Маладыя крокі ў будучыню

Аб яркіх буднях раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі Саюз моладзі” пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з першым сакратаром Таццянай Шчэрбач.
Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі Саюз моладзі” аб’ядноўвае актыўных, мэтанакіраваных і энергічных людзей, якія смела ажыццяўляюць новыя ідэі, з’яўляюцца здольнымі навучэнцамі, выдатнымі спецыялістамі, уваходзяць у склад будаўнічых атрадаў і ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Члены арганізацыі сёлета прымаюць непасрэдны ўдзел і ў рабоце па падрыхтоўцы да выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
— Таццяна Уладзіміраўна, скажыце, калі ласка, колькі чалавек у цяперашні час уваходзіць у склад вашай арганізацыі?
— Па стане на першага ліпеня бягучага года колькасць членаў раённай арганізацыі ГА “БРСМ” склала адну тысячу 721 чалавек (25 працэнтаў ад колькасці моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, якая пражывае ў раёне). У працэнтных суадносінах ад агульнай колькасці арганізацыі навучэнцы школ склалі 22 працэнты, Лепельскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя — 7,5 працэнта, ССНУ — 16, работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — шэсць, прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў — 28, ваеннаслужачыя — 17,5 працэнта і г.д.
За апошнія чатыры гады ў шэрагі раённай арганізацыі ГА “БРСМ” уступіла больш за 800 чалавек.
— Як вядома, моладзь раённай арганізацыі ГА “БРСМ” прымае ўдзел у выбарчай кампаніі…
— Так. Прадстаўнікі нашай арганізацыі плённа працавалі ў час выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га склікання, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі маладзёжнага саюза актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Сёлета ж у падрыхтоўцы да выбараў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь задзейнічана больш за 50 членаў раённай арганізацыі ГА “БРСМ”.
Выхаванне патрыятызму моладзі не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у выбарчых кампаніях. На рахунку нашай арганізацыі — сотні патрыятычных праектаў і праграм. Мы ажыццяўляем сваю дзейнасць па пяці накірунках: грамадска-патрыятычнае выхаванне, арганізацыя другаснай занятасці, дзейнасць студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, валанцёрскі рух “Добрае сэрца”, культурная, спартыўна-масавая дзейнасць і работа ў інтэрнэт-прасторы. Сумесна з органамі дзяржаўнай улады мы ажыццяўляем мерапрыемствы, якія аб’ядноўваюць шмат моладзі. Гэта конкурсы прафесійнага майстэрства, ваенна-спартыўныя гульня “Зарніца”, спартакіяда маладзёжных атрадаў аховы правапарадку, конкурсы на лепшую пярвічную арганізацыю “Школьны марафон” і іншыя.
Наша моладзь актыўна ўдзельнічае ў такіх акцыях і мерапрыемствах, як “Мы — грамадзяне Беларусі”. У час акцыі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь маладым людзям, якія робяць поспехі ў вучобе, актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Вучні школ, навучэнцы каледжа і ліцэя штогод удзельнічаюць у акцыі “Дзякуй дзеду за Перамогу”. Моладзь віншуе са святам ветэранаў, а ў Дзень Перамогі прымае ўдзел у рэспубліканскай патрыятычнай акцыі “Кветкі Вялікай Перамогі”. Члены нашай арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць таксама ў акцыі “За Беларусь!”, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — прымаюць удзел ва ўрачыстым мітынгу, дзе павязваюць людзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй чырвона-зялёныя стужкі. Сёлета мы ўпершыню прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Дзень вышыванкі”, якая праходзіла ў Мінску. Толькі ў нашым раёне на працягу двух дзён праводзіцца ваенна-патрыятычная гульня “Зарніца”. Удзельнікі гульні спаборнічаюць у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, паласе перашкод, кантрольна-турыстычным маршруце, у конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне лагера і г.д. Наша моладзь прымае ўдзел у аўтапрабегу па месцах баявой славы.
У развіцці патрыятычнага напрамку дапамогу нам аказваюць пярвічныя арганізацыі ваенных часцей, РАУС і РАНС. Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ў ваенных часцях праводзяцца экскурсіі, спаборніцтвы па зборцы-разборцы зброі для вучняў Заслонаўскай сярэдняй школы і навучэнцаў аграрна-тэхнічнага каледжа.
Хлопцы з пярвічнай арганізацыі РАНС на чале з Аляксандрам Александровічам — галоўныя памочнікі ў правядзенні акцыі “Служым Беларусі!”, “Выратавальнікі вачыма дзяцей”.
Акрамя таго, члены нашай арганізацыі дапамагаюць ва ўсіх дабрачынных акцыях саюза, з задавальненнем прымаюць удзел у турыстычным злёце, інтэлектуальных турнірах. Для забеспячэння грамадскага парадку ў час правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў і правядзення індывідуальна-прафілактычнай работы з падлеткамі, якія патрабуюць асаблівай увагі, у Лепельскім раёне створаны тры маладзёжныя атрады аховы правапарадку. Хлопцы патрулююць грамадскія месцы, вуліцы, дзяжураць на культурна-масавых мерапрыемствах. Работнікі РАУС рэгулярна арганізуюць для членаў атрадаў заняткі па навучанні навыкам самаабароны. Лепшыя прадстаўнікі маладзёжнага атрада аховы правапарадку прымаюць удзел у абласной спартакіядзе сярод членаў добраахвотных дружын.
Значную работу вядзём таксама па прафілактыцы правапарушэнняў сярод падлеткаў. З гэтай мэтай распрацаваны план узаемадзеяння РАУС і РК ГА “БРСМ”. У рамках плана штоквартальна праводзім разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы з падлеткамі, якія знаходзяцца на ўліку ў Інспекцыі па справах непаўналетніх. Традыцыйным стала правядзенне восеньскай спартакіяды, пераможцы якой удзельнічаюць у абласных спаборніцтвах.
У апошні час сярод нашых актывістаў атрымліваюць папулярнасць гульні ў пейнтбол, лазертаг і страйкбол.
— Мяркую, што не менш важным накірункам дзейнасці раённай арганізацыі ГА “БРСМ” з’яўляецца арганізацыя другаснай занятасці моладзі…
— Безумоўна. Кожны год вучні школ, навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа, дзяржаўнага прафесійнага ліцэя працуюць у будаўнічых, сельскагаспадарчых, экалагічным і сервісных атрадах. Сельскагаспадарчыя атрады выконваюць работы па сушцы збожжа, уборцы караняплодаў і лёну ў СВФ “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”, ААТ “Лядна”, ААТ “Лепельаграсэрвіс”, ААТ “Чарэйшчына” ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”, СВП “Пражэктар” ААТ “Віцебскхлебпрам”. Наша моладзь працуе ў ААТ “Лепельскі МКК”, на іншых прадпрыемствах. Экалагічны атрад заняты ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.
На тэрыторыі раёна створана і дзейнічае восем валанцёрскіх атрадаў. Валанцёры прымаюць удзел у дабрачынных акцыях і мерапрыемствах “Нашы дзеці”, “Падзяліся цеплынёй душы сваёй”, “У школу — з добрым сэрцам”. У рамках правядзення акцый “Ветэран жыве побач”, “Дзякуй дзеду за Перамогу”, “Я памятаю! Я ганаруся!” валанцёры аказваюць шэфскую дапамогу ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, працы, пажылым людзям, а таксама тым, якія адзінока пражываюць.
Мы ганарымся нашымі актывістамі. Упэўнена, што дзякуючы маладой энергіі, адказнасці і ініцыятыве нам удасца ажыццявіць яшчэ шмат новых яркіх ідэй і цікавых задум.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.