Любит путешествовать. И не только по Лепельщине

121Аднаго разу Ілья паспрачаўся з бацькамі: пабіліся аб заклад, што за адным махам рыдлёўкаю перакапае ўвесь агарод. Сказана — зроблена. Ілья Галубцоў не кідае слоў на вецер…
— Выгадная спрэчка, асабліва з боку бацькоў, — усміхнулася псіхолаг, якая была сведкаю нашай размовы.
— І што ты выйграў? — пытаюся ў хлопца. — Салодкі прыз?
— Тыпу таго.
Ва ўсякім разе, не на пачак цыгарэт спрачаўся Ілья з бацькамі. Гэта стапрацэнтна. Гэта яго не цікавіць.
— І ніколі не спрабаваў курыць?
— А навошта?
Сапраўды, навошта труціць сябе нікацінам, калі ў жыцці столькі цікавага, асабліва калі жыццё маладое і перад табой адчыняецца цэлы прасцяг.
У крайнім выпадку можна пачытаць цікавыя кніжкі. Вы скажаце, кніжкі чытаць не модна зараз? Гледзячы, у каго які густ і інтэлект. Ілья чытае, і чытае з дзяцінства. Напрыклад, падабаецца Стывен Кінг, Толкін “Валадар кольцаў”. Падабаецца, словам, фэнтэзі.
Цікава, што ў жыцці Ілья зусім не фантазёр, а, наадварот, прагматык. Вобразна кажучы, ён, як на тым агародзе, заўсёды стараецца любую справу давесці да канца і сам дакапацца да ісціны.
Думаеце, распавядаю пра чалавека дарослага з акрэсленымі жыццёвымі даляглядамі? Ды не, перад вамі звычайны сучасны падлетак, вучань дзясятага класа гімназіі, які, акрамя таго, што спрытна спраўляецца з рыдлёўкаю, ваўсю штурмуе хімію і біялогію. Менавіта гэтыя прадметы жыццёва для яго неабходныя — хоча стаць урачом.
Калі школьны псіхолаг рэкамендавала мне звярнуць увагу на Галубцова, яна сказала літаральна наступнае:
— Калі Ілья стане ўрачом, гэта будзе таленавіты ўрач.
Як тут не зацікавішся! Вядома ж, захацелася пазнаёміцца з будучым таленавітым урачом, каб зразумець, адкуль бяруцца добрыя спецыялісты.
А бяруцца яны не з Месяца і не з Марса, ходзяць з намі побач, па планеце Зямля. Вось толькі гэтыя людзі ўжо змалку ўмеюць засяродзіцца на асноўным, не распыляцца. Ім хапае ўседлівасці і скрупулёзнасці.
А ў астатнім Ілья — звычайны падлетак, дзіця свайго часу. Нарадзіўся на Сенненшчыне, праўда, памятае сябе ўжо лепельскім, бо сям’я пераехала ў наш горад, калі яму яшчэ было гады тры ці чатыры. Яго першая настаўніца кажа, што пачуццё адказнасці ў хлопчыка было ўжо тады, калі ён яшчэ вучыўся ў пачатковых класах. Ён быў надзвычай вытрыманы, тактоўны, любіў чытаць энцыклапедычныя кніжкі.
Праўда, усё добра ў сваім узросце. Даросласць больш пасуе дарослым людзям. А дзеці павінны гуляць. І таму дзякаваць Богу, што даросласць праяўляецца толькі ў яго памкненнях, пошуках ісціны і планах на будучыню. А ў астатнім Ілья Галубцоў — як і ўсе. Летам сядае на велік і імчыць да сяброў на Шпітальную вуліцу, там болей прасторы, лес побач, вольнаму воля, можна пагуляць у баскетбол, паганяць мяч на футбольным полі ці проста пашастаць у пошуках прыгод па закінутых і таму таямнічых развалінах. У яго шмат сяброў, адных аднакласнікаў толькі: Марк Радзько, Антон Голер, Ілья Хамічонак. Розныя ў іх бываюць захапленні. У Марка, напрыклад, камп’ютары, інтэлектуальныя гульні, у Антона — гітара. Яднае духоўная повязь, яна з дзяцінства.
Ілья і сам не супраць пасядзець за компікам і пагуляць у “стралялкі”, бывае часам карысна зняць стрэс. Захапляецца Warcraft, Starcraft, Call of Duty і іншымі камп’ютарнымі гульнямі. А вось “УКантакце” сядзець падоўгу не прывык, толькі летась там увогуле завёў старонку. Старонка — каб высветліць у сяброў штосьці па ўроках ці паслухаць добрую музыку. Падабаюцца, вядома ж, маладзёжныя стылі, рок і рэп, аднак не супраць і групы “Кіно” ці Андрэя Макарэвіча.
Любіць падарожнічаць. І не толькі па Лепельшчыне. Часта бывае ў знаёмых у Гомелі, да гэтага часу ўспамінае паездку ў Германію, якую лічыць адной з асноўных падзей свайго яшчэ кароткага жыцця. Жылі ў палатках, купаліся ў заліве і ездзілі на мора, завіталі на званарню. Пакупацца ён аматар, і плавае добра, не дарэмна ж спарстмен.
А на летніх канікулах, як і многія яго равеснікі, якія не прывыклі марна траціць час, стараецца падзарабіць. У вытворчай брыгадзе вучнёўскай працаваў, у ягады з бацькамі ездзіў. Сёлета зноў будзе на рамонтных работах у сваёй гімназіі. І дома рамонт без яго не абыходзіцца. Бацькі навучылі шліфаваць, тэхніку сам можа сабраць ці адрамантаваць. І, як мы ўжо ведаем, зусім не дылетант на бабуліным агародзе. Лёгка зварыць суп ці кашу, вось толькі любімыя пельмені лепяць удвух з маці.
Мы кажам, што моладзь інфантыльная. Павучыцца б нам у некаторых маладых практычнасці і гаспадарлівасці. Ілья ведае, дзеля чаго жыве і ўпарта імкнецца да мэты. Думаю, поспех яго не абміне.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Ілья Галубцоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.