Любімыя кнігі дзяцінства нашых настаўнікаў

книгиПраблема збяднення духоўнага свету чалавека апошнім часам шырока абмяркоўваецца ў грамадстве. Чытаць? Не чытаць? Моладзь, ды і не толькі моладзь, а і шмат хто з людзей сярэдняга веку нібы апраўдваюцца, маўляў, навошта чытаць, калі зараз усё можна знайсці ў камп’ютары, у інтэрнэце. Там сцісла, коратка, па-сутнасці, без экспрэсіі, якая, маўляў, з’яўляецца перажыткам мінулага… Як бачыце, існуе альтэрнатыўная думка і на яе працуе свая логіка: трэба берагчы час. Згодзен, трэба. Вось толькі навошта? Каб жыць “доўга і шчасліва” бездухоўным, як тыя ўсюдыісныя монстры ў інтэрнэтных гульнях, якія ўсяго дамагаюцца ці кулакамі, ці “пушкаю” і за гульню паспяваюць пражыць не адно, а некалькі жыццяў?
Што такое інтэрнэт? Адны называюць яго ледзьве не вяршыняй цывілізацыі, другія, наадварот, — “вялікай сметніцай”. Меркаванні, зноў жа, палярныя.
Чалавек — істота разумная. Ва ўсе часіны, і нават у старажытныя, яго вызначала ўменне думаць. Дык няўжо ў дваццаць першым стагоддзі гэтая чалавечая адметнасць стане раптам непатрэбнай? Чытаць — значыць думаць. Думаць — значыць чытаць. Чытаць — значыць быць пісьменным. І тое, што моладзь у тых жа сацыяльных сетках піша як бог паслаў, аж чырванее манітор, “заслуга” таксама інтэрнэту, які паступова выцясняе кнігу з нашага жыцця.
Задумваюцца культработнікі, занепакоены настаўнікі, прынамсі, тыя, якія выхаваны на кнігах. Спрабуюць вярнуць кніжцы былы аўтарытэт… Напрыклад, у Горскай базавай школе вырашылі арганізаваць незвычайную выставу “Любімыя кнігі нашых бацькоў”. Прама ў фае школы размясцілі лепшыя кнігі, якія прынеслі бацькі вучняў са сваіх хатніх бібліятэк. Больш таго, бацькі рушылі ў школу, каб распавесці дзецям пра свае любімыя кнігі: пра творы айчынных і замежных аўтараў, якімі захапляліся, зачытваліся ў дзяцінстве. І што вы думалі? Спрацавала! Дзеці ўзяліся чытаць амаль усе такім няхітрым чынам разрэкламаваныя кнігі. А пасля яшчэ і хваліліся-дзяліліся ўражаннямі.
Спроба такой “рэкламнай акцыі” ў абарону гонару і годнасці кнігі ў школе не першая. Летась ужо наладжвалі аналагічную выставу, толькі пад крыху іншым “сочывам”. Тады выставу “Кнігі дзяцінства нашых настаўнікаў” арганізавалі самі педагогі. У школе вядуць не проста абстрактную гаворку пра кнігу, а дэманструюць, аналізуюць, знаёмяць з аўтарамі, грунтоўна працуюць і з мясцовым матэрыялам, з мясцовымі аўтарамі, майстрамі прыгожага пісьменства. Скажам, падтрымліваюць цесныя стасункі з мясцовай паэтэсай Соф’яй Несцярук. Нядаўна дзеці разам з настаўніцай Алай Ламоцька пабывалі ў яе ў гасцях. Соф’я Мікалаеўна чытала вершы, свае і іншых аўтараў, і яе ўважліва слухалі.
Дарэчы, і самі юныя даследчыкі цікавяцца паходжаннем мясцовых назваў, вандруюць па наваколлі, распытваюць мясцовых жыхароў, складаюць тапанімічны слоўнік мясцовасці. Запрасілі госцю ў школу. Тая з задавальненнем адгукнулася. Творчая сустрэча працягвалася мо з гадзіну, але ж якой насычанай яна была, якой змястоўнай! Соф’я Мікалаеўна чытала паэзію, расказвала пра маці, пра вайну. Дамовіліся, што наступны раз сустрэнуцца ў сакавіку, з нагоды цудоўнага вясновага свята Дня жанчын, і творчае знаёмства прадоўжыцца.
Урэшце, за слова не трэба агітаваць, яго трэба паказваць, дэманстраваць. Лепшая рэклама кнізе — яна сама, яе змест. Трэба толькі дапамагчы вучню прыйсці да кнігі і разгарнуць яе. Хто ж, як ні настаўнік, асабліва ў вёсцы, гэта зробіць?! У Горках настаўнікі разумеюць усю адказнасць сваёй асветніцкай місіі і не перакладваюць яе на чужыя плечы.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.