Маладыя запал і ініцыятыва

DSC_1129 Адкрытае акцыянернае таварыства «Лепельскі малочнакансервавы камбі­нат” —  самае буйное прадпрыемства Лепельшчыны, якое забяспечвае большасць паступлення сродкаў у раённы бю­джэт. У цяперашні час тут працуе адна 713 чалавек, сярод якіх 204 маладых работнікаў: 26 спецыялістаў і 178 рабочых. Кожны год на прадпрыемст­ва прыяз­джаюць працаваць маладыя спецыялісты. Сёлета працоўны штат маладых работні­каў папоўнілі адзін майстар кансервавага цэха, два слесары кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі і кантралёр харчовай прадукцыі.

Вельмі прыемна, што моладзь прадпрыемства прымае актыўны ўдзел у многіх творчых мерапрыемствах, конкурсах прафесійнага майстэрства, ажыццяўляе новыя ідэі. Многія з маладых работнікаў з’яўляюцца актыўнымі членамі пярвічнай арганізацыі РК ГА “БРСМ”. Аб яркіх буднях моладзі расказвае сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” Таццяна Кузняцова.

— Маладых актывістаў ААТ “Лепельскі МКК” мы бачым у час правядзення многіх мерапрыемстваў, гарадскіх святаў…

— Вядома. Моладзь, якая працуе на прадпрыемст­ве, складае адну вялікую згуртаваную каманду. Кожны год мы прымаем удзел у народных святах. Сёлета, як і ў папярэднія гады, ярка і запамінальна прайшло святкаванне Калядаў. Акрамя Дзеда Мароза і Снягурачкі шчыра запрашалі гасцей да падвор’я прадпрыемства казачныя персанажы: Ціграня, Заяц, Вавёрка, Кацяня, Мядзведзь і іншыя героі. Увазе гледачоў была падрыхтавана яркая сцэнічная мініяцюра, сваімі спевамі ўразіла гасцей наша самадзейная спявачка Алена Падгол.

Кожны год лепшыя спарт­смены нашага прадпрыемства прымаюць актыўны ўдзел у правя­дзенні лёгкаатлетычнай эстафеты на прызы раённай газеты “Лепельскі край”, дзе заўсёды займаюць прызавыя месцы.

Некалькі год запар мы паспяхова прымалі ўдзел у правядзенні водна-спартыўнага свята, прысвечанага Дню моладзі, што праходзіла на гарадскім пляжы. У ходзе мерапрыемства патрэбна было зрабіць замак з пяску, стварыць лепшы малюнак на целе. Праходзілі таксама паядынкі па перацягванні каната, гульня ў валейбол. На працягу некалькіх год каманда нашага прадпрыемства займала толькі прызавыя месцы.

Мы пастаянна ўдзельнічаем у спартакіядах, турыстычных злётах, якія праводзяцца сярод працоўных калектываў. Не адзін год каманда ААТ “Лепельскі МКК” паспяхова выступала ў інтэлектуальнай гульні “Брэйн-рынг” сярод працоўнай моладзі.

Добра праявіла сябе каманда нашага прадпрыемства і на сёлетніх IX абласных спаборніцтвах санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны. Нашу каманду выдатна прадставілі капітан — Сяргей Андрэйчык і ўдзельнікі Іван Багдановіч, Марына Вершалоўская, Ганна Жарнасек, Арцём Антоненка, Кацярына Карбоўская, Таццяна Кірылюк, Арцём Аўтух, Сяргей Каляга, Кацярына Якубовіч, Віталь Жданаў , Вольга Дзёмушкіна, Пётр Хрышчынка і іншыя работнікі. Сёлета ў спаборніцтвах мы занялі ганаровае трэцяе месца.

Ярка і запамінальна праходзяць таксама мерапрыемствы і ў працоўным калектыве. Сталі добрай традыцыяй конкурсы “Лепшы па прафесіі”, якія заўсёды збіраюць шмат удзельнікаў і гледачоў. Спецыялістам адпаведнай галіны патрэбна прайсці некалькі этапаў. Лепшыя атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды. Шмат удзельнікаў сабраў конкурс “Лепшы па прафесіі” сярод работнікаў будаўнічага цэха. Не менш цікава прайшоў конкурс “Лепшы вадзіцель” сярод работнікаў аддзела транспарту. Маладыя актывісты прадпрыемства рыхтуюць прыемныя сюрпрызы для сваіх калег напярэдадні розных святаў. Сёлета Дзед Мароз і Снягурачка, ролю якой выконвала я сама, падрыхтавалі для работнікаў ААТ “Лепельскі МКК” смачныя падарункі. Уваходзілі ў кожны цэх і ад душы віншавалі самаадданых працаўнікоў.

Маладыя актывісты нашага раёна прымаюць таксама актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца раённым камітэтам грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Пяцёра членаў нашай пярвічнай арганізацыі ў мінулым годзе ажыццявілі паездку ў Санкт-Пецярбург.

Зараз мы рыхтуемся да правядзення Дня горада, які па традыцыі праходзіць у верасні. Актыўна запрашаем моладзь прадпрыемства прыняць удзел у фотаконкурсе “Мая малая Радзіма”, які будзе праходзіць у рамках святкавання Дня горада.

— Таццяна Аміраўна, вядома, што маладыя актывісты прадпрыемства — гэта ваш гонар. Прадстаўце іх, калі ласка, нашым чытачам. 

— Нашы выдатныя спарт­смены — гэта Святлана Карбоўская, Аляксандр Жарнасек, Андрэй Кузняцоў і Вадзім Баневіч. Выдатна іграе ў шахматы Віктар Прохараў. У перацягванні каната на турыстычных злётах, спартакіядах нам не абысціся без Максіма Любавецкага і Андрэя Ермаковіча. Віктар Мензурэнка — наш актыўны футбаліст і лёгкаатлет. Кацярына Емяльянава — наша лепшая мастачка. Ганарымся мы таксама і сваімі артыстамі. Гэта цудоўныя спевакі Алена Падгол, Андрэй Шалкоўскі, які да таго ж выдатна грае на гітары. Ва ўсіх мерапрыемствах, гарадскіх святах актыўна ўдзельнічаюць Алёна Літвінчук, Раман Альхімовіч, Арцём Аўтух, Алена Аўдзеева, Алена Баранава, Яўгенія Шаліманава і іншыя работнікі прадпрыемства.

— Упэўнена, што маладыя актывісты ААТ “Лепельскі МКК” прымаюць актыўны ўдзел і ў падрыхтоўцы да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь…

 — Многія маладыя работнікі сталі членамі ініцыятыўнай групы па падтрымцы кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Як і ў папярэднія гады, нашы актывісты ўваходзяць у склад участ­ковых выбарчых камісій.

У будучым нам вельмі хацелася б ажыццявіць шмат новых яркіх ідэй. Упэўнена, што дзякуючы энергіі, мэтанакіраванасці і аптымізму нашай моладзі ўсе яны паспяхова здзейсняцца.

 Інтэрв’ю правяла

Святлана

СІЛЬВАНОВІЧ.

На здымку: маладыя актывісты ААТ

“Лепельскі МКК”.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.