Малако — толькі першым гатункам

IMG_7863 З першага верасня ўступілі ў сілу новыя дзяржаўныя стандарты ў харчовай вытворчасці. Некаторыя іх палажэнні тычацца якасці малака. У прыватных малаказдатчыкаў з’явіўся шэраг пытанняў, на якія аўтар гэтых радкоў паспрабуе даць адказы разам з кампетэнтнымі спецыялістамі. Першым суразмоўцам стаў начальнік аддзела нарыхтовак ААТ “Лепельскі МКК” Дзмітрый Барадзейка.

— Дзмітрый Міхайлавіч, з чым звязана прыняцце новых стандартаў якасці?

— З агульнасусветнымі тэндэнцыямі. Як правіла, у канкурэнтнай барацьбе высокія патрабаванні да якасці. Часта гэтыя прэтэнзіі бываюць і завышанымі. Каб абараніцца ад іх, трэба вырабляць прадукцыю высокіх, міжнародна прызнаных стандартаў якасці. А такую не зробіш з дрэннай сыравіны. Якасць канчатковага прадукту пачынаецца яшчэ з поля, малочнатаварнай фермы, з падворка, дзе гадуюць карову, каб здаваць малако.

 — Напомніце, якімі гатункамі цяпер прымаецца малако на камбінат і якія крытэрыі?

— Самы высокі гатунак — “экстра”. За ім ідзе вышэйшы, а завяршае класіфі­кацыю першы. Другога гатунку няма, пра яго час забыць. На вызначэнне гатунку ўплываюць наступныя паказчыкі: кіслотнасць, шчыльнасць, чысціня, наяўнасць антыбіётыкаў, бактэрыялагічная абсемененасць. Гэтыя параметры аналізуюцца кожны дзень, з кожнай партыі сыравіны. На колькасць саматычных клетак аналізы робяцца адзін раз у дэкаду. Апішу працэс. З кожнай машыны, кожнай ёмістасці, якая прыбывае на прыёмны пункт, бяруцца пробы на экспрэс-аналізы. Тэставанне займае некалькі хвілін, пасля чаго лабаранты даюць згоду на выгрузку.

— Ці былі выпадкі вяртання малака з-за недастатковай якасці і якія паказчыкі былі крытычнымі?

— Трэцяга верасня вярнулі 714 кілаграмаў малака, прывезенага з КУП “Салют-Агра”. Гэта зона СВФ “Заазер’е”, Стайскі сельсавет. Там было перавышэнне кіслотнасці — 19 градусаў па Тэрнэру пры максімальна дапушчальных 18 градусах.

Дзясятага верасня непрыемны сюрпрыз прыехаў з Ушацкага раёна, з ААТ “Дземенец”. Прывезлі 1,1 тоны малака, дзе колькасць саматычных клетак даходзіла да 1,5 мільёна на кубічны сантыметр. Напомню, што максімальна дапускаецца да 500 тысяч.

І вось ушацкае прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Стаўр”, якое займаецца зборам і дастаўкай малака ад насельніцтва, прывезла 720 кілаграмаў. Нашы лабаранты двойчы ўзялі пробы, абедзве паказалі кіслотнасць 19 градусаў па Тэрнэру.

— Што цяпер бу­дзе з гэтым малаком?

— Яго адвязуць назад. Мы не маем права прымаць такую сыравіну.

— Якім чынам пазбегчы правалаў у якасці?

— Высокая колькасць саматычных клетак сведчыць часцей за ўсё пра дрэнны фізічны стан жывёлы, што яна хварэе. У такім выпадку трэба звяртацца да ветэрынараў, каб тыя выдзелілі патрэбныя прэпараты, лекі. Аднак і тут варта захоўваць пільнасць, каб малако з антыбіётыкамі не трапіла ў агульную бочку. Адзін літр такога малака сапсуе цэлую цыстэрну. Спецыялісты-ветэрынары за гады працы добра авалодалі працэсам, таму гаспадарам варта прыслухоўвацца да іх рэкамендацый і выконваць.

Не менш важная і прафілактыка. Хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Калі загадзя зрабіць ін’екцыі, то ў далейшым можна засцерагчыся.

Бывае, што колькасць саматычных клетак павышаецца з узростам каровы. Маладая, да чатырох-пяці гадоў, жывёла дае ідэальнае малако гатунку “экстра”. З узростам якасць зніжаецца. У такім выпадку гаспадарам варта займацца шматгадовым планаваннем, загадзя гадаваць змену старым каровам.

Прычына кіслотнасці — дрэннае захаванне малака непасрэдна перад здачай. Уявіце сабе наступную сітуацыю, якая, дарэчы, складваецца амаль у кожнай вёсцы. Палова гаспадароў падаіла кароў рана, у чаканні малаказборшчыка паставілі слоікі ў халадзільнік, дзе малако астыла да аптымальнай тэмпературы 10 градусаў па Цэльсію. Другая ж палова прачнулася позна, толькі падаілі кароў і залілі малако цёплае. Бываюць адзінкавыя выпадкі, калі і вячэрняе малако не ставіцца ў халадзільнік, а захоўваецца да раніцы ў сенцах. Збіраючы малако, вадзіцель ездзіць ад дзвюх да чатырох гадзін. Што можа стаць з цёплым малаком? Калі зімой гэтая праблема крыху выпраўляецца агульнай нізкай тэмпературай надвор’я, то што будзе рабіцца летам? Таму ўжо зараз гаспадарам трэба прывыкаць ахало­джваць малако перад здачай.

Яшчэ адзін пункт — раскіданасць падворкаў. Напрыклад, у Новых Валосаві­чах здаюць малако 15 чалавек. Вадзіцелю трэба аб’ехаць іх усіх. Перад кожным домам спыніцца, узяць слоікі, падняцца, заліць у цыстэрну, спусціцца на зямлю, аднесці посуд на месца, сесці ў машыну. Каля наступнай сядзібы працэс паўтараецца. Калі кіроўца малады, ён гэта робіць хуценька. А ў нас жа шмат пажылых, якія не паспяваюць упраўляцца. Працэс зацягваецца — малако падкісае.

— Як паскорыць?

— Дамаўляцца. Напрыклад, каб пяць — сем суседзяў дамаўляліся і адносілі малако на адно месца. Вадзіцель хуценька яго заліе і пераедзе да наступнага. Такім чынам, на збор малака часу будзе траціцца ўдвая менш.

Невялікі каментарый дала спецыяліст сектара механізацыі і інтэнсіфікацыі сельгасвытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Вера Мацюш:

— Яшчэ летам у райвыканкаме былі праведзены дзве нарады, на якія збіралі кіраўнікоў сельгасарганізацый, заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў. Перад імі выступалі спецыялісты МКК. Ім расказвалі пра новыя патрабаванні, вучылі, як даглядаць жывёлу, каб атрыманае малако адпавядала высокім стандартам.

Вяскоўцам жа магу парэкамендаваць наступнае. У першую чаргу ўдзяляць увагу агульным умовам утрымання жывёлы, якасці кармоў. Па-другое, пільна сачыць за станам здароўя каровы. І абавязкова звяртацца да ветэрынараў пры патрэбе.

Ну і вядома, не трымацца за старую карову. Пры дасягненні шасці-сямі гадоў варта ўжо думаць пра замену, гадаваць цялушку.

Васіль МАТЫРКА.

 На здымку: у прыёмным цэху.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.