Маладая сям’я з Лепельшчыны стала прызёрам рэспубліканскага конкурсу

322Чатырохгадовы Міша, можа, не столькі словамі, колькі рашучымі дзеяннямі актыўна ўдзельнічае ў нашай гутарцы. Пакуль мы з Уладзімірам размаўляем пра справы жыцейскія, непаседлівы Мішэль то спявае сабе пад нос, то гучна вывяргае з меха дэталі свайго дзіцячага канструктара, а вушкі, між тым, на макушцы. Бо нашы з бацькам жыцейскія размовы тычацца непасрэдна яго, аднаго з галоўных герояў сям’і Кавалевічаў. І ўключаны манітор камп’ютара дэманструе якраз яго, Мішкі, творчы бенефіс. А таму супакойваецца малы толькі тады, калі бацька прапаноўвае псіхалагічны кампраміс:

 

— Мульцікі ўключыць?

— Мульцікі – святое!..

Не буду далей інтрыгаваць чытача, размаўляем мы з Уладзімірам  пра іх сямейны поспех. Зусім нядаўна Кавалевічы з Бароўкі занялі другое месца на рэспубліканскім конкурсе «Сям’я – крышталь грамадства», які штогод праводзяць Узброеныя Сілы сумесна з Беларускім рэспубліканскім Саюзам моладзі. І заслугі малодшага з іх, Мішы, тут не выклікаюць аніякага сумнення. Ці ж не ён цягам двух месяцаў, пакуль рыхтаваліся да фіналу, цярпліва вытрымліваў шматгадзінныя трэніроўкі на сцэне ў клубе мясцовай часці? Ці ж не яго цудоўнай пластыкай любуемся мы з бацькам, які пракручвае ў запісе незабыўныя імгненні конкурсу? Уладзімір кажа, што толькі адна іх сям’я выступала з дзіцяці. Акрамя Мішкі быў на конкурсе яшчэ адзін хлопчык, аднак ён назіраў за выступленнем бацькоў  разам з бабуляю – з глядзельнай залы. Астатнія ўдзельнікі былі проста маладыя пары.

324Прабіцца ў фінал і трапіць на сцэну Цэнтральнага Дома афіцэраў было, зрэшты, не так проста. На пачатку прайшлі адборачныя туры на месцах, у воінскіх часцях, затым падужаліся на ўзроўні аператыўна-тактычнага камандавання (своеасаблівы «абласны» тур), і нарэшце шэсць маладых сем’яў выйшлі на рэспубліканскі ўзровень. Прывезлі ў Мінск «візітку», пад час якой трэба было арыгінальным чынам расказаць пра сваю сям’ю. Гляджу на экран і дзіўлюся, як па-майстэрску выканалі яе Кавалевічы. Непрафесіяналы на сцэне. Уладзімір — начальнік фізічнай падрыхтоўкі і спорту ў вайсковай часці 22313. Крысціна — настаўніца замежнай мовы ў Бароўскай школе. Аднак якая творчая чуйнасць! Дарма Уладзімір сціпла аднекваецца, маўляў, няма тут аніякага сюжэту. Есць! Сюжэт іншым разам прамаўляе і мовай пластыкі. Бліскучае выкананне! І як вянец – момант з зорачкай, якую Мішка з белымі крыльцамі анёла здымае з неба і дорыць маці… Візітку выканалі ў вершах, якія сачынялі, як маглі, усёй сям’ёй, дапамагала і бабуля. А яшчэ агучылі легенду пра Бароўку. Тут не абысціся было без дапамогі школы, дзе выкладае Крысціна. Накапалі столькі гістарычнага і краязнаўчага матэрыялу пра родныя мясціны, што Кавалевічы і самі не ведалі, чаму тут верыць, а ў чым сумнявацца. Аднак легенда прагучала прыгожа, стройна, праўдападобна і прыхільна была сустрэта гледачамі.

Першае месца дасталося ўсё ж прафесіяналам. Сям’я, якая перамагла на конкурсе, займаецца ў прафесійных спеўных калектывах. Трэба аддаць належнае іх голасу і выканаўчаму майстэрству. Тым болей прыемна, што непрафесіяналы з нашай Бароўкі занялі другую прыступку на п’едэстале гонару. Ім уручылі грашовую прэмію і мультыварку… А пазней запрасілі на з’езд вайскоўцаў БРСМ, дзе прадоўжылі віншаваць, і міністр абароны паабяцаў заахвочванне па службе…

Што ж прывяло Кавалевічаў да перамогі? А менавіта тое слова, якое гучыць у назве конкурсу – крышталь…

Іх сямейныя стасункі выкрышталізоўваліся ў суровых рэаліях рэчаіснасці. Валодзя прыгадвае, як пазнаёміліся з Крысцінай, калі былі студэнтамі. Ён, брэсцкі хлопец, прыехаў вучыцца ў Мінск. Паступіў у інстытут фізічнай культуры на факультэт спартыўных гульняў і адзінаборстваў. Яна, дзяўчына з Бароўкі, была студэнткаю  лінгвістычнага ўніверсітэта. А потым… раз’ехаліся: ён – у Брэст, яна – на Лепельшчыну. І два гады каталіся на цягніках туды-сюды на спатканні. Двойчы нібыта расставаліся ўжо, не вытрымаўшы тае аддаленасці, аднак хіба для кахання існуюць адлегласці?! І яны кожны раз зноў знаходзілі адзін аднаго, разумеючы, што жыць паасобку не могуць. Урэшце Валодзя кінуў спартыўную працу і разам з будучым цесцем лета працаваў на будоўлі – зарабляў на вяселле. Фінансавы аргумент перамог і тады, калі выбіраў паміж спартыўнай кар’ерай і вайсковай службай. І ўрэшце старшага лейтэнанта Кавалевіча накіроўваюць… у Бароўку. Пашанцавала абзавесціся кватэраю, абставіцца, хоць і давялося залезці ў крэдыты.

У сям’і Кавалевічаў – свая «палітыка ўзаемаадносін». Уладзімір і Крысціна жывуць адзін для аднаго і ўсе разам – для маленькага Мішы. Хлопчык выхоўваецца ў дастаткова строгай дысцыпліне, аднак гэта дысцыпліна – любові і паразумення. Сядзець за компікам і глядзець любімыя мульцікі малому выпадае не часта. На вуліцу, на прыроду, у рэальны свет. Часта падарожнічаюць. Як закон, разы два-тры на год бываюць у Брэсце – трэба ж наведваць сваякоў. Крыху раней, за мінулым часам, ездзілі ў Крым, вельмі ж хацелася Уладзіміру на мора. Не кажучы пра вандроўкі па Беларусі. Спартыўнаму бацьку, як зрэшты і звыкламу да падарожжаў сыну – Мішка добра пераносіць пераезды-пералёты, – у тых вандроўках прасцей. Ну а над Крысцінаю мужыкі «бяруць шэфства».

Дзве запаветныя мары Кавалевічах ужо спраўдзіліся. Даўно марылі пабыць у Парыжы. Ён яшчэ ў дзяцінстве вывучаў французскую мову, яна спецыялізавалася па-французску ва ўніверсітэце. Пабачыць славутыя мясціны Парыжа, пра якія так шмат ужо ведалі, пашанцавала два гады таму. Здзейснілася і мара паспяхова выступіць на конкурсе. Зараз Уладзімір, якому днямі спаўняецца трыццаць гадоў, рыхтуе сабе падарунак – марыць скочыць з парашутам. Напэўна, і яго Крэсцік — так ласкава заве жонку — не праміне да юбілею спячы мужу вялікі салодкі пірог. Абодва гатаваць умеюць і любяць. Яна па буднях балуе мужа, які позна вяртаецца з працы, рознымі супчыкамі ды плоўчыкамі, ён па выхадных з задавальненнем смажыць блінчыкі, стругае салаты, гатуе мясное.

Кавалевічы жывуць дружнай, з’яднанай, здаровай сям’ёй – і ў гэтым іх сапраўднае шчасце.

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: сям’я Кавалевічаў у жыцці і на сцэне.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.