Маторнае масла і бензін запалалі вогненнай сцяжынкай і ахапілі ўчэпістымі абдымкамі дзверы пабудовы сельгасарганізацыі, што на Лепельшчыне

У КУВСГП “Лепельскае” ў свой час адвялі асобнае памяшканне пад прарабскую, ці як некаторыя называлі памяшканне — пад бытоўку. У ім захоўваліся на тую пару і таварна-матэрыяльныя каштоўнасці. Бываў там і раней судзімы Мікалай Пугачоў, бо працаваў у сельгасарганізацыі.
А ў той чэрвеньскі дзень, як засведчыў потым грамадзянін на судзе, ён разам са знаёмым спаражнілі дзве бутэлькі піва па два літры кожная. Знаёмец пакрочыў па сваіх справах, а Мікалай завітаў у бытоўку, што ў Вялікім Поўсвіжы месціцца. Навошта? Адказ вельмі празаічны: захацеў, маўляў, пераначаваць. Прыкмеціў адразу бензін у каністры і бутэльку маторнага масла. Карацей кажучы, гаручую вадкасць заўважыў. І думкі злачынныя завіравалі ў галаве. Наважыўся адпомсціць свайму “крыўдзіцелю” А.І. Лівінцу, у падначаленні якога рабіў. Завошта? На погляд М. Пугачова, яго начальнік нібыта змізэрыў заробак. І таму помста хмарай завіхурыла ў галаве. Ведаў жа, што матэрыяльныя каштоўнасці знаходзіліся ў падсправаздачы начальніка.
— Падпалю бытоўку! — мільганула думка.
Схапіў і выліў з бутэлькі маторнае масла, потым чарга дайшла да бензіну. Выліваў яго “сцяжынкай”. Неўзабаве смярдзючая сцежка запалала. Вогненны раўчук жвава пабег да памяшкання. Загуў агонь. Відовішча, відаць, напалохала падпальшчыка. І ён забег унутр бытоўкі. Па яго словах, хацеў тое-сёе ўратаваць. Ды ўдыхнуў порцыю едкага дыму і прысеў на канапу. Уратаваў Мікалая ад магчымай смерці прыход наглядна знаёмых будаўнікоў сельгасарга­нізацыі. Небараку вывелі на свежае паветра. Паспелі ў пару, бо і агонь самі ўтаймавалі.
А.І. Лівінец на судзе даводзіў, што М. Пугачоў прагульваў рабочыя дні, таму і меў адпаведны заробак. Ніякіх непрыязных адносін да падначаленага не меў. Рабочы мог ведаць, дзе ляжыць ключ ад памяшкання, бо заходзіў туды па рабоце.
Увечары яму патэлефанаваў Н.В. Разановіч, які агарошыў жудаснай весткай: гарыць будынак прарабскай. А.І. Лівінец папрасіў яго разам з іншымі будаўнікамі патушыць загаранне. Сам неадкладна выправіўся да месца пажару. Да яго прыезду ўжо нічога не гарэла. На пажарышчы бачыў М. Пугачова з трыма рабочымі гаспадаркі. Пазваніў у міліцыю і паведаміў аб падпале.
Грамадзяне Вабішчэвіч, Рэзановіч і Каляда працавалі ў “Лепельскім” будаўнікамі. Пражывалі на другім паверсе майстэрні, дзе ім адвялі асобны пакой пад часовае жыллё. Вокны акурат выхо­дзяць у бок прарабскай. Заўважылі там агонь. Утрох кінуліся ратаваць будынак. Гарэла падлога веранды і абшыўка ўваходных дзвярэй. Вабішчэвіч з Рэзановічам перакулілі бочку з пяском і патушылі падручнымі сродкамі полымя. Тым часам Каляда вывеў з памяшкання Пугачова.
Суд прызнаў М.Л. Пугачова вінаватым у замаху на наўмыснае знішчэнне і пашко­джанне маёмасці, якое ўчынена небяспечным спосабам і пацягнула нанясенне ўрону ў буйным памеры. Пакаранне па сукупнасці прыгавораў — два з паловай года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію адкрытага тыпу.
Па праўдзе кажучы, фінал нашай судовай гісторыі мог мець больш трагічныя наступствы, калі б своечасова не падаспелі рабочыя сельгас­арганізацыі. У агні маглі згарэць тавара-матэрыяльныя каштоўнасці больш як на 72 мільёны рублёў. Аднак адбылося, на шчасце, тое, што адбылося. Матэрыялы выратаваны, вінаваты пакараны. Урок не толькі для падпальшчыка, але і для ўсіх, хто свядома ці пад­свядома робіць замах на грамадскае дабро.
Мікалай
КАЗЛОЎСКІ,
суддзя суда
раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.