Мароз — не перашкода для азімых

15Першая палова зімы выдалася анамальна цёплай, сярэднясутачная тэмпература толькі некалькі разоў апускалася да адзнак ніжэй за нуль, а потым зноў падымалася. Напрыклад, паводле даных раённай метэастанцыі, сярэднясутачная тэмпература апошняй дэкады снежня склала +2ОС. Надакучылі слота, дождж. А як жа адчуваюць сябе ў такіх умовах азі­мыя пасевы?
Паводле сведчанняў спецыялістаў, азімыя культуры з восені паспелі набраць сілу, назапасіць пажыўных рэчываў, найперш — цукру, таму пачатак каляндарнай зімы сустрэлі ў гатоўнасці. З паніжэннем тэмпературы да нуля градусаў вегетатыўныя працэсы ў раслінах істотна замарудзіліся, спажыванне назапашаных рэчываў істотна скарацілася, але пры гэтым цалкам не спынілася, што не зусім добра. А пры кароткачасовых пацяпленнях да +5ОС і вышэй расход пажыўных рэчываў адбываецца з большай інтэнсіўнасцю.
Перарасход жа можа самым негатыўным чынам адбіцца на будучым ураджаі. Падобную сітуацыю гаспадаркі раёна перажывалі летась, калі з-за зацяжной зімы, каб дачакацца надыходу цяпла, расліны расходавалі свае пажыўныя рэчывы, у выніку чаго ў вегетатыўны перыяд увайшлі аслабленымі. Неспрыяльнае засушлівае лета давяршыла справу, недабор збожжа дасягнуў 25%.
Напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Хрышчэння ўдарылі зімовыя маразы. Расказвае аграметэаролаг Лепельскай метэастанцыі Валянціна Гатоўка:
— Паводле нашых назіранняў, тэмпература паветра ў ноч з 16 на 17 студзеня апусцілася да -15, месцамі да -19ОС. Мяркуецца, што такое надвор’е захаваецца ў бліжэйшыя дні. Вышыня снежнага покрыва на тэрыторыі станцыі адзначана на ўзроўні чатырох сантыметраў.
— Наколькі такое цячэнне першай паловы зімы анамальнае для Лепельшчыны?
— Многія памятаюць зіму 2003 — 2004 гадоў, калі ўвесь снежань стаяла цёплае, сырое надвор’е, амаль такое, як сёлета, а літаральна ў навагоднюю ноч прымарозіла і пасыпаў снег, надышла сапраўдная зіма. Хрышчэнне — пара моцных маразоў. Так, у 2006 годзе 19 студзеня зафіксавана сярэднясутачная тэмпература -26ОС, а ноччу слупкі тэрмометраў апускаліся да -28ОС. Затое праз год, у 2007-м, сярэднясутачная тэмпература 19 студзеня склала +4ОС, днём падымалася да +7,5ОС.
— Які ў дадзеных умовах стан азімых пасеваў?
У адказ Валянціна Аляксандраўна запрасіла праехаць разам з ёй на доследнае поле для фіксавання кантрольных параметраў. Выехалі на адзін з палеткаў КУВСГП “Лепельскае”, што знаходзіцца перад Вялікім Поўсвіжам. Поле засеяна азімым жытам. Відаць, што аграном, механізатары добра зрабілі сваю справу, глеба выпрацавана старанна, усходы раўнамерныя. Снегу выпала пакуль што мала, таму парасткі зелянінай праглядаюць з-пад яго.
Робім замеры вышыні снегавога покрыва — чатыры сантыметры. Гэтага, безумоўна, мала. Глыбіня прамярзання глебы ў залежнасці ад рэльефу мясцовасці вагаецца ад 13 да 15 сантыметраў. На глыбіні залягання вузла кушчэння (тры сантыметры ад паверхні) тэмпература апусцілася толькі да -1ОС.
Прашу аграметэаролага пракаментаваць паказчыкі.
— Усходы добрыя, моцныя, з дастатковым запасам пажыўных рэчываў, таму кароткатэрміновыя пахаладанні ім не страшныя, нават, наадварот, патрэбныя. Паколькі снегавое покрыва велькі тонкае, паступова будзе паглыбляцца і ўзмацняцца прамярзанне ўрадлівага слою глебы. Аднак працэс гэты няхуткі, бо ў ранейшы перыяд зямля назапасіла цяпло, якое будзе аддаваць пакрысе, у тым ліку і раслінам. Інтэн­сіўных снегавых ападкаў не прагназуецца. Пакуль што значных пагроз для азімых пасеваў не бачыцца.
— Якімі ж бачацца далейшыя перспектывы зімавання?
— Паводле плана назіранняў, у канцы студзеня мы з палеткаў возьмем узоры парасткаў, праросцім іх ва ўмовах, блізкіх да веснавых. На ўсё спатрэбіцца каля двух тыдняў. У выніку мы ўбачым, які працэнт раслін выжыў, захаваў сілы для далейшага росту, колькі парасткаў загінула, вызначым прычыны гібелі. Па магчымасці выпрацуем рэкамендацыі для сельгасвытворцаў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: аграметэаролаг Валянціна Гатоўка праводзіць кантрольныя замеры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.