перыяд у пастаянных або зменлівых умовах, прынята называць паводзінамі. Паводзіны чалавека — адзіны аб’ектыўны паказчык яго маральных якасцяў, маральнага аблічча. Гэта з тэорыі. А на практыцы мы бачым, наколькі неадназначныя паводзіны і ўчынкі нашых персанажаў. Часам не задумваемся аб наступствах учынкаў, у парыве гневу і алкагольнага ачмурэння робім ракавы крок. Наша гісторыя завяршылася не ракавым фінальным акордам. А магла…

В. ЖЫГІМОНТ,

памочнік пракурора раёна.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.