Лёс не абмінеш

289Да вайны сям’я Радкевічаў (дзявочае прозвішча Генадзіі Васільеўны) увогуле аказалася ў Оршы, але ж перад самай вайной нечакана памёр Генін бацька, і маці паехала да сваякоў у вёску. І вось аднойчы да іх у Забор’е на кані прыязджае цётка Марыя з Юхнаўкі. І закарцела ж дзяўчынцы з цёткай праехацца! А тут акурат наляцелі карнікі. Людзі кінуліся да лесу ратавацца. І ўратаваліся б, напэўна, але карнікам удалося схапіць адну жанчыну, якая неўзабаве і прывяла іх у лес да людскога гурту.
Сагналі ўсіх у школу, саломай абклалі, саляркай аблілі, паліць сабраліся. А тут нейкая важная персона прыехала з Бягомля. Чалавек падаў знак — і карнікі спынілі расправу. Пад’ехала машына, пагрузілі туды маладзейшых. Сярод іх аказалася і Геня з цёткай Марыяй і ўсёй яе сям’ёю. Гэтых павезлі ў рабства. Астатніх жа спалілі зажыва.
Бог іх уратаваў! У Нямеччыну везлі на цягніку. У лагеры распранулі дагала, як жывёлу. Усіх разам (жанчын, мужчын, дзяцей) аблілі халоднай вадой. Лічылася, што памылі. Пасля ж пачалі размяркоў­ваць на працу: каго — да баўэраў, каго —на завод. Цётку разлучылі з мужам і сынам, хацелі і Геню кудысьці адправіць. Аднак маленькая дзяўчынка ўчапілася за цётку і нема закрычала. Немец яе патузаў, спрабуючы адарваць, дый махнуў рукой. Так Геня разам з цёткай Марыяй трапіла ў вёску да баўэраў.
Гаспадыня паводзіла сябе як звярыца. Дзяўчынку, хоць і не прымушалі працаваць, толку з малой, затое… і не кармілі. Цётцы ж перападала талерка супу, дзе была адна вада ды тры бульбіны. І толькі калі кармілі сабаку, нешта даставалася дзяўчынцы.
Аднойчы цётка не вытрымала і паскардзілася на гаспадыню, а тая ў адказ выклікала гестапаўцаў. Цётку абвінавацілі ў спробе замаху, нібыта яна хацела вяроўкай гаспадыню задушыць. Гестапаўцы пачалі збіваць Марыю. І тут на дапамогу кінулася маленькая Геня. Дзяўчынка ўжо ведала некаторыя словы па-нямецку і, як магла, пераконвала карнікаў, што цётка не вінаватая.
Надзіва, фінал гэтай гісторыі аказаўся не трагічны. Вязняў забралі ад баўэраў і адправілі працаваць на фабрыку — у горад Шнаер на Рэйне, дзе яны сустрэліся з роднымі. Там іх неўзабаве і вызвалілі амерыканцы. Нейкі час вязні знахо­дзіліся ў савецкай вайсковай часці і толькі ў сорак шостым разам з вайскоўцамі вярнуліся дадому.
Далейшае жыццё Гені не было такім змрочным. Яна закончыла сямігодку, чатыры гады вучылася ў Ашмянскім сельгастэхнікуме на бухгалтара. Працаваць накіравалі на Лепельшчыну, у Ладасна. Пазнаёмілася з мясцовым шафёрам Леанідам Пліско, выйшла замуж. Зараз Генадзія Васільеўна жыве ў Несіне, даўно ўжо ўдава. У яе трое сыноў. Уладзімір жыве ў Віцебску, вадзіцель, Міхаіл — у Баброве, працуе ў ваенізаванай ахове. Аляксандр таксама жыве Баброве, трактарыст. У бабулі Гені ёсць сямёра ўнукаў і тры праўнукі — Арцём, Кірыл і Косця. Цешаць старую маладыя парасткі яе жыццёвага дрэва.
Непадалёк ад Генінай хаты раскінулі шаты магутныя волаты-дубы. Дрэвы, як і гаспадыня, — жывыя сведкі ліхалецця, якое немагчыма забыць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Генадзія Ва­сільеўна Пліско.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.