Малая родина должна быть красивой, ведь она у нас одна

img_7859 Мы марым пра далёкія вандроўкі, пахваляемся, з’ездзіўшы на адпачынак у заморскія краіны, лічым прэстыжным пакінуць роднае гняздо і пасяліцца ў гарадскіх “шпакоўнях”, на сёмым небе, каб не па зямельцы хадзіць на сотках, а пасвіць там аблокі ў “высотках”. Мы нават і не думаем, наколькі ненатуральныя гэтыя нашы мары, наколькі хібнае паняцце, што за блізкім светам лепей, што на малой радзіме павінен застацца хтосьці іншы, ды не я. Усюды добра, дзе нас няма, а на бацькаўшчыне — лепей.

Аднак ёсць людзі, якія не імкнуцца ў хмарачосы і не прагнуць бліскучых агнёў вялікіх гарадоў. Вось, напрыклад, Людміла Шапавалава са Слабады. Там нарадзілася, там жа звіла сваё гняздоўе, знайшла занятак па душы. І ўжо не ўяўляе сябе без роднай амбулаторыі, дзе працуе трыццаць чатыры гады. І ўжо стала часціцай бацькаўшчыны, дзе прайшлі лепшыя гады яе жыцця.
У маладосці, бывае, робіш неабдуманыя рашучыя крокі, якія карэнным чынам уплываюць на твой лёс і надзейна стагуюць яго, як добры гаспадар спрытны стажок. Вось так і Людміла. Разам са стрыечнай сястрой Ларысай Мацкевіч паступалі вучыцца на фельчара. Хіба гэта быў іх свядомы выбар? Ну, нешта чулі дзяўчаты пра медыцыну, крыху дабавілі ўяўлення, крыху рамантыкамі былі. Маладыя, рашучыя. Здавалася, усе вяршыні ім пакарацца. Праўда, замахнуцца на медінстытут не адважыліся, зрабілі пасільны і рэальны выбар — і не прамахнуліся. Тры гады вучобы праляцелі імкліва. І калі б не было таго юначага парыву, Ларыса не працавала б зараз старшым фельчарам на “хуткай дапамозе” ў Лепелі, а Людміла не вярнулася б у белым халаце ў родную Слабаду. Як зараз памятае той панядзелак, другога красавіка 1984 года. Жартуе, што ледзьве не на дзень смеху да працы прыступіла. Смех смехам, а вярнулася яна тады ў Слабаду ўсур’ёз і надоўга. А незваротнасць свайго вяртання для пэўнасці падмацавала шлюбам з мясцовым механізатарам. Дом калгасны атрымалі — добры, цёплы. Зараз яго прыватызуюць. А галоўнае, што амбулаторыя, куды размеркавалі Людмілу, аказалася ледзьве не на двары. Дадому — пяць крокаў. Чаму ж не працаваць! Прыйшла на паўстаўкі фельчара-лабаранта і медсястры. Вядома, працы хапала. У амбулаторыі надта не заседжвалася, трэба было ездзіць і па ўчастку, ды даволі вялікім. Зрэшты, папрацавала тады нядоўга, неўзабаве пайшла ў дэкрэтны, нарадзіла Сашу. А выйшла ўжо паставой сястрой, а праз тры з паловай гады Дзіма нарадзіўся. Вось у яе два сыны. Жартуе, што ў той час дзяўчат у радзільным доме не прадавалі.
Паставой працавала гадоў пятнаццаць. Затым, зноў жа, гадоў пятнаццаць, узначальвала амбулаторыю. Няпросты быў гэта час. Іншым разам і цвікоў не ведалі, дзе дастаць. Менавіта пры ёй рабілі грунтоўны рамонт, была ўзведзена прыбудова, дзе зараз размяшчаюцца, фізкабінеты, лабараторыя, сталовая.
Зараз кіруе амбулаторыяй урач, а яна, Людміла Іванаўна, так і засталася фельчарам. У інстытут так і не сабралася, насталі іншыя клопаты — сям’я, дзеці. Ды працы ў любой якасці хапае. На абслугоўванні ў амбулаторыі тысяча сямнаццаць чалавек з трынаццаці вёсак. Працуе ўрач-тэрапеўт і два фельчары — вядуць прыём, выязджаюць на выклікі…
Сыны ў Людмілы — малайцы. Саша закончыў інстытут фізічнай культуры. Трэнер па лыжах. Дзіма — майстар лясной гаспадаркі. У старэйшага ўжо дачка. Дзеля любімай унучачкі Евы бабуля нічога не пашкадуе. Ёй і шарыкі тварожныя, ёй і запяканачку. Справа звыклая. У свой час жа карову трымалі. А карова — гэта штодня малако, якое трэба своечасова перапрацоўваць, каб не выкінуць, не выліць. Вось і ўспрытнілася Людміла рабіць розныя малочныя прысмакі. Цяпер ужо каровы амаль сышлі ў нябыт, і ў Слабадзе трымаюць іх лічаныя гаспадары. А вось агарода пакуль ніхто не адмяняў. І растуць у Шапавалавых, як і ва ўсіх руплівых вяскоўцаў, і бульбачка, і капуста, і памідоры спеюць у парніках, і перцу расады насадзіла. Плятуцца па падворку розныя сарты вінаграду. Летась, праўда, падмерзлі крыху, а сёлета зноў спадзяванне на добры ўраджай. А колькі ж у яе кветак! І ў хаце падаконнікі ўсе застаўлены, і ля хаты ўлетку ўсё ў квецені. Любіць Людміла вяргіні. Розныя і незвычайнай прыгажосці кусцяцца яны ў кветніку, спаборнічаюць хараством з ружамі, якіх таксама нямала — і чайных, і пляцістых. Крокусы вунь ужо зацвітаюць, не паспеў і снег сысці.
Маленькая радзіма павінна быць прыгожай, бо яна ж у нас адна. І хто б што ні казаў, хто б там ні пацвельваўся з нашай вясковай прывязанасці і адданасці — нам тут жыць. І будзем рабіць сваю радзіму яшчэ прыгажэйшай, пакуль будзем жывыя.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: фельчар Людміла Шапавалава.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.